wd wp Пошук:

Урэцкая шкляная мануфактура

Эскізы люстэрак вытворчасці Урэцкай мануфактуры Радзівілаў у 1-й палове XVIII ст.

Урэцкая шкляная мануфактура — адна з першых мануфактур на тэрыторыі Беларусі. Існавала ў 17371846 гадах у мястэчку Урэччы Бабруйскага павета (цяпер Любанскі раён)

Гісторыя

Графін з урэцка-налібоцкай мануфактуры. XVIII ст. ГДГАМ

Заснавана Ганнай Радзівіл. Напачатку называлася люстэркавай мануфактурай. У 1823 годзе працавалі 132 рабочыя; выпускала ліставое (аконнае) шкло, хрусталёвыя люстры, свечнікі, люстэркі, жырандолі, кандэлябры, люстраныя насценныя рэфлектары, посуд, дробную пластычную аздобу для посуду і люстраў з хрусталю, каляровага і бясколернага шкла. У 1841—1844 гадах працавалі 2 гуты: па вытворчасці люстраў (3 печы) і ліставога шкла і посуду (6 печаў), цэх па вырабе кафлі. Былі таксама паліравальня, рысавальня, ганчарня, сталярня, слясарня.

Якасць люстэркаў Урэцкай шкляной мануфактуры не саступала лепшым заходнееўрапейскім узорам. Люстраное шкло выраблялася шляхам выдзімання цыліндрычных балонаў, якія ў мяккім стане разразаліся і фармаваліся ў плоскасці. Пазней люстэркі пачалі адліваць на адмысловых сталах. Расплаўленую шкляную масу набіралі ў адмысловыя каўшы, пераносілі і вылівалі ў адмысловыя каркасы, затым прасавалі. Пасля зацвярдзення шкляныя лісты вымалі з каркаса металічнымі крукамі і накіроўвалі для «гарту» ў печы. Затым люстэркі шліфавалі на шліфавальных станках, якія рухаліся вадзяным колам. Спілоўвалі бакі люстэркаў пры дапамозе адмысловых гэбляў.

Прадукцыя

Прадукцыя мануфактуры вывзначалася высокімі мастацкімі якасцямі. Вырабы аздабляліся граненнем «у брыльянт», «у карпавую луску», «у паскі», гравіроўкай, гарэльефнай разьбой, размалёўкай плацінай, золатам, серабром, фарбамі, упрыгожваліся накладнымі медальёнамі. Гравіраваныя кампазіцыі 1-й паловы XVIII ст. — геральдычныя і фігуратыўныя, партрэтныя выявы каралёў і асоб княжацкіх родаў, у сярэдіне XVIII—XIX стст. — надпісы фальклорнаму характару, геаметрычны і раслінны арнамент, букеты кветак, вінаградная лаза, сельскія і архітэктурныя пейзажы, выявы жывёл, міфалагічных і жанрава-бытавых сцэн. Кіравалі мануфактурай Т. Шэрбер (1741—1765), які ўкараніў у вытворчасць узоры французскіх, багемскіх і англійскіх люстэркаў, І. Малевіч (1804—1809). Працавалі дынастыі мясцовых майстроў Кахановічаў, Дубіцкіх, Бялькевічаў, Галубовічаў.

Вырабы мануфактуры зберагаюцца ў Дзяржаўным Эрмітажы (Санкт-Пецярбург), Дзяржаўным гістарычным музеі (Масква), Музеі этнаграфіі і мастацкага промыслу (Львоў), Нацыянальным музеі Кракава і Варшавы (Польшча).

Людвісарня

У інвентары Урэцкай шкляной гуты за 1774 год узгадваюцца старыя людвісарня і гізарня на яе тэрыторыі, якія заснаваў да 1747 года Геранім Фларыян Радзівіл. У дакуменце 1775 года пералічаны інструменты Урэцкай людвісарні: жалезныя пруты, вобручы і краты, формы з жалезнымі абручамі для адліўкі малых гармат, «штукі» жалеза з адтулінамі для адліўкі званоў, жалезныя таўкачы для ўтрамбоўкі зямлі, абложаныя залезам гліняныя заслоны, свярдзёлы для свідравання адтулін у гарматах і іншыя. Меркавалася ў 1775 годзе аднавіць дзейнасць людвісарні, але гэтага не адбылося. Вырабы людвісарні не вядомы.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Урэчча (Любанскі раён)
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без нумароў старонак
Катэгорыя·Гісторыя Любанскага раёна
Катэгорыя·З’явіліся ў 1737 годзе
Катэгорыя·Колішнія прадпрыемствы Мінскай вобласці
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без назвы артыкула
Катэгорыя·1737 год у Беларусі
Катэгорыя·Зніклі ў 1846 годзе
Катэгорыя·Мануфактуры Беларусі