wd wp Пошук:

Юрый Уладзіміравіч Сідараў

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Сідараў. Ю́рый Уладзі́міравіч Сі́дараў (8 мая 1927, с. Рап’ёўка, цяпер Саратаўская вобласць, Расія — 9 студзеня 2004) — беларускі акцёр тэатра і кіно. Народны артыст Беларусі (1977).

Біяграфія

У 1945 годзе паступіў у Вышэйшае тэатральнае вучылішча імя М. С. Шчэпкіна, якое скончыў у 1949 годзе. Пяць гадоў працаваў у Гродзенскім абласным драматычным тэатры. З 1954 года ў Дзяржаўным рускім драматычным тэатры Беларускай ССР[1]. Адначасова з 1968 года выкладае ў Беларускай акадэміі мастацтваў[2]. Памёр 9 студзеня 2004 года. Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.

Сям’я

Жонка — Зоя Васілеўна Асмалоўская (1928—2012) — беларуская акцёрка тэатра і кіно. Дачка — Алена Сідарава — акцёрка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, Заслужаная артыстка Беларусі (2013).

Творчасць

Творчасці Юрыя Сідарава ўласцівыя лаканічныя выразныя сродкі, знешняя стрыманасць пры нутранай напружанасці, дакладнасць дэталяў, пластычнасць мастацкага вобраза[2].

Выканаўца гераічных, лірычных, вострахарактарных, камедыйных роляў. Ролі ў беларускім рэпертуары тэатра імя Максіма Горкага: лейтэнант Наганаў, палкоўнік Кусонскі, паліцай Зыль («Брэсцкая крэпасць», «Галоўная стаўка», «Дзеля жыцця» Канстанціна Губарэвіча), Гарачун («Білет у мяккі вагон» Аркадзя Маўзона), Дробыш, Хазяінаў («Трывога», «Соль» Алеся Петрашкевіча), Чарвякоў («Знак бяды» паводле Васіля Быкава) і інш. Ролі ў класічным рэпертуары: Мікіта («Улада цемры[ru]» Льва Талстога), Пратасаў, Бардзін, Ягор Булычоў, Бубнаў, Жан («Дзеці сонца», «Ворагі[ru]», «Ягор Булычоў і іншыя[ru]», «На дне[ru]» Максіма Горкага, «Букееў і кампанія» паводле п’есы «Якаў Багамолаў» Максіма Горкага), Актавій Цэзар, Банка («Антоній і Клеапатра[ru]», «Макбет[ru]» Уільяма Шэкспіра), барон Бэрлі («Марыя Сцюарт» Фрыдрыха Шылера) і інш. Псіхалагічна паглыблена раскрыў характары Аарне («Каменнае гняздо» Х. Вуаліёкі), Бернарда Шоу («Мілы лгун» Джэрома Кілці), Дасбергена Мустафаева («Узыходжанне на Фудзіяму» Чынгіза Айтматава і К. Мухамеджанава), Гартмана («Дзікунка» Жана Ануя), Фушэ («Вячэра» Жана-Клода Брысвіля) і інш. Удзельнічаў у тэлевізійных і радыёспектаклях[2].

Фільмаграфія

  1. 1959 — Каханнем трэба даражыць — эпізод
  2. 1960 — Вясновыя навальніцы — Косця
  3. 1967 — Запомнім гэты дзень — эпізод
  4. 1967 — Побач з вамі — аднапалчанін
  5. 1973 — Корцік — Свірыдаў
  6. 1973 — Бронзавая птушка — Свірыдаў
  7. 1974 — Апошняе лета дзяцінства — Свірыдаў
  8. 1974 — Полымя — член стаўкі
  9. 1974 — Чатыры нядзелі
  10. 1980 — Атланты і карыятыды
  11. 1980 — Першай па расе прайшла прыгажуня
  12. 1981 — Адзіны мужчына — Сцякольнікаў
  13. 1998 — Дзень поўні

Узнагароды

Народны артыст Беларусі (1977). Кавалер двух ордэнаў «Знак Пашаны», Ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэна Францыска Скарыны (2002).

Памяць

У Мінску на доме № 9 па вуліцы Раманаўская Слабада, дзе Юрый Сідараў жыў у 1970—2004 гадах, усталяваная памятная дошка.

Зноскі

  1. Юрий Сидоров(руск.)  (недаступная спасылка). kino-teatr.ru. Архівавана з першакрыніцы 21 лютага 2019. Праверана 21 лютага 2019.
  2. 1 2 3 Бур’ян Б., 2002, с. 368

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (18):
Постаці Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра
Памерлі 9 студзеня
Постаці Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага
Вікіпедыя:Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Пахаваныя на Усходніх могілках Мінска
Памерлі ў Беларусі
Асобы
Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга
Народныя артысты Беларускай ССР
Нарадзіліся ў 1927 годзе
Кавалеры ордэна Францыска Скарыны
Узнагароджаныя медалём Францыска Скарыны
Выкладчыкі Беларускай акадэміі мастацтваў
Нарадзіліся 8 мая
Памерлі ў 2004 годзе
Нарадзіліся ў Расіі
Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных