Станісла́ўскае возера — возера ў Беларусі, у Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Патачанка (прыток Сэрвачы), за 23 км на захад ад горада Докшыцы, каля вёскі Станіслаўцы.
Плошча паверхні 0,46 км². Найбольшая глыбіня 2 м, сярэдняя 1,9 м. Даўжыня 0,93 км, найбольшая шырыня 0,65 км. Даўжыня берагавой лініі 2,61 км. Аб’ём вады 0,88 млн м³. Плошча вадазбору 42,2 км².
Катлавіна возера рэшткавага тыпу, круглаватай формы. Схілы катлавіны вышынёй да 2 м, на паўночным усходзе і ўсходзе да 10 м, часткова разараныя. Берагі на паўночным усходзе і ўсходзе забалочаныя, пад хмызняком, астатнія сплавінныя. Пойма шырынёй 75—100 м, тарфяністая. Дно возера выслана сапрапелем, уздоўж паўночна-ўсходняга берага — глеем. Зарастае падводнай расліннасцю. Шырыня паласы прыбярэжнай расліннасці з аеру, трыснягу, чароту 35—50 м.
У возеры водзяцца шчупак, акунь, плотка, лінь, карась і іншыя рыбы[2].