«Яжовыя імяніны» — паэтычная сцэнка (паводле іншых звестак — драматычная паэма[1]) беларускага паэта Яна Чачота, напісаная ў 1819 на беларускай мове і прымеркаваная да імянінаў старшыні Таварыства філаматаў Юзафа Яжоўскага, што адбываліся 19 сакавіка 1819 года[2].
Падчас напісання вершаў Ян Чачот знаходзіўся ў Мінску як пісар Радзівілаўскай пракураторыі, створанай па загаду імператара Аляксандра I у лютым 1814 для ўпарадкавання спадчыны апошняга прадстаўніка нясвіжскай галіны Радзівілаў Дамініка Радзівіла. Адсюль паэт адаслаў твор сябрам у Вільню, выказаўшы ў паэтычнай форме лёгкае шкадаванне, што ў той час, як яго прыяцелі «апаражняюць бутэлькі» ў вясёлым застоллі, ён «посціць, як святы», у Мінску, дзе яго прымушае «маршчыніць чало мазольная пасада пісара»[3]. Дасланыя вершы Яна Чачота на ўрачыстасці зачытвалі Адам Міцкевіч і Тамаш Зан.
Твор пабудаваны ў форме дыялогу, у якім прамаўляюць беларускія сяляне, што прыйшлі павіншаваць Яжоўскага на сваёй уласнай мове. Дзейнымі асобамі паэмы з’яўляюцца цівун, войт, дзясятнік, хор хлопцаў і дзяўчат і спеў Мікіты.
Як адзначае даследчык польскай літаратуры Станіслаў Станкевіч, гэта была першая спроба Яна Чачота пісаць па-беларуску[4]. Уважаючы на тое, што ў той час не было ўнармаванага беларускага правапісу і граматыкі, паэт здолеў з нешматлікімі выняткамі дакладна перадаць фанетычныя і марфалагічныя асаблівасці навагрудскай гаворкі беларускай мовы[4].