wd wp Пошук:

Эдвард Адамавіч Будзька

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Будзька. Эдвард (Эдуард, Эдзюк) Адамавіч Будзька (Буцька) (пс. Акцьуб, Акцюб; 22 сакавіка 1882, Будслаў, цяпер Мядзельскі раёнМінская вобласць14 жніўня 1958, Чыкага, ЗША) — беларускі публіцыст, палітык, грамадскі дзеяч, паэт і выдавец.

Біяграфія

Раннія гады. Пачатак беларускай дзейнасці

Нарадзіўся 22 сакавіка 1882 года ў вёсцы Будслаў Вілейскага павета Віленскай губерні. Вучыўся ў Рыжскім політэхнічным інстытуце, але спыніў вучобу праз беднасці і слабае здароўе. Жыў у Рызе, дзе заклаў беларускае нацыянальнае згуртаванне.

З 1906 года друкаваў у газеце «Наша ніва» і ейных календарах вершы, вольныя пераклады расійскіх баек, публіцыстычныя нататкі[2]. Ён часта бываў у віленскай рэдакцыі «Нашай нівы» і быў адным з найбольш актыўных яе папулярызатараў сярод вяскоўцаў[3]. З пачаткам Першай сусветнай вайны да прыбыцця нямецкай арміі эвакуяваўся ў Санкт-Пецярбург[4]. У 1916 годзе ў Петраградзе ўдзельнічаў у рабоце Беларускага таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны, выдавец газеты «Светач»[4]. Друкаваўся ў газеце «Дзянніца» (артыкул «Думкі да граматыкі», 1916, пад псеўданімам Акцуб)[2].

Беларуская Народная Рэспубліка

Удзельнік мінскага З’езда беларускіх нацыянальных арганізацый у сакавіку 1917 года, які выступаў за аўтаномію Беларусі ў складзе дэмакратычнай Расійскай федэрацыі. У часе з’езда абраны ў склад прэзідыума Беларускага нацыянальнага камітэта (БНК)[5]. У сярэдзіне красавіка ўвайшоў у склад дэлегацыі БНК, якая накіравалася ў Петраград з мэтай наладжвання адносін з Часовым урадам Расіі. Дэлегацыя перадала прэм’ер-міністру Георгію Львову рэзалюцыю, у якой, між іншым, гаварылася: аб неабходнасці пераўтварэння Расіі ў дэмакратычную федэрацыю, неабходнасць увядзення ў нацыянальных школах беларускай мовы і курсаў ведаў пра Беларусь. Аднак патрабаванні не былі ўлічаны Часовым урадам Расіі[5].

Эдвард Будзька быў сябрам Петраградскай арганізацыі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Дэлегат З’езда беларускіх арганізацый і партый, які праходзіў з 8 па 10 ліпеня 1917 года ў Мінску[2]. На другой сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый, якая праходзіла 28 кастрычніка — 6 лістапада (15—24 кастрычніка) 1917 года ў Мінску, у часе якой арганізацыя была пераўтвораная ў Вялікую беларускую раду, Эдвард Будзька быў абраны ў склад выканаўчага камітэта Вялікай беларускай рады, які складаўся з 24-х чалавек. У той час ён быў сябрам Хрысціянска-дэмакратычнага саюза[6].

Удзельнік Усебеларускага з’езда (снежань 1917, Менск)[2]. У чэрвені 1918 года, па абвяшчэнні незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), Эдуард Будзька заняў пасаду сакратара Камісіі па стварэнні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта пры Народным Сакратарыяце Беларусі. Актыўна ўдзельнічаў у стварэнні беларускіх школ і ў тым жа годзе быў адным з арганізатараў Будслаўскай беларускай гімназіі. Па закрыцці гімназіі польскімі ўладамі займаўся арганізацыяй беларускай кааперацыі[7]. У 1921 годзе ўвайшоў у таемны Беларускі дзяржаўны камітэт, які ставіў сваёй мэтай стварэнне беларускай дзяржавы пад патранатам Польшчы. Арганізацыя існавала каля трох-чатырох месяцаў[8].

Міжваенны перыяд. Другая сусветная вайна. Эміграцыя

У 1921—1940 гадах жыў у Літве і Латвіі, актыўна ўдзельнічаў у беларускім нацыянальным руху жывучы ў Коўне і Рызе, заснаваў там курсы беларусазнаўства[7]. У 1921—1922 г. кіраваў настаўніцкімі курсамі ў Дзвінску (цяпер Даўгаўпілс). У 1920-я гады друкаваўся ў заходнебеларускай газеце «Наша будучыня»[9]. Выступаў з артыкуламі на маральна-этычныя і рэлігійныя тэмы[2]. Вярнуўся ў Польшчу, дзе жыў некалькі гадоў да пачатку Другой сусветнай вайны[3].

У час Другой сусветнай вайны, падчас нямецкай акупацыі Беларусі (1941—1944), працаваў настаўнікам у Мінску і Баранавічах[9]. Прымаў удзел у Другім Усебеларускім кангрэсе.

Цяжка хворы выехаў з Польшчы ў Канаду[9]. Паводле іншых звестак, у канцы вайны выехаў у Германію, пасля — у ЗША[7]. Актыўна ўдзельнічаў у жыцці беларускай эміграцыі ў ЗША[9]. Апублікаваў між іншым свае ўспаміны ў месячніку «Бацькаўшчына»[10]. Памёр 14 жніўня 1958 года ў Чыкага (ЗША).

Пахаваны на могілках Святога Адальберта ў Найлсе[en], прыгарадзе Чыкага. Там жа пахаваныя яго родныя[11].

Зноскі

  1. (unspecified title) Праверана 19 снежня 2021.
  2. 1 2 3 4 5 ЭГБ, 1994, с. 114
  3. 1 2 Kipel, 1988
  4. 1 2 Michaluk D., 2010, с. 149
  5. 1 2 Michaluk D., 2010, с. 164—166
  6. Łatyszonek O., 1995, с. 48
  7. 1 2 3 Юрэвіч, Л. Шматгалосы эпісталярыум : гісторыя людзей і ідэй на эміграцыі ў ліставанні / Прадм. і рэд. Н. Гардзіенка. — Мінск: Кнігазбор, 2012. — 660 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны ; кн. 20). — ISBN 978-985-7007-43-1.
  8. Łatyszonek O., 1995, с. 234—235
  9. 1 2 3 4 Катковіч A., Катковіч-Клентак В. Успаміны…
  10. Будзька Э. Пясняр…
  11. У Чыкага знойдзена магіла першага прэм’ер-міністра БНР Язэпа Варонкі

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (25):
Удзельнікі Першага Усебеларускага з’езда
Будслаўская беларуская гімназія
Імігравалі ў ЗША з Беларусі
Грамадскія дзеячы Беларусі
Нарадзіліся 22 сакавіка
Паэты Беларусі
Выдаўцы Беларусі
Памерлі 14 жніўня
Выкладчыкі Беларускіх настаўніцкіх курсаў (Дзвінск)
Удзельнікі Другога Усебеларускага кангрэса
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Беларусы ў ЗША
Члены Беларускай сацыялістычнай грамады
Пахаваныя на могілках Святога Адальберта
Вікіпедыя:Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Асобы
Нарадзіліся ў Будславе
Памерлі ў 1958 годзе
Выкладчыкі Будслаўскай беларускай гімназіі
Нарадзіліся ў 1882 годзе
Памерлі ў Чыкага
Вікіпедыя:Старонкі з неадназначнымі геаланцужкамі
Члены Беларускага нацыянальнага камітэта (Мінск)
Публіцысты Беларусі
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных