Су́мнік звычайны[3] (Solidago virgaurea) — кветкавая расліна з роду Сумнік (Solidago) сямейства Астравыя (Asteraceae).
Сумнік звычайны, уплаўнік[4], табака лясная[5], перастрэл, стрэльнік[6], блошкі, грабкі, жаўтакруг, куннік, палятуха, розга, сумнік залацісты, угаднік[7], сумнік, цыкорыя дзікая[8].
Шматгадовая травяністая расліна са сцяблом вышынёй 60—100 см. Сцябло прамастойнае, крыху галінастае, часам чырвона-фіялетавага колеру. Лісце чаргаванае. Прыкаранёвае і ніжняе сцябловае лісце падоўжана-эліпсоіднай формы, завостранае, з крылатым чаранком. Верхняе лісце сядзячае, ланцэтнае. Цвіце ў ліпені — верасні. Кветкі расліны жоўта-залацістага колеру ў шматлікіх дробных кошыках, сабраных у доўгія вузкія мяцёлкі. Плод — сямянка з шурпатым чубком.
Атрутная расліна. У каранях прысутнічае інулін.
Расліна распаўсюджана на тэрыторыі Еўразіі, Паўночнай Амерыкі і Паўночнай Афрыкі. Расце на схілах, у травяністых месцах, лясах, на высечках і ўзлесках.
Лекавая, меданосная і фарбавальная расліна.