wd wp Пошук:

Турынскі царскі папірус

Турынскі царскі папірус, або Турынскі спіс цароў — старажытнаегіпецкі спіс цароў, створаны, імаверна, у часы фараона Рамсеса II. Турынскі папірус напісан іератыкаю і змяшчае імёны егіпецкіх цароў (фараонаў) разам з гадамі іх праўлення. Кавалкі папіруса ўяўляюць сабой найбольш поўны пералік егіпецкіх фараонаў і складаюць аснову для большасці храналогій з часоў валадарання Рамсеса II. Папірус захоўваецца ў Егіпецкім музеі ў Турыне.

Паходжанне

Царскі папірус узыходзіць к часам Рамсеса II. Ён быў напісаны іератычным пісьмом на адваротным баку непатрэбнай падатковай ведамасці (пераліку падаткаў).[1]

Зарысоўка Турынскага папіруса

Адкрыццё і рэканструкцыя

Папірус быў знойдзен у 1820 годзе ў Луксоры, у Еўропу яго прывёз Бернардзіна Дравецці. У 1824 годзе папірус быў набыты Егіпецкім музеем у Турыне. Калі распакавалі скрыню, у якой яго прывезлі ў Італію, выявілася, што ён распаўся на маленькія шматочкі. Рэстаўрацыя здавалася зусім безнадзейнай.[2]

Жан-Франсуа Шампальён, які распакоўваў скрыню, заўважыў, што на некаторых з кавалкаў былі царскія імёны, адзінае, што ён мог разабраць на той час. На аснове большых кавалкаў ён падрыхтаваў рысунак.

Неўзабаве пасля ад’езду Шампальёна з Турына музей наведаў саксонскі даследчык старажытнасцей Густаў Зэйфарт. Ён нанава перагледзеў скрыню і змог знайсці ўсе вядомыя сёння фрагменты, некаторыя з якіх былі памерам усяго 1 на 1 см. Зэйфарт ажыццявіў канчатковую рэканструкцыю папіруса, вынік якой і сёння можна бачыць у музеі. Пры зборцы адзінай падказкай для Зэйфарта былі валокны папіруса, бо ён яшчэ не ўмеў расшыфроўваць іератычныя знакі.

Нягледзячы на спробы рэканструкцыі, прыкладна палова плошчы папіруса застаецца страчанай. Папірус у цяперашнім стане мае памеры 1,7 м у даўжыню і 0,41 м у шырыню і складаецца з больш чым 160 фрагментаў.

Іерагліфічная транскрыпцыя Турынскага спіска

Структура і змест

Царскі папірус падзяляецца на некалькі слупкоў, у якіх пералічваюцца імёны і годы праўлення старажытнаегіпецкіх цароў.

Першы слупок

У першым слупку пералічваюцца цары з дынастыі багоў, якія паводле паданняў правілі Егіптам, і на чале якіх стаяў бог Птах. Аднак першая частка слупка і, тым самым, пачатак тэксту амаль поўнасцю адсутнічае.

Другі слупок

У другом слупку ўзгадваюцца каля 30 цінісскіх уладароў (правіцеляў нома са сталіцай у Цінісе/Абідасе), пасля 10 мемфісскіх уладароў (правіцеляў нома “Белыя сцены” са сталіцай у Меннеферы).

Трэці і наступныя слупкі

Толькі ў трэцяй частцы пачынаецца ўласна спіс егіпецкіх цароў. Пры гэтым для правіцеляў таксама ўзгадваюцца іх выдатныя здзяйсненні і значныя падзеі, якія адбыліся ў часы іх валадарання. Акрамя таго, прыводзіцца працягласць праўлення, а таксама ўзрост валадара на момант яго адыходу ад улады або смерці.

Супастаўленне з іншымі спісамі

Пры параўнанні з іншымі спісамі цароў відаць вялікае падабенства з грэчаскім спісам Манефона з Себенніта. Іерагліфічныя Сакарскі, Абідаскі і Карнакскі змяшчаюць значна карацейшыя паслядоўнасці цароў.

Гл. таксама

Спасылкі

Зноскі

  1. Больш падрабязны выклад гісторыі папіруса можна знайсці ў кнізе Eduard Meyer: Aegyptische Chronologie (= Philosophische und historische Abhandlungen der Königlichen Akademie der Wissenschaften. 1904, 1, ZDB-ID 955708-8). Verlag der Königlichen Akademie der Wissenschaften, Berlin 1904.
  2. Beckerath: Chronologie. 1997, S. 19.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Егіпецкія папірусы
Катэгорыя·Спісы егіпецкіх цароў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Літаратура Старажытнага Егіпта
Катэгорыя·Старажытнаегіпецкія стэлы і надпісы