wd wp Пошук:

Аляксей Нічыпаравіч Карпюк

Аляксей Карпюк (14 красавіка 1920, в. Страшава каля Гарадка, цяпер Беластоцкае ваяводства, Польшча — 14 ліпеня 1992, Гродна) — беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I і II ступені, медалямі і залатым крыжам польскага ордэна «Віртуці Мілітары». Заслужаны работнік культуры БССР (1980). Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І. Мележа (1986) за кнігу «Сучасны канфлікт».[3].

Біяграфічныя звесткі

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і[3], бацька быў сябрам КПЗБ[4]. У 1934 годзе скончыў сямігодку[4] і ў 1938—1939 гадах вучыўся ў польскай гімназіі ў Вільні, пасля яе закрыцця, у 1939—1941 — у Навагрудскім педагагічным вучылішчы (разам з У. Калеснікам[4]). У гады нямецка-фашысцкай акупацыі ўваходзіў у склад падпольнай дыверсійнай групы. Падчас адной з дыверсій на чыгунцы (кан. 1942) быў арыштаваны і адпраўлены ў беластоцкую турму, а адтуль у канцлагер Штутгоф[3][4], што адаб’ецца на яго далейшай біяграфіі[4]. Увосень 1943 уцёк з лагера і прыняў удзел у партызанскай барацьбе. У 1944 быў камандзірам партызанскага атрада імя К. Каліноўскага на Гродзеншчыне. У 1944—1945 служыў у Савецкай Арміі, удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы і Германіі. Двойчы паранены, інвалід II групы[4]. У 1947 уступіў у КПСС[4]. Скончыў аддзяленне англійскай мовы Гродзенскага педагагічнага інстытута (1949).

Працаваў загадчыкам Сапоцкінскага РАНА (1949—1951), дырэктарам Біскупцкай сямігадовай школы Ваўкавыскага раёна (1951—1953). У друку дэбютаваў у 1953 аповесцю «У адным інстытуце»[3]. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1953. Працаваў у Гродзенскім педінстытуце (1953—1955), у абласной газеце «Гродзенская праўда» (1955—1957), уласным карэспандэнтам газеты «Літаратура і мастацтва». У 1961 скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. З 1961 — загадчык агенцтва «Інтурыст» (Гродна), з 1965 — сакратар Гродзенскага абласнога аддзялення СП БССР, з 1970 — упаўнаважаны УААП па вобласці, у 1977—1981 — дырэктар Рэспубліканскага музея атэізму і гісторыі рэлігіі ў Гродна (адзін з самых нацыянальных па духу музеяў Беларусі ў савецкія часы[4]). З 1978 — зноў сакратар Гродзенскага аддзялення СП БССР[3], у 2-ой пал. 1980-х актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці Гродна: адзін з актывістаў БНФ, адзін з заснавальнікаў ЗБС «Бацькаўшчыны», меў цесныя кантакты з клубам «Паходня»[4].

Творчасць

А. Карпюк вядомы як аўтар твораў пра жыццё Заходняй Беларусі ў 1-й пал. 19 ст. — тэме, якая дазваляла ва ўмовах савецкай цэнзуры раскрываць некаторыя старонкі нацыянальнай гісторыі (аповесць «Данута», раман-быль «Вершалінскі рай» і інш.). Вакол А. Карпюка ў Гродне ў 1960-1970-х узнік своеасаблівы клуб вольнадумнай інтэлігенцыі. У розныя часы з гэтым асяродкам кантактавалі Васіль Быкаў, Данута Бічэль-Загнетава, Вольга Іпатава, Браніслаў Ржэўскі. А. Карпюк падтрымліваў кантакты з пісьменнікамі-дысідэнтамі ў СССР[4]. Сам А. Карпюк пашыраў забароненую ў БССР літаратуру, ліставаўся з А. Салжаніцыным, які перадаў яму для магчымай публікацыі сваю п’есу «Свеча на ветру» і апавяданні «Правая кисть» і «Как жаль!»; кантактаваў з сям’ёй Геніюшаў. Тэлефонныя размовы А. Карпюка пачалі праслухоўваць, у яго кватэры рабіліся тайныя вобыскі. Аднойчы нехта папярэдзіў пра мяркуемы вобыск — тады Карпюк знішчыў лісты А. Салжаніцына, самвыдат (напрыклад, раман Я. С. Гінзбург «Крутой маршрут» і г.д.). Паводле ўспамінаў жонкі Карпюка, «нелегальную прадукцыю… ўначы склалі і ўтапілі, … але нешта і захавалася».[4]

20 чэрвеня 1969 старшыня КДБ СССР Ю. Андропаў накіраваў у ЦК КПСС сакрэтны ліст, дзе гаварылася: «Комитет государственной безопасности Белоруссии располагает данными о политически нездоровых настроениях белорусских писателей — члена КПСС Карпюка и Быкова… Карпюк нелегально распространяет среди своих знакомых различные пасквили в виде книги Гинзбурга-Аксёнова „Крутой маршрут“ и другие. Отрицательно воздействует на молодёжь… Комитетом госбезопасности Белоруссии с санкции ЦК компартии республики готовятся мероприятия, направленные на предотвращение возможных враждебных акций названных лиц». 21 красавіка 1972 А. Карпюк быў выключаны з КПСС па абвінавачванні ў нацыяналізме, кулацкім паходжанні, хлусні пра сваё мінулае — лагерныя дакументы (цяпер на месцы гэтага лагера, які знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы, створаны музей) былі сфальсіфікаваны афіцэрамі КГБ Фаміным і Клімовічам. У 1970—1972 не мог нідзе ўладкавацца на працу. А.Карпюк прабіваўся да П.Машэрава, і той дапамог яму — у красавіку 1973 А. Карпюку далі вымову (за выступы супраць афіцыйнай палітыкі партыі) і аднавілі ў партыі. Назіранні за А. Карпюком усё адно працягваліся, але, як сведчаць сучаснікі, «не было ніводнага якога-небудзь прадстаўнічага пісьменніцкага форуму ў Беларусі, дзе б не выступаў Карпюк… ён не саромеўся казаць праўду», «не было ни одного собрания в Союзе писателей, на котором не выступил бы Карпюк и не „врезал“ бы по первое число какому-нибудь освиневшему главначпупсу — партийному или литературному». Сын А.Карпюка Іван напісаў у маі 1976 ліст, адрасаваны Андропаву, дзе гаварылася, што яму, выдатніку МІФІ, не даюць уладкавацца на працу, бо на ім нейкае таўро.[4]

У 1989 годзе А. Карпюк актыўна праяўляе сябе як публіцыст — публікуе шэраг артыкулаў са сваёй трактоўкай, далёкай ад афіцыёзнай ацэнкі, падзей 1939[5]. Бюро Гродзенскага абкаму КПБ прымае спецыяльную пастанову пра гэтыя артыкулы, дзе сцвярджаецца, што «Карпюком субъективно, односторонне показана освободительная миссия Красной Армии в сентябре 1939 года, по-своему трактуется отношение жителей к воинам и ход коллективизации в 40-50-е годы». Менавіта гэтая пастанова стала падставаю для напісання Васілём Быкавым артыкула ў абарону Карпюка. А.Карпюк стаў аб’ектам нападак у часопісе «Политический собеседник», дзе пра яго былі пададзеныя фальшывыя звесткі. Карпюк падаў у суд на аўтара артыкула і 2 красавіка 1991 выйграў працэс. Вярхоўны Суд БССР 12 ліпеня 1991 пацвердзіў асноўныя пункты судовага выраку. 5 красавіка 1991 Карпюк выйшаў з КПСС, матывуючы гэта тым, што «разуверыўся ў прынцыпах марксізму-ленінізму ды прыйшоў да высновы, што ідэі яго ўтапічныя, …прыдуманыя бюракратамі ў кабінэтах», але партыйны білет пакінуў сабе «на памяць аб летуценьнях сваёй маладосьці».[4]

Творы

Выйшлі кнігі аповесцей і апавяданняў «Дзве сасны» (1958), «Данута» (1960), «Мая Гродзеншчына» (нарыс, 1960), «Пушчанская адысея» (1964), «Чаго мы варты» (бібліятэка газеты «Голас Радзімы», 1970), «След на зямлі: Скарбы і здабыткі маёй Гродзеншчыны» (1972), «Вершалінскі рай» (1974), «Ольга Корбут» (1977), «Свежая рыба» (1978), «Партрэт» (1983), «Сучасны канфлікт» (1985), «Дзве сястры» (казка, 1986), раман «Карані» (1988). У 1991 г. напісаў аповесць «Белая дама», дзе ўзнавіў падзеі беларускай гісторыі часоў ВКЛ. Выбраныя творы ў 2 тамах выйшлі у 1980 і 1990—1991 гг.[3], а таксама Выбраныя творы (2007) ў серыі «Беларускі кнігазбор»[6].

Ушанаванне памяці

Дакументы[4]

Крыніцы[4]

Зноскі

  1. 1 2 Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #140250913 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 2 мая 2014.
  2. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #140250913 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 31 снежня 2014.
  3. 1 2 3 4 5 6 Гардзіцкі…
  4. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 Дэмакратычная…
  5. Карпюк А. Печальные были // Гродненская правда 20-21.07.1989; Карпюк А. Чтобы больше было правды // Гродненская правда 05.10.1989; Карпюк А. Варашылаўскія стралкі // ЛіМ. 20.10.1989.
  6. У «Беларускім кнігазборы» выйшаў зборнік твораў Аляксея Карпюка // Наша Ніва on-line: Культура / 16:46, 5 лютага 2008(недаступная спасылка) — Эл.рэсурс nashaniva.by
    Выбраныя творы / Аляксей Карпюк; Уклад., прадм., камент. А. Фядута. Мінск, 2007. — 600 с. («Беларускі кнігазбор»: Серыя 1. Мастацкая літаратура) У кнізе: аповесці «Данута», «Развітанне з ілюзіямі», драма «Канец свету», у раздзеле Публіцыстыка — выступ на 5‑м з’ездзе пісьменнікаў у Мінску і «Перэпетыі пошукаў»; лісты да Янкі Брыля, Міхася Забэйды-Суміцкага, Максіма Танка, Васіля Быкава, Пятра Машэрава, Міхаіла Гарбачова і інш; успаміны пра А. Карпюка: Вольгі Іпатавай, Ніны Ляшчонак, урыўкі з успамінаў Барыса Клейна і Васіля Быкава
  7. У Горадні адкрылі памятную дошку пісьменьніку Аляксею Карпюку // Радыё Свабода, 15 красавіка 2019

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (26):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Памерлі ў Гродне
Катэгорыя·Члены Саюза пісьменнікаў СССР
Катэгорыя·Артыкулы са спасылкамі на Вікіцытатнік
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Беластоцкім павеце
Катэгорыя·Члены КПСС
Катэгорыя·Выпускнікі Навагрудскага педагагічнага вучылішча
Катэгорыя·Грамадскія дзеячы Беларусі
Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі
Катэгорыя·Памерлі ў 1992 годзе
Катэгорыя·Супрацоўнікі газеты «Літаратура і мастацтва»
Катэгорыя·Выпускнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1920 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы
Катэгорыя·Нарадзіліся 14 красавіка
Катэгорыя·Заслужаныя работнікі культуры Беларускай ССР
Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі 14 ліпеня