wd wp Пошук:

Ябацькі

«Ябацькі» ў цэнтры Мінска пасля «таемнай інаўгурацыі» Аляксандра Лукашэнкі, 23 верасня 2020 г.

Яба́цькі (руск.: ябатьки) — зборны тэрмін у беларускай і рускай мовах для абазначэння прыхільнікаў культу асобы Аляксандра Лукашэнкі і яго палітычнага рэжыму. Тэрмін узнік у жніўні 2020 года на фоне масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Шырока выкарыстоўваецца ў беларускім грамадстве і сродках масавай інфармацыі[1].

Паходжанне назвы

Ябацькі называюць сваім бацькам Аляксандра Лукашэнку

9 жніўня 2020 года ў Беларусі адбыліся прэзідэнцкія выбары, адразу пасля якіх пачаліся самыя масавыя акцыі пратэсту ў гісторыі краіны, якія ахапілі ўсю яе тэрыторыю. Улады абвясцілі пра чарговую перамогу Аляксандра Лукашэнкі ў першым туры. На вуліцы выйшлі сотні тысяч праціўнікаў Лукашэнкі, якія лічылі што перамогу на выбарах атрымала Святлана Ціханоўская, ім гвалтам і зброяй супрацьстаялі сілавы блок рэжыму і войска Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым відавочная падтрымка Лукашэнкі сярод грамадства адсутнічала, публічных святкаванняў ці выхаду на вуліцу не было.

19 жніўня 2020 года Telegram-канал «Пул Первого», які курыруе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі, апублікаваў стыкеры ў яго падтрымку «ЯМыБатька». Стыкеры былі зробленыя ў рускамоўным напісанні слова бацька праз літару Т[2]. У Беларусі паняцце «бацька» ў дачыненні да Лукашэнкі масава не выкарыстоўвалася з 1990-х гадоў, праз што існуе меркаванне, што гэты слоган — вынаходства расійскіх палітычных тэхнолагаў і прапагандыстаў[3][4]. 21 жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што замест беларускіх супрацоўнікаў дзяржаўнага тэлебачання, якія звольніліся ў знак пратэсту супраць фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах і беспрэцэдэнтнага гвалту пасля іх, будзе працаваць «рускі дэсант»[5][6]. У далейшых малаколькасных мітынгах за Аляксандра Лукашэнку, на якія рэжым звозіў работнікаў бюджэтнай сферы з усёй краіны, таксама выкарыстоўваліся плакаты з надпісамі «ЯМыБатька»

Неўзабаве праціўнікі рэжыму Лукашэнкі скарацілі тэрмін да «ЯБацька», які адразу атрымаў адмоўную канатацыю праз асацыяцыйнасць са словам «ябаць», якое паходзіць ад праславянскага слова «*jěbati» і мае значэнне «здзяйсняць палавы акт»[7][3]. Праз відавочнасць нецэнзурнай немілагучнасці гэты выраз хутка стаў прадметам гумару і пародый. Прыхільнікі Лукашэнкі адмовіліся ад слогана, аднак яно замацавалася ў беларускай грамадскай прасторы.

Выкарыстанне

24 снежня 2020 года ваенны камісар Гомельскай вобласці Андрэй Крываносаў, лаяльны да рэжыму Лукашэнкі, у эфіры дзяржаўнага тэлеканала АНТ назваў сябе «ябацькай» на пытанне тэлевядучага «вы — ябацька?»[8].

У 2021 годзе з’явіўся тэрмін ябацюшка для абазначэння праваслаўных святароў Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату, прыхільнікаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і гвалту супраць яго праціўнікаў[9].

Гл. таксама

Зноскі

  1. Фотофакт: «Ябатьки» испортили авто стоимостью от $200 тысяч
  2. Telegram-канал опубликовал стикеры в поддержку Лукашенко с овцами и ОМОН
  3. 1 2 Оливки и ябатинг. Понятный словарик протестов-2020 Архівавана 30 снежня 2020.
  4. Двойка за пиар. Топ-5 ошибок Лукашенко Архівавана 14 студзеня 2021.
  5. Лукашенко подтвердил, что на БТ приехали работать россияне «с самого продвинутого телевидения»
  6. «Я-батька» не сработал. В России оценили эффективность российских pr-экспертов, приехавших в Беларусь Архівавана 14 студзеня 2021.
  7. *jěbati // Этимологический словарь славянских языков. Праславянский лексический фонд (ЭССЯ) / Под ред. чл.-корр. АН СССР О. Н. Трубачёва. — М.: Наука, 1981. — В. 8 (*xa — *jьvьlga).
  8. «Я — „ябатька“». Военком Гомельщины рассказал о благополучии белорусской молодёжи(руск.) . Открытые медиа. Новости (25 снежня 2020). Праверана 14 студзеня 2021.
  9. Сустрэлі ў тэлеграме новае слова: ябацюшка. Еўрарадыё

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Палітычны крызіс у Беларусі (2020)
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з тарашкевіцы
Катэгорыя·Ідэалагічныя клішэ