wd wp Пошук:

Эпітэлій

Тыпы эпітэлію:
уверсе — аднаслойны (плоскі, кубічны, прызматычны);
унізе — мнагаслойны

Эпітэліяльная тканка — тып тканкі, прадстаўлены покрыўным (эпідэрміс скуры, эпітэлій стрававальнай, дыхальнай, мочапалавой сістэм) і залозістым (уваходзіць у склад большасці залоз) эпітэліем. Складаецца з клеткак, якія прылягаюць адна да другой і ўтвараюць слой, што пакрывае цела жывёлы або высцілае ўнутраную паражніну.

Покрыўны эпітэлій

Клеткі покрыўнага эпітэлію ляжаць шчыльна адна да адной — міжклетачнага рэчыва паміж імі няма. Покрыўны эпітэлій выконвае ахоўную функцыю. Ён бывае аднаслойным і шматслойным. У аднаслойным эпітэліі ўсе клеткі звязаны з асноўнай мембранай, у той час як у шматслойным з мембранай звязаны толькі ніжні слой клетак. У адпаведнасці з формай клетак аднаслойны эпітэлій падзяляецца на плоскі, кубічны і прызматычны.

На клеткі покрыўнага эпітэлію, як правіла, уздзейнічаюць разнастайныя фактары асяроддзя, і яны гінуць. Але іх колькасць хутка ўзнаўляецца дзякуючы выражанай здольнасці да дзялення клетак, размешчаных у больш глыбокіх слаях.

Залозісты эпітэлій

Клеткі залозістага эпітэлію выпрацоўваюць і выдзяляюць розныя сакрэты — стрававальныя сокі, слёзы, пот і інш. Залозісты эпітэлій можа быць прадстаўлены клеткамі, сабранымі ў групы, — залозамі.

Адрозніваюць залозы ўнутранай, знешняй і змешанай сакрэцый.

Залозы ўнутранай сакрэцыі не маюць вывадных праток. Выпрацаваныя імі біялагічна актыўныя рэчывы трапляюць непасрэдна ў тканкавую вадкасць або ў кроў.

Залозы знешняй сакрэцыі маюць вывадныя пратокі і па іх выдзяляюць свой сакрэт на паверхню цела (малочныя, потавыя, сальныя) або ў поласці — ротавую, страўнік, кішэчнік (слінныя, кішэчныя і інш.).

Залозы змешанай сакрэцыі (падстраўнікавая, палавыя) утрымліваюць розныя тыпы клетак. Адны з іх выконваюць унутрысакраторную, а другія — знешнесакраторную функцыю.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Тканкі арганізма
Катэгорыя·Дэрматалогія