У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Казлоў.
Аляксандр Герасімавіч Казлоў (1918, в. Любаўка, Аткарскі павет, Саратаўская губерня, РСФСР — 1943, Рэчыцкі раён, Гомельскай вобласці) — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, наводчык гарматы 53-га гвардзейскага кавалерыйскага палка 15-й гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі 7-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса 61-й арміі(руск.) бел. Цэнтральнага фронту, гвардыі старшы сяржант, Герой Савецкага Саюза.
Нарадзіўся 6 лютага 1918 года ў вёсцы Любаўка Саратаўскай губерні (цяпер — Калінінскі раён, Саратаўская вобласць)[1][2]. З 1932 года працаваў у Саратаве тынкоўшчыкам і адначасова вучыўся ў вячэрняй школе[1].
У 1940 годзе быў прызваны ў Рабоча-Сялянскую Чырвоную Армію[1]. У баях Вялікай Айчыннай вайны з 1942 года. Ваяваў на Заходнім, Паўднёва-Заходнім, Цэнтральным і Беларускім франтах. Быў паранены.
У верасні 1943 года вызначыўся ў баі за вёску Пасудава Брагінскага раёна Гомельскай вобласці Беларусі.
22 лістапада 1943 года ў баі ля рабочага пасёлка Васілевічы (цяпер горад) Гомельскай вобласці Беларусі гвардыі старшы сяржант А. Г. Казлоў загінуў смерцю храбрых[1].
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 снежня 1943 года за адвагу і мужнасць, праяўленыя пры фарсіраванні ракі Сноў(руск.) бел. і ў баях за ўтрыманне плацдарма на правым беразе Дняпра гвардыі старшаму сяржанту Казлову Аляксандру Герасімавічу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза[1].
Пахаваны ў горадзе Васілевічы Гомельскай вобласці Беларусі[1].