Туне́ўшчына[1] (трансліт.: Tunieŭščyna, руск.: Туневщина) — вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Алексіцкага сельсавета.
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Тунеўшчына ў складзе Юравіцкай воласці, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[5].
1 студзеня 1919 згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Юравіцкая воласць Рэчыцкага павета ўвайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучаная да РСФСР.
8 снежня 1926 года Тунеўшчына вернута БССР. У складзе Алексіцкага сельсавета Юравіцкага, з 8 ліпеня 1931 года Хойніцкага раёна. У тым жа годзе жыхары ўступілі ў калгас. З 20 лютага 1938 года — у складзе Палескай вобласці.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Тунеўшчыне налічваўся 101 двор з 330 жыхарамі. У жніўні 1942 года акупанты расстралялі 21 вяскоўца, яшчэ 2-х угналі ў Германію. У 1943 годзе разбурылі 43 двары і загубілі 7 жыхароў[6]. 54 вяскоўцы загінулі на франтах.
З 8 студзеня 1954 года Тунеўшчына — у Гомельскай вобласці. Згодна з перапісам 1959 года, у вёсцы налічвалася 446 жыхароў. У складзе калгаса «Ленінскі шлях» (цэнтр — вёска Глінішча).
План Тунеўшчыны складаецца з злёгку выгнутай вуліцы, блізкай да шыротнай арыентацыі, да цэнтра якой далучаецца кароткая простая вуліца з завулкам. Забудова драўляная, сядзібнага тыпу[7].