wd wp Пошук:

Штучны інтэлект

Шту́чны інтэле́кт (англ.: Artificial intelligence, AI) — раздзел інфарматыкі, які вывучае магчымасць ажыццяўлення асэнсаваных разважанняў і дзеянняў з дапамогай вылічальных сістэм і іншых штучных прылад. Алгарытм рашэння задачы ў большасці выпадкаў загадзя невядомы.

Дакладнага азначэння гэтай навукі не існуе, бо ў філасофіі не вырашана пытанне аб прыродзе і статусе чалавечага інтэлекту. Няма і дакладнага крытэрыя дасягнення камп’ютарамі «разумнасці», хоць яшчэ на пачатку працы над штучным інтэлектам быў прапанаваны шэраг гіпотэз, напрыклад, тэст Цьюрынга або гіпотэза Ньюэлла—Саймана. На гэты час існуе шмат падыходаў як да разумення задачы штучнага інтэлекту, так і да стварэння інтэлектуальных сістэм.

Так, адна з класіфікацый вылучае два падыходы да распрацоўкі ШІ:

Гэта навука звязана з псіхалогіяй, нейрафізіялогіяй, трансгуманізмам і інш. Як і ўсе камп’ютарныя навукі, яна выкарыстоўвае матэматычны апарат. Асаблівае значэнне маюць для яе філасофія і робататэхніка.

Штучны інтэлект — вельмі маладая вобласць даследаванняў, якая ўзнікла ў 1956 годзе. Яе гістарычны шлях нагадвае сінусоіду, дзе кожны «узлёт» ініцыяваўся якой-небудзь новай ідэяй.

Падыходы да вывучэння

Існуюць розныя падыходы да пабудовы сістэм ШІ. Можна вылучыць 4 даволі розных падыходы:

У рамках гібрыдных інтэлектуальных сістэм спрабуюць аб’яднаць гэтыя кірункі. Экспертныя правілы высноў могуць генеравацца нейронавымі сеткамі, а правілы для спараджэння атрымліваюць з дапамогай статыстычнага навучання.

Адносна новы падыход, названы ўзмацненне інтэлекту, разглядае дасягненне ШІ падчас эвалюцыйнай распрацоўкі як пабочны эфект узмацнення чалавечага інтэлекту тэхналогіямі.

Кірункі даследаванняў

Аналізуючы гісторыю ШІ, можна вылучыць такі шырокі кірунак, як мадэляванне разважанняў. Шмат гадоў развіццё ШІ рухалася менавіта па гэтым шляху, і зараз гэта адна з самых развітых абласцей у сучасным ШІ. Мадэляванне разважанняў — гэта стварэнне знакавых сістэм, на ўваходзе якіх пастаўленая нейкая задача, а на выхадзе патрабуецца яе рашэнне. Звычайна, прапанаваная задача ўжо фармалізаваная, г. зн. перакладзеная ў матэматычную форму, але альбо не мае алгарытму рашэння, альбо ён занадта складаны, працаёмкі і г. д. У гэты кірунак уваходзяць: доказ тэарэм, прыняцце рашэнняў і тэорыя гульняў, планаванне і дыспетчарызацыя, прагназаванне.

Немалаважным кірункам з’яўляецца апрацоўка натуральнай мовы, у рамках якога праводзіцца аналіз магчымасцяў разумення, апрацоўкі і генерацыі тэкстаў на «чалавечай» мове. У прыватнасці, тут яшчэ не вырашаная праблема машыннага перакладу тэкстаў з адной мовы на другую. У сучасным свеце вялікую ролю адыгрывае распрацоўка метадаў інфармацыйнага пошуку. Па сваёй прыродзе, арыгінальны тэст Цьюрынга звязаны з гэтым кірункам.

Вялікія і цікавыя дасягненні маюцца ў вобласці мадэлявання біялагічных сістэм. Строга кажучы, сюды можна аднесці некалькі незалежных кірункаў. Нейронныя сеткі выкарыстоўваюцца для рашэння невыразных і складаных праблем, такіх як распазнаванне геаметрычных фігур альбо кластарызацыя аб’ектаў. Генетычны падыход заснаваны на ідэі, што нейкі алгарытм можа стаць больш эфектыўным, калі запазычыць лепшыя характарыстыкі ў іншых алгарытмаў («бацькоў»). Адносна новы падыход, дзе ставіцца задача стварэння аўтаномнай праграмы-агента, які ўзаемадзейнічае з вонкавым асяроддзем, завецца агентным падыходам. Мэта падыходу — належным чынам прымусіць масу «не вельмі інтэлектуальных» агентаў узаемадзейнічаць разам, і тым самым атрымаць «мурашыны» інтэлект.

Задача распазнання выяваў ужо часткова вырашаецца ў рамках іншых кірункаў. Сюды адносяцца распазнанне знакаў, рукапіснага тэксту, мовы, аналіз тэкстаў. Асобна варта адзначыць камп’ютарны зрок, які звязаны з машынным навучаннем і робататэхнікай.

Наогул, робататэхніка і штучны інтэлект часта асацыююцца адно з другім. Інтэграванне гэтых двух навук, стварэнне інтэлектуальных робатаў, можна лічыць яшчэ адным кірункам ШІ.

Асабняком стаіць машынная творчасць, у сувязі з тым, што прырода чалавечай творчасці яшчэ меней вывучаная, чым прырода інтэлекту. Тым не менш, гэтая вобласць існуе, і тут пастаўленыя праблемы напісання камп’ютарам музыкі, літаратурных твораў (часта — вершаў або казак), мастацкая творчасць.

Нарэшце, існуе маса прыкладанняў штучнага інтэлекту, кожнае з якіх стварае амаль самастойны кірунак. У якасці прыкладаў можна ўзгадаць праграмаванне інтэлекту ў камп’ютарных гульнях, нелінейнае кіраванне, інтэлектуальныя сістэмы бяспекі.

Можна заўважыць, што шматлікія вобласці даследаванняў перасякаюцца. Гэта ўласціва для любой навукі. Але ў штучным інтэлекце ўзаемасувязь паміж быццам рознымі кірункамі выяўленая асабліва моцна, і гэта звязана з філасофскай спрэчкай аб моцным і слабым ШІ.

Гісторыя

У пачатку XVII стагоддзя Рэнэ Дэкарт выказаў здагадку, што жывёла — нейкі складаны механізм, тым самым сфармуляваўшы механістычную тэорыю. У 1623 г. Вільгельм Шыкард (ням.: Wilhelm Schickard) пабудаваў першую механічную лічбавую вылічальную машыну, за якой рушылі ўслед машыны Блеза Паскаля (1643) і Лейбніца (1671). Лейбніц таксама быў першым, хто апісаў сучасную двайковую сістэму злічэння, хоць да яго гэтай сістэмай перыядычна захапляліся шматлікія вялікія навукоўцы. У XIX стагоддзі Чарлз Бэбідж і Ада Лаўлейс працавалі над праграмавальнай механічнай вылічальнай машынай.

У 1910—1913 гг. Бертран Расел і А. Н. Уайтхэд апублікавалі працу «Прынцыпы матэматыкі», якая зрабіла рэвалюцыю ў фармальнай логіцы. У 1941 Конрад Цузе пабудаваў першы працуючы праграмна-кантраляваны камп’ютар. Уорэн Маккалак і Валтэр Пітс у 1943 апублікавалі A Logical Calculus of the Ideas Immanent in Nervous Activity, якая заклала асновы нейронавых сетак.

Пасля Другой сусветнай вайны некалькi чалавек пачалi незалежна працаваць над iнтэлектуальнымi машынамi. Англiйскi матэматык Алан Цьюрынг, магчыма, быў найбольш вядомым прадвеснiкам. Ён прачытаў сваю тэматычную лекцыю ў 1947 годзе. Цьюрынг адзiн з першых вырашыў, што штучны iнтэлект (англ.: artificial intelligence — AI) лепш за ўсё даследаваць шляхам праграмавання камп’ютараў, а не канструявання машын.

AI як галiна навукi вядзе адлiк з 1956 года. Гэты кiрунак быў агучаны на летнiм семiнары ў Дартмут-каледжы (Хановер, ЗША), якi арганiзавалi чацвёра амерыканскiх навукоўцаў: Джон Мак-Карцi, Марвiн Мiнскi, Натанiэль Рочэстэр i Клод Шэнан. З тых часоў тэрмiн «штучны iнтэлект», прыдуманы, хутчэй за ўсё, з мэтай прыцягнення ўсеагульнай увагi, стаў набываць папулярнасць[1].

ШІ і навуковая фантастыка

У навукова-фантастычнай літаратуры ШІ часцей за ўсё паказваецца як сіла, якая спрабуе зрынуць уладу чалавека (HAL 9000, Скайнет, Colossus, Матрыца), або абслуговы гуманоід (C-3PO, Data, KITT і KARR, Двухсотгадовы чалавек). Непазбежнасць дамінавання над светам ШІ, які выйшаў з-пад кантролю, аспрэчваецца такімі фантастамі, як Айзек Азімаў і Кевін Уорвік.

Цікавае бачанне будучыні прадстаўленае ў рамане «Выбар паводле Цьюрынга» пісьменніка-фантаста Гары Гарысана і навукоўца Марвіна Мінскі. Аўтары разважаюць на тэму страты людскасці чалавекам, ў мозг якога была імплантаваная ЭВМ, і набыцці чалавечнасці машынай з ШІ, у памяць якой была скапіраваная інфармацыя з галаўнога мозга чалавека.

Некаторыя фантасты, напрыклад Вернар Віндж, таксама разважалі над наступствамі з’яўлення ШІ, якое, на іх думку, выкліча рэзкія драматычныя змены ў грамадстве. Такі перыяд завуць тэхналагічнай сінгулярнасцю.

Facebook AI Research стварыла сістэму машыннага навучання, якая дазваляе пазбегнуць ідэнтыфікацыі людзей у відэа.[2]

Зноскі

  1. zviazda.by
  2. Facebook распрацавала ІІ-алгарытм, не давальны ІІ распазнаваць асобы ў відэа.
Тэмы гэтай старонкі (3):
Вікіпедыя:Істотныя артыкулы
Фантастычныя матывы
Штучны інтэлект