wd wp Пошук:

Тсвана

Тсва́на (саманазва Batswana), у мінулым таксама вядомы як бечуана (англ.: Bechuana) — група паўднёваафрыканскіх малых народаў, асноўнае насельніцтва дзяржавы Батсвана. Таксама жывуць у ПАР, Намібіі, Зімбабвэ. Агульная колькасць (2017 г.) - 5 686 000 чал.[1]

Гісторыя

Агульныя продкі басута, педы і тсвана з’явіліся ў Паўднёвай Афрыцы ў сярэднявеччы. Плямёны тсвана адасобіліся ў перыяд паміж 1300 - 1500 гг. Згодна вусным генеалагічным паданням адным з першых вылучылася племя баралонг, якое ў нашы дні насяляе Паўночна-Заходнюю правінцыю ПАР. З яго складу вылучаліся іншыя плямёны. У XVIII - першай трэці XIX ст. тсвана былі вымушаны мігрыраваць у розныя часткі Паўднёвай Афрыкі пад ціскам іншых афрыканскіх плямён, бураў і грыква.

У другой палове XIX ст. паўднёвыя землі, населеныя тсвана былі ўключаны ў склад бурскіх дзяржаў, пераважна ў Трансвааль (зараз Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка). У 1885 г. па прапанове шатландскага місіянера Джона Макезі (1835 - 1899 гг.) на паўночных землях тсвана быў створаны брытанскі пратэктарат Бечуаналенд, абвешчаны ў 1966 г. незалежнай дзяржавай Батсвана. Тсвана ПАР актыўна ўдзельнічалі ў барацьбе з апартэідам.

Традыцыйная структура

Тсвана падзяляюцца на наступныя супольнасці, кожная з якіх мае адасобленую тэрыторыю пражывання, традыцыйныя кіраўнічыя пасады, культурныя і моўныя асаблівасці:

Акрамя таго, тсвана падзяляюцца на 25 буйных родавых арганізацый, што сустракаюцца ў кожнай супольнасці, і аб’яднаны агульнымі татэмамі-жывёламі.

У XIX ст. вылучаліся ваенныя правадыры кгосі. Яны пажыццёва выбіраліся з ліку кіруючых сем’яў дыкгасана. Яны распараджаліся агульнаплемяннымі каровамі, атрымлівалі частку паляўнічай здабычы і земляробчых прадуктаў. Іх уладу абмяжоўвала рада кготла, куды ўваходзілі як мужчыны, так і жанчыны. Большасць тсвана складалі роўныя паміж сабой абшчыннікі бадынтлга. Тсвана прымалі да сябе прастаўнікоў іншых народаў, асабліва добрых воінаў. Далучанныя да тсвана падзяляліся на інтэграваных у іх супольнасць бавалады і залежныя групы баіята. Апошнімі часцяком станавіліся сан.

Галоўным заняткам здаўна была пастаральная жывёлагадоўля. Жанчыны таксама займаліся ручным земляробствам. У месцах з дастатковай колькасцю вады тсвана будавалі вялікія паселішчы да 30 000 чалавек. Традыцыйная жытло ўключала хаціну або некалькі хацін з абавязковым загонам для кароў. Асноўнай формай сацыяльнай арганізацыі з’яўлялася пашыраная сям’я лалвапа. У яе склад уваходзілі малыя сем’і, прышлыя сваякі на ўтрыманні, служкі, прыёмныя дзеці і г. д. На чале стаяў старэйшы жанаты мужчына, радзей — жанчына. Адносіны паміж сем’ямі рэгуляваліся звычаёвым правам малоа.

Сваяцтва перадавалася па мужчынскай лініі. У ідэале лалвапа фарміравалася патрылінейна. Шлюбам папярэднічалі перагаворы паміж сем’ямі. У мінулым сваякі жаніха маглі выплочваць выкуп за нявесту каровамі, але не абавязкова за адзін раз. Часам выплата выкупа расцягвалася да канца жыцця жонкі. У нашы дні выкуп — рэдкая з’ява, у некаторых супольнасцях нават забаронены. Акрамя таго, існавалі формы часовага шлюбу, што дазвалялі абыходзіцца без выкупу.

У Батсване, ПАР і Намібіі традыцыйная структура грамадства захоўваецца дзякуючы заканадаўчаму замацаванню асобных правоў кгосі, кготла і лалвапа. Разам з гэтым, адбываецца разбурэнне традыцыйнага ладу з-за рабочых міграцый, з’яўлення прамысловасці і камерцыйнай сельскай гаспадаркі.

Мова

Сетсвана, родная мова тсвана, належыць да групы моў банту, блізкая да моў сепеды, сесота, сілозі. Падзяляецца на 12 буйных дыялектаў. Мае афіцыйны характар у Батсване.

Рэлігія

Згодна міфам тсвана існуе адзіны бог Мадыма. Аднак яго ўмяшальніцтва ў жыццё людзей нязначнае. Жывыя людзі могуць атрымоўваць яго заступніцтва праз пасрэдніцтва духаў продкаў бадыма, таму большасць рытуалаў накіравана на шанаванне продкаў. Тсвана верылі ў магію, якой валодаюць лекары дынгака і чараўнікі балой.

З XIX ст. еўрапейскія місіянерскія арганізацыі актыўна распаўсюджвалі хрысціянства. Большасць сучасных вернікаў належаць да розных плыняў пратэстантызму.

Зноскі

  1. People Cluster: Bantu, Sotho-Tswana

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Народы Афрыкі
Катэгорыя·Народы Батсваны
Катэгорыя·Народы ПАР
Катэгорыя·Народы Намібіі
Катэгорыя·Народы Зімбабвэ
Катэгорыя·Народы Паўднёвай Афрыкі
Катэгорыя·Народы банту