Шыро́каўскі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці. Цэнтр — аграгарадок (да 2009 г. вёска) Шырокае.
Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 снежня 1926 года Ліпскі сельсавет у складзе Уваравіцкага раёна Гомельскай акругі БССР. Цэнтр — вёска Ліпа. 30 снежня 1927 года сельсавет узбуйнены, у яго склад увайшла тэрыторыя скасаванага Лугініцкага сельсавета. Пасля скасавання акруговай сістэмы 26 ліпеня 1930 года ва Уваравіцкім раёне БССР. З 20 лютага 1938 года ў складзе Гомельскай вобласці. З 17 красавіка 1962 года ў складзе Буда-Кашалёўскага раёна. 8 снежня 1966 года цэнтр сельсавета перанесены ў пасёлак Шырокі, сельсавет перайменаваны ў Шырокаўскі. 20 верасня 2002 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаванага Забалоцкага сельсавета (4 населеныя пункты: вёскі Забалоцце, Харошаўка, пасёлкі Кучынск і Мікольск)[1].
У склад Шырокаўскага сельсавета ўваходзілі населеныя пункты, якія зараз не існуюць: да 1996 года — вёска Андрэеўка, да 1998 года — пасёлкі Салаўёў і Новы Свет, да 2005 года — пасёлак Мікольск.
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года — 1082 чалавекі[2], з іх 89,1 % — беларусы, 8,9 % — рускія, 1,7 % — украінцы[3].