wd wp Пошук:

Земскі суд

Зе́мскі суд — шляхецкі саслоўны суд пры павеце, уведзены ў ВКЛ пасля адміністрацыйных рэформ 1560-х гг. Пачатковае вызначэнне структуры і кампетэнцыі земскага суда было зроблена Бельскім прывілеем (1564), і замацавана ў Статуце 1566 года.

Разгляду ў земскім судзе падлягалі ўсе крымінальныя справы шляхты, апроч спраў, падсудных гаспадарскаму і гродскаму судам. Таксама ў земскі суд маглі падавацца скаргі на пазапраўныя дзеянні службовых асоб гэтага павета. Як і гродскі суд, земскі суд сведчыў грамадзянска-прававыя дагаворы, чыніў дзеянні па забеспячэнні судовых доказаў і пад.

Справаводства земскага суда мела такую самую арганізацыю, што і ў іншых мясцовых судах ВКЛ пасля 1560-х гг.

Земскі суд аддзяляўся ад іншых органаў дзяржаўнай улады і быў выбарным. У яго склад уваходзілі суддзя, падсудак і пісар. Усе яны абіраліся шляхтай павету (з 4-х кандыдатур на кожную пасаду) і зацвярджаліся на пажыццёвае займанне пасады вялікім князем. Абранымі маглі быць толькі шляхцічы, жыхары ВКЛ, якія мелі нерухомую маёмасць у гэтым павеце.

Суд збіраўся на разгляд спраў 3 разы на год, судовыя сесіі («рокі земскія») працягваліся па 3—4 тыдні. Паводле Статутаў ВКЛ на працягу года адбываліся 3 судовыя сесіі, якія пачыналіся у студзені, пасля каталіцкага свята Трох Каралёў (Вадохрышча, 6 студзеня); летам, пасля каталіцкай Тройцы (Сёмухі); у верасні, пасля каталіцкага свята св. Міхала (29 верасня)[1].

Зноскі

  1. Рокі земскія // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. — С. 120.

Гл. таксама

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Суды
Катэгорыя·Дзяржаўны лад Расійскай імперыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Гістарычныя судовыя органы
Катэгорыя·Дзяржаўны лад Вялікага Княства Літоўскага