Це́рабель[1] (трансліт.: Cierabieĺ, руск.: Теребель) — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Навапольскага сельсавета. Месціцца за 47 км на захад ад Мар’інай Горкі, 41 км ад Мінска, 24 км ад чыгуначнай станцыі Рудзенск на лініі Мінск — Асіповічы, на рацэ Церабелка, на ўсход ад урочышча Ліпнікі.
Назва паходзіць ад слова церабіць, гэта значыць вёска займае выцерабленае, ачышчанае ад лесу месца.
Пра старажытнасць вёскі сведчыць каменная зброя, якую, паводле краязнаўцы Аляксандра Ельскага, часта знаходзілі каля вёскі і возера Муха[2].
У XVII ст. вёска ў Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, належала да дамена Таўкачэвічы, а пазней Дудзічы Януша Быхаўца (?—1653). Пазней у валоданні Заранкаў, Прозараў, Ельскіх.
Пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года ў складзе Расійскай імперыі. У 1800 годзе вёска Церабелка Ігуменскага павета Мінскай губерні. З 1857 года ў валоданні Аляксандра Ельскага, належыць да дамена Замосце. У 1897 вёска ў Дудзіцкай воласці, ёсць хлебазапасны магазін, капліца. У 1888 годзе адкрытая царкоўнапрыходская школа[3].
У Першую сусветную вайну ў лютым — снежні 1918 года была пад акупацыяй войскаў Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі ўвайшла ў склад Беларускай ССР. У жніўні 1919 — ліпені 1920 года вёска была пад акупацыяй Польшчы.
У 1922 годзе дзейнічала школа 1-й ступені. У 1933 годзе працаваў калгас імя К. Я. Варашылава, была кузня[3].
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года акупаваная нацысцкай Германіяй. У ваколіцах вёскі дзейнічала савецкая партызанская брыгада «Беларусь». У сакавіку 1944 года нямецкія войскі спалілі вёску, загубілі 30 жыхароў. Пасля вайны вёска адноўленая[3].
Да 29 чэрвеня 2006 года вёска ўваходзіла ў склад Сяргеевіцкага сельсавета[4]. З 2006 года па 28 мая 2013 года ў складзе Праўдзінскага пассавета[5]. Пасля скасавання Праўдзінскага пасялковага савета ўключаная ў Навапольскі сельсавет[6].
Уладзімір Ляпёшкін (1928—1994) — беларускі паэт, педагог.
Галерэя
Дарожны ўказальнік на ўездзе з боку Крыстампалля
Абеліск землякам, загінулым у Вялікай Айчыннай вайне