Эльза́сцы (саманазва: Elsässisch) — карэннае насельніцтва Эльзаса, якое размаўляе на мове нямецкага паходжання. Агульная колькасць у Францыі - 1 778 тыс. чал.[1]
У Францыі эльзасцы разглядаюцца толькі як моўная меншасць французскай нацыі. У Германіі — як этнічныя немцы. Эльзаская мова лічыцца мясцовым дыялектам нямецкай мовы, блізкім да нямецкай мовы Швейцарыі. Народная традыцыйная культура таксама блізкая да нямецкай.
Эльзас з’яўляўся спрэчнай тэрыторыяй ужо ў часы сярэднявечча. Мяжа паміж германамоўнымі і раманамоўнымі землямі праходзіла па Вагезах. Аднак яна не была выразнай. Групы раманскага насельніцтва жылі і на захад ад горнага масіву. Аснову германамоўнага насельніцтва складалі нашчадкі франкаў і швабаў. Яны размаўлялі на асаблівым дыялекце, адрозным ад распаўсюджаных у Германіі, што было зафіксавана ўжо ў IX ст.
З XII ст. у Эльзасе назіраўся паступовы пераход ад выкарыстання ў дакументах лацінскай мовы да нямецкай, але канчаткова ён замацаваўся толькі ў перыяд Рэфармацыі, калі нямецкая мова стала мовай набажэнства. Акрамя таго, падчас рэлігійных войн у Францыі сюды перасяляліся французскія пратэстанты. У Страсбуры выдавалі на французскай мове кнігі, адчыняліся франкамоўныя школы.
У 1648 г. Эльзас увайшоў у склад Францыі, але да Вялікай французскай рэвалюцыі ў ім захоўваліся старыя інстытуты кіравання, падтрымліваліся мясцовыя традыцыі. Насельніцтва Эльзаса актыўна ўдзельнічала ў рэвалюцыйных падзеях, у 1791 г. аказвала супраціўленне прускім і аўстрыйскім войскам. Адукацыя была пераведзена на французскую мову. Эльзасцы служылі ў французскай арміі.
У 1871 - 1918 гг. Эльзас уваходзіў у склад Германіі. Тут праводзілася палітыка асіміляцыі. Школы і газеты сталі нямецкамоўнымі. Было забаронена нават упісваць у дакументы і на надмагільныя знакі імёны на французскай мове. Але ў палітычным жыцці дамінавала апазіцыя цэнтральным германскім уладам. Пасля таго, як Эльзас зноў быў далучаны да Францыі, сюды сталі пераязджаць чыноўнікі з іншых рэгіёнаў, іх праца аплочвалася лепей, чым мясцовых выхадцаў, магчымасць вучыцца па-нямецку значна скарацілася. Гэта прывяло да хвалі незадаволенасці і з’яўлення руху за аўтаномію. Сітуацыя палепшылася толькі пасля II Сусветнай вайны, калі нямецкая мова была часткова дазволена ў мясцовым дакументазвароце. Эльзасцы працягваюць змагацца за культурную аўтаномію.