Спіс епіскапаў Фараса — адзін з найважнейшых дакументаў, знойдзеных польскай археалагічнай экспедыцыяй у Фарасе, напісаны на тынкоўцы ў нішы ўсходняй сцяны старажытнага баптыстэрыя сабора[1].
Спіс змяшчае імёны 27 епіскапаў сабора, у ім пазначаны працягласць епіскапату і месяц смерці епіскапа. Найстарэйшая частка спіса датуецца прыблізна 902 годам. Спіс напісаны на грэчаскай і копцкай мовах, відавочны ўплыў старажытнанубійскай арфаграфіі. Гэты помнік архітэктуры не захаваўся дастаткова добра ў асноўным з-за ўплыву вільгаці[2]. На аснове спіса была ўстаноўлена храналогія развіцця жывапісу ў Фарасе (дзякуючы звычаю, згодна з якім епіскап не пазней, чым на другі год пасля ўступлення на пасаду, змяшчаў у саборы свой партрэт), што дапамагло ў вызначэнні гісторыі нубійскага і копцкага жывапісу ў перыяд з пачатку VIII да канца XIII стагоддзя[3].
Спіс мае памеры 58×87 см, першапачаткова знаходзіўся на сцяне ў нішы ў паўднёва-ўсходнім куце сабора ў Фарасе (справа ад выявы Спаса Эмануіла, размешчанай ў цэнтры нішы), у цяперашні час знаходзіцца ў Нацыянальным музеі Судана ў Хартуме. Напісаны чорнымі чарніламі, складаецца з 31 радка, кожны з якіх разбіты на пяць слупкоў, у якіх знаходзяцца (злева направа): 1. Імя, 2. Слова «гадоў», 3. Гады епіскапату, 4. Месяц смерці, 5. Дзень смерці епіскапа. Запісы аб апошніх епіскапах уключаюць дадатковыя дадзеныя: утрымліваюць тытул «Епіскап Пахораса», імя духоўнага айца і ўзрост памерлага.
Па стылі спіса можна зрабіць выснову, што яго складалі розныя людзі. Першых пятнаццаць пазіцый былі напісаныя адным чалавекам, запісы 19 і 20 таксама выканаў адзін і той жа пісец. Акрамя таго, у выпадку імёнаў 16 і 20 прыкметная рэстаўрацыя запісаў: літары або ўсё імя былі напісаныя паўторна чорнай тушшу іншым пісцом, не тым, які рабіў першапачатковы запіс[2].
У 1005 годзе пасаду епіскапа сабора ў Фарасе заняў мелькіт Мар’янас (Marianos), аднак яго імя не было ўключана ў спіс. Ён займаў сваю пасаду, хутчэй за ўсё, да 1031 года і памёр у 1036 годзе. Надмагільны надпіс называе месцам яго смерці Каср Ібрым, што, як мяркуецца, стала прычынай пропуску яго імені ў спісе[2]. Вобраз епіскапа Мар’янаса пад абаронай Божай Маці з немаўлём Хрыстом захаваўся ў саборы, і ў цяперашні час знаходзіцца ў Польшчы, у Нацыянальным Музеі ў Варшаве[5].