wd wp Пошук:

Юхнаўская культура

Юхнаўская культураархеалагічная культура плямён — сучаснікаў і ўсходніх суседзяў носьбітаў мілаградскай культуры (VIIIII стст. да н.э., час існавання ўдакладняецца). Мае заходнія і ўсходнія варыянты (апошні раней вылучалі ў верхняокскую культуру(руск.) бел.). Асноўная тэрыторыя — басейны сярэдняй Дзясны, верхняй Акі і Сейма (Бранская, Калужская, Курская, Тульская вобласці Расіі, частка тэрыторыі Чарнігаўскай вобласці Украіны). Назва па гарадзішчы каля с. Юхнава(укр.) бел. Чарнігаўскай вобласці. У Беларусі помнікі культуры даследаваны Г. Я. Аліхавай і В. М. Мельнікоўскай у Добрушскім і Веткаўскім раёнах (Падгор ’е, Свяцілавічы і інш.). Існуе думка, што ў лясной зоне продкі юхнаўскага насельніцтва (носьбіты бандарыхінскай культуры(укр.) бел., выцесненыя з паўднёвых стэпаў ваяўнічымі вандроўнікамі — кімерыйцамі) з’явіліся на рубяжы бронзавага і жалезнага вякоў. Пазней, у часы скіфаў, юхнаўскае насельніцтва перасялілася на поўдзень, у басейн Сейма. У канцы 1-га тыс. да н.э. на землі Юхнаўскай культуры з сярэдняга Дняпра ў Падзясенне прыйшлі носьбіты зарубінецкай культуры, якія стварылі тут почапскую культуру(руск.) бел.. Удзел носьбітаў юхнаўскай культуры ў гэтым працэсе даследчыкі ацэньваюць па-рознаму.

Культура прадстаўлена ў асноўным мысавымі гарадзішчамі невялікіх памераў; вядомы нешматлікія селішчы і адзінкавыя могільнікі з трупаспаленнем ці трупапалажэннем. Напачатку гарадзішчы ўмацоўваліся плятнямі, пазней землянымі валамі з ровамі. Тыповым жытлом юхнаўскай культуры быў «доўгі дом». Вакол пляцоўкі гарадзішча, шчыльна да яе краю, убівалі 2 паралельныя рады калоў (аснова сцен), якія апляталіся лазой і абмазваліся глінай. Дах насцілалі саломай ці трыснягом. Дом дзяліўся на секцыі з агнішчам для кожнай сям’і. Кераміка прадстаўлена самабытнымі цюльпанападобнымі гаршкамі з высокім стройным тулавам і плоскім дном, спачатку грубаляпнымі, пазней танкасценнымі пасудзінамі, якія выраблялі на ганчарным крузе. Верхняя частка гаршка арнаментавана ямкамі ці іх спалучэннем у выглядзе трохвугольніка («вінаградная гронка»), ніжняя абстругана нажом. Знойдзены цагліны (падстаўкі для ачага, магчыма, мелі рытуальнае прызначэнне), рыбалоўныя прылады (грузілы, астрогі, кручкі). Металічны інвентар падобны на мілаградскі, сведчыць пра моцны ўплыў скіфаў (жалезныя клінападобныя сякеры, сярпы з кручкамі, нажы з гарбатай спінкай, трохгранныя ці трохлопасцевыя бронзавыя наканечнікі стрэл, цвікападобныя шпількі, грыбападобныя завушніцы, антычныя пацеркі).

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Украіны
Катэгорыя·Балты
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Расіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з украінскай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Беларусі
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Еўропы