wd wp Пошук:

Халха-манголы

Ха́лха-манго́лы (манг.: Халх) — найбуйнейшая група усходніх манголаў, асноўная этнічная супольнасць Манголіі (82,40% ад усяго насельніцтва). Агульная колькасць у Манголіі (2010 г.) — 2 168 141 чал.[1] У 2009 г. у Беларусі жыло 29 чал., якія адносілі сябе да халха-манголаў[2]. З іх 11 чал. лічыла роднай мовай мангольскую, 2 чал. — беларускую.

Паходжанне

Назва Халх пачала ўжывацца да тэрыторыі вакол хрыбта Хэнтэй з другой паловы XVI ст. і значыла “шчыт”. Яна магла азначаць мяжу Мангольскай імперыі або папросту горны рэгіён. У той час землі Халх мелі насельніцтва рознага этнічнага паходжання, у тым ліку групы тангутаў, тунгусаў і цюркаў, аднак большасць складалі непасрэдна манголы. Іх родава-племянная сістэма была разбурана яшчэ ў XIII ст. у выніку рэформ Чынгісхана і Угэдэя. На чале пэўных качавых аб’яднанняў стаялі феадалы, стаўленікі мангольскіх ханаў.

Канчатковае вылучэнне халха-манголаў адбылося ў XVII ст., калі заходнія манголы-айраты стварылі Джунгарскае ханства. Барацьба паміж халха-манголамі і джунгарамі садзейнічала іх адасабленню. У 1691 г. халха-мангольскі курултай прызнаў сваю падначаленасць імперыі Цын, хаця на месцах працягвалі кіраваць буйныя феадалы - ханы, а тэакратычная ўлада належыла будысцкаму кіраўніку - багдыхану.

У 1911 г. у выніку рэвалюцыі ў Кітаі імперыя Цын скончыла сваё існаванне. Пры падтрымцы РСФСР у 1921 г. была створана незалежная Манголія.

Субэтнічныя групы

У складзе халха-манголаў вылучаюцца групы халха-эльджыгенаў або элжгін, а таксама дарыганга.

Халха-эльджыгены жывуць у Заходняй Манголіі, недалка ад возера Убсу-Нур. Яны істотна не адрозніваюцца ад іншых халха-манголаў па сваёй мове і культуры, але суседзі далі ім асобнае найменне ў гонар іх легендарнага кіраўніка Эльджыген-хана[3], які быццам бы меў асліныя вушы.

Дарыганга насяляюць плато Дарыганга на паўднёвым усходзе Манголіі. У канцы XVII ст. іх продкі былі пераселены маньчжурскімі імператарамі з Унутранай Манголіі, каб пасвіць табуны імператарскіх коняў. Да новых насельнікаў таксама далучаліся палонныя джунгары і выхадцы з Цэнтральнай Манголіі. Дарыганга ўваходзілі ў маньчжурскую сістэму сцягавых аб’яднанняў гуса, адмененую толькі ў 1921 г. пасля далучэння іх зямель да Манголіі.

Дарыганга размаўляюць на тым жа дыялекце мангольскай мовы, што і астатнія халха-манголы, але маюць свае асаблівасці ў вопратцы, звычаях і традыцыях.

Мова

Халха-манголы размаўляюць на асобным дыялекце мангольскай мовы, які з’яўляецца ў Манголіі літаратурным. Пісьмовасць на аснове кірыліцы.

Рэлігія

Большасць вернікаў спавядае будызм кірунку ваджраяна. Шырока распаўсюджаны шаманісцкія звычаі, шанаванне гор і камянёў, вера ў сакральныя знакі овоо.

Зноскі

  1. toollogo2010.mn
  2. belstat.gov.by
  3. В.А. Кисель, Железный век. Древние тюрки

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Манголы
Катэгорыя·Народы Манголіі