wd wp Пошук:

Тыпы пытанняў англійскай мовы

Тыпы пытанняў англійскай мовы - класіфікацыя пытанняў англійскай мовы адпаведна пэўным прызнакам на некалькі ўмоўных груп. Традыцыйна на занятках па вывучэнню англійскай мовы як замежнай выдзяляюць наступныя тыпы пытанняў: агульныя, альтэрнатыўныя, раздзяляльныя, спецыяльныя. Асобкам стаяць спецыяльныя пытанні з займеннікам who (хто), які выступае ў ролі дзейніка ў пытальным сказе. Таксама як асобны від разглядаюцца пытанні ўскоснай гаворкі[1].

Агульныя пытанні

Агульныя пытанні (англ. “General questions”) - гэта пытанні, якія даюць адказ “так” ці “не”. Умоўна можна вылучыць дзве падгрупы такіх пытанняў: 1) пытанні з дзеясловам be (быць) і мадальнымі дзеясловамі, якія не патрабуюць выкарыстання дапаможных дзеясловаў, такіх як do i have. У такіх выпадках сам дзеяслоў-выказнік ставіцца ў пачатку сказа для сінтаксічнага выражэння агульнага пытання. Дзеяслоў-выказнік можа пры гэтым суправаджацца часціцай not (у такім выпадку перадаецца ідэя “хіба…не”).

Are you still here? - Ты яшчэ тут?

Couldn’t he walk faster? - Хіба ён не мог ісці шпарчэй?

Was not it impolite? - Хіба гэта не было няветліва?

May I smoke here? - Ці магу я тут пакурыць?

  1. падгрупа ахоплівае ўсе астатнія дзеясловы, якія выражаюць свае палажэнне ў агульным пытальным сказе праз адпаведны пэўнай форме часу дапаможны дзеяслоў (які не перакладаецца на беларускую) у пачатку сказа :

Do you know her name? - Ты ведаеш яе імя?

Were not you doing your research at 5 yesterday? - Хіба ты не займаўся сваім даследаваннем учора ў 5?

Has Mr. Smith arrived? - Містэр Сміт ужо прыехаў?

Will I meet you there? - Ці сустрэну я цябе / Вас там?

Won’t she have finished her work by that time? - Хіба яна не скончыць сваю работу да гэтага часу?

Магчыма захаванне сінтаксісу сцвярджальнага сказа:

She is your wife (замест Is she your wife)? - Яна твая / Ваша жонка?

John likes it (замест Does John like it)? - Джону гэта падабаецца?

Альтэрнатыўныя пытанні

Гэты від пытанняў (alternative questions) адрозніваецца ад агульных выбарам з некалькіх варыянтаў адказу, але па форме сінтаксічнай структуры яны падобны на агульныя пытанні - Сказ пачынаецца з выказніка (для мадальных дзеясловаў і be) ці з дапаможнага дзеяслова (для ўсіх астатніх варыянтаў выказніка). Выбар варыянтаў магчымы праз аб’яднанне аднім выказнікам двух ці больш дапаўненняў (Was it a big rat or a little mouse? - Гэта быў вялікі пацук ці маленькае мышанё?) або праз аб’яднанне злучнікам or (“ці, або, альбо”) двух ці больш сказаў у адзін складаназлучаны (Shall I call him or do you want me to go there? - Ці павінен я патэлефанаваць яму ці ты хочаш, каб я пайшоў туды?). У паўсядзённых сітуацыях можна сустрэць і такую камбінацыю: спачатку спецыяльнае пытанне, потым скарочаны варыянт (без выказнікаў) альтэрнатыўнага (What do you want? Tea or coffee? - Што вы жадаеце? Чай ці каву?).

На альтэрнатыўныя пытанні не магчыма адказаць “так” ці “не”, звычайна адказ разумее пад сабой выбар аднаго ці некалькіх з прапанаваных варыянтаў, адмову ад усіх прапановаў ці сустрэчнае прапанаванне яшчэ адной альтэрнатывы. Але бываюць пытанні, якія з’яўляюцца альтэрнатыўнымі толькі па форме і агульнымі па сутнасці. Напрыклад на пытанне Wouldn’t you have some soup or roastbeef with us? (Ці не жадаеце паесці з намі суп ці ростбіф?) у першую чаргу чакаецца адказ “так” ці “не”, а выбар паміж супам і ростбіфам мае ўжо другарадны характар.

Раздзяляльныя пытанні

Гэта група пытанняў (па англ. tag questions), якія можна аднесці да катэгорыі рытарычных (г.зн. такіх, якія не патрабуюць адказу). Назва “раздзяляльны” замацавалася за гэтымі пытаннямі таму, што кожны з іх уяўляе сабой дзве часткі аднаго сказа. Першая частка - гэта само пытанне ў сінтаксічнай форме сцвярджальнага ці адмоўнага сказа, другая - камбінацыя з процілеглай формай дапаможнага дзеяслова (ці самога выказніка) і асабовым займеннікам, які адпавядае роду, асобе і ліку дзейніка. Гэта камбінацыя перакладаецца на беларускую фразай “ці не так” незалежна ад асобнага значэння кожнага з складнікаў.

Mr. Andrews was angry, wasn’t he? - Містэр Эндрус быў раззлаваны, ці не так?

You aren’t watching TV, are you? - Ты не глядзіш тэлевізар, ці не так?

The children have finished playing, have they? - Дзеці скончылі гуляць, ці не так?

Mommy can’t lie, can she? - Мама не ўмее маніць, ці не так?

I shall be always polite with them, shan’t I? - Я мушу быць заўсёды ветлівым з імі, ці не так?

We will have been married for 10 years next year, won’t we? - Мы будзем жанаты ўжо 10 гадоў у наступным годзе, ці не так?

Пры гэтым інтанацыя можа перадаць ступень рытарычнасці раздзяляльнага пытання. Калі адказ на пытанне - відавочнае “так”, якое можна і не агучыць, інтанацыя будзе сыходнай у абедзвюх частках пытальнага сказа. Калі адказ (“так” ці “не”) чакаецца інтанацыя будзе сыходнай да раздзяляльнай коскі (як у сцвярджальных і адмоўных сказах) і ўзыходнай пасля яе (як у агульных пытаннях).

Спецыяльныя пытанні

Спецыяльныя пытанні англійскай мовы (special questions) сінтаксічна падобны на агульныя. Ад апошніх яны адрозніваюцца пытальнымі займеннікамі[2], з якіх пачынаецца сказ. Гэтыя пытальныя займеннікі перадаюць асноўны сэнс усяго сказа, таму у некаторых сітуацыях усё пытанне можна звесці да аднаго такога займенніка.

What are you talking about? - Пра што вы гаворыце?

Which is you umbrella? - Які з парасонаў твой?

How much money has he earned? - Сколькі грошай ён зарабіў

How many students can answer this question? - Сколькі[3] навучэнцаў могуць адказаць на гэта пытанне?

Whom will you give this book? - Каму вы дасце гэту кнігу?

Whose turn is that? - Чыя падыйшла чарга?

Where have you been? - Дзе ты быў?

When did it happen? - Калі гэта адбылося?

Why should I read this article? - Чаму мне варта прачытаць гэты артыкул?

Звычайна менавіта такі парадак пабудавання сказа характэрны для спецыяльных пытанняў. Таксама не лічыцца парушэннем паставіць прыназоўнік не апошнім словам у сказе а першым (замест “What are you talking about?” паставіць “About what you are talking?”). У навучальнай літаратуры і публіцыстычных творах сустракаецца тэндэнцыя выкарыстання свабоднай сінтаксічнай паслядоўнасці сказа (напрыклад, замест “Why should I read this article?” пішуць “I should read this article why?”). У асноўным, гэта тэндэнцыя характэрна для амерыканскага варыянта англійскай мовы. (Прыклад інфармацыі на амерыканскім варыянце англійскай мовы з спецыяльнымі пытаннямі ў форме сказаў з свабодным сінтаксісам можна прачытаць тут , пытанні 16 і 17).

Займеннік who ў спецыяльных пытаннях

Займеннік who (хто) ў спецыяльных пытаннях часта выконвае ролю дзейніка. Таму сінтаксіс і граматыка пытанняў з who ў некаторай ступені адрозніваецца ад іншых спецыяльных пытанняў. Выказнік можа не мяняць формы, характэрнай для сцвярджальнага сказа:

Who threw it on the floor? - Хто кінуў гэта на падлогу? (У іншым спецыяльным пытанні трэба ставіць дапаможны дзеяслоў і пераводзіць выказнік у форму інфінітыва, напр., What did he throw? - Што ён кінуў?)

Але ў сітуацыях, калі who не з’яўляецца дзейнікам, яго граматыка і сінтаксіс індэнтычны іншым спецыяльным пытанням:

Who did you put the question to? - Каму ты задаў гэта пытанне?

Пытанні ўскоснай гаворкі

Агульныя, альтэрнатыўныя і спецыяльныя пытанні мяняюць сінтаксіс у сказах ускоснай гаворкі. Дапаможны дзеяслоў do агульных і альтэрнатыўных пытанняў мяняецца словамі if /whether (“ці”), славарны парадак ідзе як у сцвярджальнага ці адмоўнага сказа (спачатку дзейнік, потым выказнік, а не спачатку даможны дзеяслоў, потым дзейнік і ўрэшце выказнік у форме інфінітыва). Пытальнік у такіх сказах не ставіцца.

I wonder if you liked him - Мне цікава, а ці любіў ты яго?

It’s interesting whether she was working or having fun - Цікава, яна працавала ці весялілася?

I want to know where he could go - Хацеў б я ведаць, куды ён мог пайсці.

Выражэнне “так” і “не” з дапамогай yes i no

У англійскай мове слова yes перадае ідэю, эквівалентную беларускаму “так” толькі калі пытанне не мела часціцы not (не). Каб згадзіцца з пытаннем, у якім ёсць адмаўленне трэба казаць no.

Don’t you like sports? - Yes, I do (Хіба ты не любіш спорт? - Не, люблю / Так, люблю)

You aren’t hungry, are you? - No, I’m not. (Вы ж не галодны, ці не так? - Так, я не галодны / Не, я не галодны).

Тым не менш, у паўсядзённым жыцці носьбіты англійскай мовы нярэдка парушаюць гэта правіла і ставяць yes i no незалежна ад сцвярджальнасці ці адмоўнасці пытання. Прыкладам можа служыць дыялог у фільме “Тытанік” Дж. Камерона (1997 г.)

Jack: There’s no arrangement, isn’t there? (Джэк: Няма ніякага пагаднення, ці не так?)

Cal: No, there is. (Кэл: Не, яно ёсць.)

У гэтай сітуацыі правільна было б казаць “Yes, there is”, але герой фільма выбраў парушэнне правілаў граматыкі, што характэрна для паўсядзённай гаворцы розных моваў свету.

Зноскі

  1. У 1990-я гг. у беларускіх школах і вну меў шырокае распаўсюджанне прыём, калі навучэнец павінен быў паставіць да сказа, урыўка ці тэкста па аднаму пытанню ўсіх тыпаў, да якіх адносілі і пытанні ва ўскоснай гаворцы. Але фактычна такія пытанні не ўяўляюць сабой асобны від, а толькі сінтаксічную трансфармацыю агульных, альтэрнатыўных ці спецыяльных пытанняў.
  2. Падрабязнае апісанне выкарыстання пытальных займеннікаў можна прачытаць у наступнай кнізе: Martin Hewings. Advanced Grammar in Use, 2nd edition, Unit 26, p.52
  3. Займеннікі much і many перадаюць сэнс “многа, шмат”, першы выкарыстоўваецца з назоўнікамі, якія не маюць множнага ліку (назвы рэчываў, абстрактыя ідэі), другі - з тымі які можна падлічыць. У многіх сітуацыях яны замяняюцца ўніверсальным сінонімам a lot of, але ў сувязі з адсутнасцю слова “сколькі” ў англійскай мове ў спецыяльных пытаннях ставяць камбінацыю з слова how (“як”) і аднаго з гэтых займеннікаў адпаведна вылічальнасці назоўніка, да якога ставіцца пытанне

Дадатковая інфармацыя

Типы вопросов в английском языке Сайт “Учим английский онлайн”

Тэмы гэтай старонкі (2):
Сінтаксіс
Англійская мова