wd wp Пошук:

Чыж

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Чыж (значэнні). Чыж (Carduelis spinus) — адзін з відаў пеўчых птушак з сямейства Уюрковыя (Fringillidae), атрада вераб’інападобныя.

Апісанне

Даўжыня цела складае каля 12 см, размах крылаў 20—23 см, маса 12—14 г.

Агульная афарбоўка зелянява-жоўтага або аліўкава-зялёнага колеру, з няяснымі цёмнымі плямамі, знізу — з жоўтымі плямамі. Пёры чорныя, пачаткі рулявых і большай часткі махавых — жоўтыя. Дзюба шэрая.

Пашырэнне

Распаўсюджаны ў Еўразіі. Арэал разарваны: Еўропа (акрамя паўднёва-заходняй i крайняй паўночнай частак), Крым, Каўказ, Малая Азія, цэнтральная і паўднёвая частка Заходняй Азіі, Далёкі Усход да Сахаліна і Японіі. Насяляе вільготныя хвойныя дрэвастоі, асабліва яловыя, а таксама піхтавыя i лістоўнічныя, радзей змяшаныя лясы з прымессю елак; увосень і ўзімку — участкі вольхаў, асабліва ўздоўж вадацёкаў. У Татрах даходзіць да 1400—1600 м, у Швейцарыі — да 1200—1800 м над узроўнем мора. Аселы, часткова пералётны від. Часам здараюцца інвазіі.

Чыжоў часта трымаюць у хатніх умовах, у клетках, дзеля іх песень.

Асаблівасці біялогіі

Гняздо ладзіць на вышыні больш за 8 м ад зямлі, у развілцы гарызантальна адыходзячых ад ствала галінаў (часцей за ўсё елак, радзей соснаў, піхтаў або бяроз), далёка ад ствала, зверху гняздо добра прыкрытае звіслымі галінамі. Яно невялікае, шарападобнае, з моцна сплеценых паміж сабой галінак хваёвых дрэў, карэньчыкаў, сухой травы, верасу, раслінных валокнаў і моху, прымацаваных павуцінай. Унутраная частка складаецца з кавалкаў лішайнікаў, пераплеценых павуцінай і расліннымі ніцямі. Высцілка з шэрсці, расліннага пуху, валосся i невялікіх пёраў.

Яйкі (4—5, часам 3—6) падоўжаныя, з завостраным вузейшым канцом, белыя з блакітнаватым або зеленаватым адценнем. Плямкі іржавага, пурпуровага, карычнева-чырвонага, цёмна-бардовага або чорна-карычневага колеру. Глыбокія плямкі больш дробныя і светлыя, іржавыя, чырванавата-фіялетавыя; паверхневыя — больш рэдкія, часта сканцэнтраваныя на шырэйшым канцы.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе
Катэгорыя·Шчыглы
Катэгорыя·Птушкі Еўразіі
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай