wd wp Пошук:

Фёдар Міхайлавіч Еўлашоўскі

Фёдар Міхайлавіч Еўлашоўскі (Еўлашэўскі) (7 лютага 1546, Ляхавічы, Навагрудскае ваяводства, цяпер у Брэсцкай вобласці — 1616) — пісьменнік і грамадскі дзеяч у Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай.

Аўтар аднаго з першых узораў старабеларускай мемуарнай літаратуры — «Дзённіка» (16031604). Падсудак наваградскага земскага суда1592), пасол ад шляхты Наваградскага павета на Варшаўскі вальны сойм (1576). Аўтар вядомага азначэння «Залаты век», якое адносіў, пераважна, да 3-й чвэрці 16 ст.[1]

Біяграфія

Пячатка Ф. Еўлашоўскага.

3 дробнапамеснай шляхты. Самаадукацыяй набыў значныя веды ў матэматыцы, справаводстве і юрыспрудэнцыі, дзякуючы чаму карыстаўся павагай у сучаснікаў. У час Лівонскай вайны 1558—1583 гадоў браў удзел у бітве на Уле (1564), пасля ўдзельнічаў у шэрагу войнаў, але быў перакананы ў бязглуздасці войнаў агулам. Стаў прыхільнікам пратэстантызму. Адукаваны юнак хутка звярнуў на сябе ўвагу магнатаў, М. К. Радзівіла Сіроткі, Я. Хадкевіча, К. Астрожскага, якія даручалі яму весці важныя судовыя справы. У Вільні ў час эпідэміі захварэў хранічнай хваробай (магчыма, т.зв. англіскай гарачкай).

Прымаючы пад увагу юрыдычныя здольнасці і багаты практычны вопыт свайго земляка, яго вядомасць пры каралеўскім двары, а таксама ўдзел у Люблінскім сойме 1569 года, навагрудская шляхта ў 1579 паслала Ф. Еўлашоўскага сваім павятовым паслом на Варшаўскі вальны сойм. 3 гэта часу Ф. Еўлашоўскі на службе ў Жыгімонта II Аўгуста, з 1572 у М. К. Радзівіла Сіроткі. У 1576 у Торуні сустракаўся са Стафанам Баторыем. Паводле каралеўскага прывілея з 1577 займаў пасаду пінскага і сервецкага мастаўнічага. Разам з навагрудскім суддзёй А. Трызнам яму было даручана прыняць удзел у выпрацоўцы тэксту «Трыбунала» — статута вышэйшага апеляцыйнага суда Вялікага Княства Літоўскага. У 1584 годзе прымаў удзел у сесіях Ваўкавыскага, Мінскага, Навагрудскага і Слонімскага паветаў, запрошаны на пасаду судовага абвінаваўцы. Калі ў 1592 годзе ў новагародскім земскім судзе аказалася вакантным месца падсудка, у ліку чатырох іншых прэтэндэнтаў ваяводская шляхта абрала яго сваім кандыдатам. Ф. Еўлашоўскі займаў гэту пасаду да 1613 года.

Мемуары

Старонка з успамінаў Ф. Еўлашоўскага

Асноўны артыкул: Дзённік Фёдара Еўлашоўскага Ф. Еўлашоўскі вядомы як аўтар першых мемуараў на беларускай мове. Дзённік быў пачаты ў 1603 магчыма, пад уплывам дыярыуша М. К. Радзівіла Сіроткі «Паломніцтва да святой зямлі». Апошні запіс у творы датуецца 1604. Першая старонка рукапісу з загалоўкам не захавалася, таму мемуары даследчыкі называюць «дзённікам», «успамінамі», «гістарычнымі запіскамі» (у найбольшай ступені адпавядае зместу). «Гістарычныя запіскі» — адзіны вядомы твор з літаратурнай спадчыны пісьменніка.

У жанравым плане гэта класічны мемуарны твор з элементамі мастацка-літаратурнага вымыслу. Мемуары носяць аўтабіяграфічны характар, факты ў іх пададзены ў строгай храналагічнай паслядоўнасці. Пераважна, аўтар запісваў звесткі пра сваё жыццё, пра асабістыя ўражанні. Між іншым, падаюцца звесткі пра асобныя гістарычныя падзеі 16—17 ст.: асобныя бітвы Лівонскай вайны (1558—1583), прыёмы каралямі Рэчы Паспалітай замежных паслоў, заключэнне Люблінскай уніі (1569), выбары каралёў. Але буйнейшыя пытанні палітыкі не закранаюцца, бо аўтар лічыў гэта прэрагатывай магнатаў.

Зноскі

  1. Паводле (Падокшын 2002).

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Старабеларуская мова
Катэгорыя·Памерлі ў 1616 годзе
Катэгорыя·Мемуарысты Вялікага Княства Літоўскага
Катэгорыя·Падсудкі новагародскія
Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі
Катэгорыя·Аўтары знакамітых дзённікаў
Катэгорыя·Нарадзіліся 7 лютага
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Ляхавічах
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1546 годзе