wd wp Пошук:

Абідас

Гэты артыкул — пра горад у Старажытным Егіпце. Пра старажытнагрэчаскі горад гл. Абідас, Гелеспонт.

А́бідас (Абджу егіп. ȝbḏw, стар.-грэч.: Ἄβυδος, араб. ‏أبيدوس‎‎ Abīdūs) — старажытны горад у Егіпце. Уваходзіў у VIII верхнеегіпецкі ном. Першапачаткова цэнтр шанавання Хентыяменці і Упуаута. У эпоху Старога царства і I пераходнага перыяду Хентыяменці паглынаецца вобразам Асірыса, і Абідас становіцца адным з галоўных асірычных цэнтраў.

Размяшчаецца каля сучаснага населенага пункта Эль-Араба-эль-Мадфуна — у 98 км на поўнач ад Дэндэры.

У 1818 годзе Бэйнксам быў знойдзены «Абідаскі спіс» з іерогліфамі і спісам 76 фараонаў-папярэднікаў Рамсеса II, у 1835 набыты Брытанскім музеем. У храме Сеці I была выяўлена яшчэ адна падобная табліца, якая дапаўняе папярэднюю знаходку. Гэты выяўлены «спіс фараонаў» паслужыў егіптолагам найважнейшым ключом для дэшыфроўкі іерогліфаў і складанні храналогіі дынастый Старажытнага Егіпта.

Гісторыя

Дадынастычны і раннедынастычны час

Рэгіён быў населены ўжо ў дадынастычны час; больш таго, да ўзвышэння Мемфіса ў XXX ст. да н.э. Абідас аспрэчваў у Урука гонар называцца самым вялікім і населеным горадам на Зямлі.

У царскім некропалі Ум-эль-Кааб размешчаным у 1,5 км на захад ад Абідаса знойдзены помнікі дадынастычных кіраўнікоў і кенатафы цароў I—II дынастый. Грабніца пабудаваная для цара I дынастыі Джэра, прынамсі, з часу Сярэдняга царства прымалася за грабніцу Асірыса. У Абідасе знойдзены крэпасці цароў II дынастыі Перыбсена і Хасехемуі. Захаваліся таксама надпісы раннедынастычнага часу. Найстаражытныя помнікі (археалагічныя рэшткі культуры Нагада, грабніцы) адносяцца да 4 тысячагоддзя да н.э.

Старажытнае царства

У эпоху Старога царства ўжо існаваў храм у Абідасе, ён быў перабудаваны пры Пепі I. Захаваліся імунітэтныя дэкрэты Неферыркары, Тэці і невядомага цара Старажытнага царства мясцоваму жрэцтву. У Абідасе знойдзены пячаткі Усеркафа, Сахуры, Ніўсеры.

I пераходны перыяд і Сярэдняе царства

Храм Сеці

У эпоху I пераходнага перыяду VIII верхнеегіпецкі ном пераходзіў з рук у рукі падчас барацьбы паміж фіванцамі і гераклеапалітамі, пра што сведчаць «Павучанне Мерыкарэ», помнікі Ініятэфа II і яго сучаснікаў. Захаваліся фрагменты храмаў двайнікоў Ментухатэпа II і Ментухатэпа III. З эпохі XI дынастыі ў Абідасе пачынаецца маштабнае ўзвядзенне памінальных помнікаў чыноўнікамі з розных частак Егіпта. Гэтыя стэлы і капліцы не з’яўляліся грабніцамі, але забяспечвалі тым, хто ўзводіў іх, удзел у цырымоніях культу Асірыса.

Новае царства

Яхмас I XVIII дынастыі пабудаваў тут храм і піраміду. Яна лічыцца апошняй пірамідай фараонаў.

Пры царах XIX дынастыі, Сеці I і яго сыне Рамсесе II былі пабудаваны два храмы, прысвечаныя Асірысу і іншым багам, а таксама кенатаф Сеці I.

У храме Рамсеса II, быў знойдзены знакаміты рэльеф, так званы Абідаскі спіс цароў, у якім пералічаны ў храналагічным парадку імёны фараонаў — папярэднікаў Рамсеса II. Адкрыты ў 1818 г. Уільямам Джонам Бэйнксам, спіс стаў асновай для прац Шампальёна і Лепсіуса. Гэты рэльеф у 1835 г. быў набыты Брытанскім музеем. Верхняя частка рэльефу мае дэфект, але, дзякуючы знойдзенаму ў 1864 г. падчас раскопак у суседнім храме Сеці I іншаму падобнаму рэльефу, названаму табліцай Абідаса, сталі вядомыя астатнія імёны фараонаў.

Гэтыя важныя раскопкі, праведзеныя Агюстам Марыетам, апісаны ў яго працы «Abydos, description des fouilles», (2 т., Paris, 1869—1880) Архівавана 10 снежня 2006. з планамі, малюнкамі і надпісамі.

У часы Страбона на месцы Абідаса было толькі малаважнае паселішча; цяпер — разваліны ў вёскі Эль-Бірбэ, дзе яшчэ і да гэтага часу знаходзяцца сляды Мемнонія. Знойдзены ў гэтай мясцовасці генеалагічны спіс фараонаў XVIII дынастыі знаходзіцца цяпер у Брытанскім музеі.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Колішнія гарады Афрыкі
Катэгорыя·Артыкулы з дубліраванымі параметрамі шаблонаў
Катэгорыя·Геаграфія Старажытнага Егіпта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Гарады Старажытнага Егіпта
Катэгорыя·Матэрыялы ЭСБЕ