wd wp Пошук:

Уруінімгіна

Уруінімгіна, таксама Урукагіна (шум. 𒌷𒅗𒄀𒈾; памёр у 2373 гг. да н. э.) — шумерскі сацыяльны рэфарматар, валадар Лагаша і Гірсу.

Біяграфія

Клінапісны конус Уруінімгіны

Паходжанне Уруінімгіны не зусім яснае. Яго бацька не меў прыдворных тытулаў, каб называць іх у пісьмовых крыніцах. Пасля прыходу да ўлады ён не называўся думу (сынам або спадчыннікам) папярэдніх манархаў першай дынастыі Лагаша. Лепей вядома пра яго жонку Шашу, бацька якой быў галоўным пастухом, а сама яна займала пасаду адміністратара ў адным з гарадскіх храмаў.

У той перыяд спадчынным валадаром-энсі Лагаша з’яўляўся Лугаланда. Ён і яго жонка Баранамтара былі буйнымі землеўласнікамі. Яны паставілі пад свой кантроль абшчынныя гарадскія храмы, прызначылі ў іх сваіх адміністратараў і вымусілі выплочваць падаткі нават жрацоў. На гліняных конусах з клінапіснымі тэкстамі пра Уруінімгіну паведамляецца, што маёмасць простых людзей адбіралі чыноўнікі, яны трацілі зямлю і былі вымушаны працаваць у маёнтках энсі, храмавыя адміністратары спаганялі высокую плату, выкарыстоўвалі храмавых быкоў для ўзворвання асабістых палеткаў.

У Лагашы адбыўся пераварот. Рада з 36000 мужчын выбрала валадаром Уруінімгіну. Тое, што сын Лугаланды заставаўся праз год пасля падзей жывым, а яго жонка Баранамтара была ўрачыста пахавана толькі праз 2 гады, можа сведчыць пра тое, што пераварот абышоўся без гвалту. Уруінімгіна пачаў звальняць адміністратараў, заплямленых злоўжываннямі, усталяваў абмежаванні на суму, якую жрацы маглі збіраць за рэлігійныя рытуалы і пахаванне мёртвых, адмяніў пазыковае рабства, абвясціў усеагульную амністыю, аказваў дабрачыннасць бедным і старым. Землі і маёткі Лугаланды былі перададзены храмам.

У сваіх сацыяльных рэформах Уруінімгіна нібы абапіраўся на волю багоў. Усе свае дзеянні ён занатоўваў на гліняных конусах, якія закопваў каля аснавання храмаў. На іх упершыню сустракаецца паняцце а-магі («свабода»), таму даследчыкі нашых дзён звыкла называюць іх конусамі свабоды. Праз год Уруінімгіна прыняў тытул лугаль, што магло сведчыць пра тэакратычны характар яго кіравання.

Супраць Уруінімгіны і жыхароў Лагаша выступіў Лугальзагесі, валадар Умы і Урука. Падставай стала зямельная спрэчка паміж Урукам і Лагашам. Войска Умы ўзяло Лагаш у аблогу, захапіла і разрабавала яго. Жорсткія дзеянні Лугальзагесі пазней былі адлюстраваны ў шумерскай паэме пра заняпад Лагаша. Уруінімгіна пераехаў у Гірсу, але быў вымушаны абараняцца і там. На адным з конусаў ён паведамляе, што змагаўся з Лугальзагесі, і той прайграў. Аднак пасля другой аблогі Гірсу звесткі пра яго кіраванне губляюцца.

Заканадаўства

У шумераў не было паняцця права як асаблівай галіны сацыяльных узаемадзеянняў. Тым не меней, Уруінімгіна стаў першым палітычным дзеячом, які прымаў законы ў пісьмовай форме і зводзіў разам. У адрозненні ад пазнейшага звода Ур-Наму, заканадаўства Уруінімгіны не захавалася да нашага часу і дайшло толькі ў пераказе. Аднак звесткі пра рэформы дазваляюць казаць, што асноўны сэнс прыняцця пісьмовага заканадаўства быў заключаны ў імкненні да справядлівасці. Уруінімгіна занатоўваў свае дзеянні, што, хутчэй, з’яўлялася справаздачай перад багамі. Хоць сацыяльны рэфарматар у выніку прайграў, яго асоба высока ацэньвалася нашчадкамі. Уруінімгіне была прысвечана асобная паэма ў панегірычнай форме.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй дат у картцы
Катэгорыя·Рэформы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў XXV стагоддзі да н.э.
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Кіраўнікі Старажытнай Месапатаміі
Катэгорыя·Шумер