Цыкорыя[3][4] (Cichorium) — род адна-, двух- і шматгадовых травяністых раслін сямейства астравых.
Расліны з расстаўлена-галінастымі сцябламі і чаргаваным лісцем. Прыкаранёвае лісце чаранковае ад стругападобна-перыстараздзельнага да суцэльнага, шчацінкава-валасістае, верхняе — ланцэтнае, сцяблоабдымнае. Кветкавыя кошыкі буйныя, шырока раскрытыя, з цыліндрычнымі двухрадковымі абгорткамі; кветкі двухполыя, язычковыя. Плод — сямянка з чубком.
Адрозніваецца каля 10 відаў, пашыраных пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі сустракаецца дзікарослая цыкорыя звычайная (Cichorium intybus) і інтрадукаваная цыкорыя салатная (Cichorium endivia), якую вырошчваюць як салатную расліну.
Цыкорыя шырока выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне. Маладое лісце ядомае, у ім утрымоўваюцца вітамін C, каратын, салата з іх асабліва карысная для хворых на дыябет (у расліне ёсць інулін). На пашах цыкорыю добра ядуць жывёлы. Цыкорыя — добры меданос, дае шмат нектару і пылка. Карані выкарыстоўваюць як сурагат кавы. З гэтай мэтай у культуры вырошчваюць Cichorium endivia.
На Беларусі ў дзікім стане расце адзін від цыкорыі — цыкорыя звычайная (Cichorium intybus)[5].
Цыкорыя з’яўляецца кармавой раслінай для лічынак некаторых матылькоў, напрыклад для такіх відаў, як Xestia c-nigrum, азімая соўка (Agrotis segetum) і Diasemia reticularis.