wd wp Пошук:

Хроніка Еўрапейскай Сарматыі

Тытульны аркуш «Апісання Еўрапейскай Сарматыі». Кракаў. 1578

«Хроніка Еўрапейскай Сарматыі»[1] (польск.: Kronika Sarmacyey Europskiey), або «Апісанне Еўрапейскай Сарматыі» (лац.: Sarmatiae Europeae descriptio) — помнік гістарыяграфіі эпохі феадалізму. Складзена А. Гваньіні ў першай палове 1570-х гг. на лацінскай мове. «Хроніка Еўрапейскай Сарматыі» стала першым творам, які пазнаёміў заходне-еўрапейскага чытача з гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага і зместам беларуска-літоўскіх агульнадзяржаўных хронік.

Заснавана на розных крыніцах, у тым ліку на беларуска-літоўскіх хроніках. Аўтар выкарыстаў таксама матэрыялы, сабраныя М. Стрыйкоўскім. У творы апісваюцца Польшча, Беларусь, Літва, Украіна, Расія, Татарыя і інш. краіны, прыводзяцца звесткі з грамадзянскай гісторыі, геаграфіі, пра побыт, звычаі і культуру народаў Еўропы, напрыклад, артыкул «Спосаб узорвання глебы і сяўбы на Белай Русі» і інш. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага выкладзена скарочана, пераважна паводле «Хронікі Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага» і Хронікі Быхаўца[1].

Упершыню апублікавана ў 1578 годзе у Кракаве[1] аб’ёмам 203 аркушы, багата ілюстраваная. Была прысвечана каралю Стафану Баторыю. Складалася з чатырох частак, у якіх былі выкладзены гісторыя і геаграфія Польшчы, Літвы, Жамойці, Мазовіі, Інфлянтаў, Прусіі, Памераніі, Масковіі і Татарыі. Апісанне падзей было скончана на пахаванні Жыгімонта Аўгуста (1574).

Яшчэ тады Мацей Стрыйкоўскі абвінаваціў Гваньіні, што той прысвоіў сабе яго рукапіс і апублікаваў пад сваім прозвішчам. 14 ліпеня 1580 года кароль Стафан Баторый выдаў дакумент, якім пацвердзіў уласнасць Стрыйкоўскага на працу. Большасць гісторыкаў лічаць, што менавіта гэтая акалічнасць стала прычынай выезду Гваньіні ў Швецыю, і што толькі смерць Стрыйкоўскага (канец 1580-х—пач. 1590-х гг.) дазволіла Гваньіні бесперашкодна карыстацца працай ад свайго імя. Аднак «Апісанне Еўрапейскай Сарматыі» працягнула выдавацца ад імя Гваньіні.

Тытульны аркуш «Апісання Еўрапейскай Сарматыі». Шпаер. 1581

У 1581 у Спіры (Германія)[1] у друкарні Бернхарда Альбіна[2] выйшла 2-е, дапоўненае выданне; у 1583 надрукавана ў Італіі ў перакладзе на італьянскую мову[1].

Тытульны аркуш «Хронікі Еўрапейскай Сарматыі». Кракаў. 1611

На Беларусі і Украіне была вядома ў выданні на польскай мове (польск.: Kronika Sarmacyey Europskiey; друкарня Мікалая Лоба[2], Кракаў, 1611, непасрэднай крыніцай для гэтай рэдакцыі паслужыла «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» Стрыйкоўскага), якое дапоўнена кароткім апісаннем Заходняй Еўропы, некаторых краін Блізкага Усходу, а таксама падзей у Польшчы, Вялікім Княстве Літоўскім і Расіі апошняй чвэрці XVI ст.[1]. Фаліянт (852 старонкі) складаецца з дзесяці частак-кніг, кожная з якіх мае асобны тытульны ліст, прадмову аўтара з прысвячэннем выдатным асобам Рэчы Паспалітай. Выданне вылучаецца насычаным шматлікімі гравюрамі афармленнем з выявамі гістарычных герояў і князёў, гербаў і батальных сцэн, бытавых замалёвак. У пачатку кнігі змешчаны партрэт і герб аўтара[2].

У першай пал. XVII ст. перакладзена на беларускую мову. Паслужыла крыніцай для беларускіх і ўкраінскіх хронік і хранографаў XVIIXVIII стст. На яе спасылаецца Трафім Сурта ў прадмове да «Магілёўскай хронікі».

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17), ISBN 985-11-0035-8.
  2. 1 2 3 Выстаўка адной кнігі. «Хроніка Еўрапейскай Сарматыі» Архівавана 26 студзеня 2016.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага
Катэгорыя·Літаратурныя творы на лацінскай мове
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Гістарычныя хронікі
Катэгорыя·Кнігі 1578 года
Катэгорыя·Гістарыяграфія гісторыі Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара