Стэфан Караль Якабельскі (польск. Stefan Karol Jakobielski, 11 жніўня 1937 года ў Варшаве) — польскі гісторык, археолаг, філолаг, эпіграфіст. Адзін з піянераў нубіялогіі. Удзельнік археалагічных экспедыцый у Фарасе, Тэль-Атрыбе, Пальміры, Дэйр эль-Бахры і Каср Ібрыме, кіраўнік археалагічных работ у Старой Данголе.
Нарадзіўся 11 жніўня 1937 года ў Варшаве, яго бацькамі былі Караль Якабельскі і Галіна з дому Гжымала (Grzymała). Снончыў ліцэй імя С. Малахоўскага ў Плоцку. У 1954 годзе пачаў навучанне ў Варшаўскім універсітэце[1].
З пачатку 60-х гадоў XX стагоддзя прымаў удзел у археалагічных раскопках у Фарасе, якія праводзіліся прафесарам Казімежам Міхалоўскім. З 1961 года працаваў у экспедыцыі каптолагам, займаўся дакументацыяй і апрацоўкай надпісаў. Прымаў удзел у ключавых работах у Фарасе — у сезоне 1961/62 выяўленні сабора з фрэскамі. У наступных двух экспедыцыях (1962—1963 і 1963—1964), удзельнічаў ў пераносе фрэсак з сцен сабора і дакументацыі знаходак[2], выстаўленых у цяперашні час у Галерэі Фарас імя Казімежа Міхалоўскага ў Нацыянальным музеі ў Варшаве. У пачатку 60-х гадоў Якабельскі працаваў пры даследаваннях шматлікіх іншых археалагічных помнікаў. У 1962 годзе ён прымаў удзел у экспедыцыі ў Тэль-Атрыбе як археолаг-эпіграфіст[3] і ў экспедыцыі ў Пальміры[4]. На гэтым жа становішчы працаваў у Дэйр эль-Бахры ў сезоне 1962—1963 падчас археалагічных пошукаў на верхнім двары храма Хатшэпсут, а таксама ў час раскопак на тэрыторыі храма Тутмоса III[5]. У 1968 годзе абараніў доктарскую дысертацыю[1].
У 1966—2006 гады Стэфан Якабельскі быў кіраўніком раскопак нубійскіх археалагічных помнікаў у Данголе[6][7]. У рамках гэтых даследаванняў быў, у прыватнасці, знойдзены Манастыр св. Тройцы. Справаздачы з раскопак Якабельскі публікаваў на старонках часопісу «Dongola Studien». У 2006 годзе работы ў Данголе ўвянчаліся выставай у Нацыянальным музеі ў Варшаве Польскія раскопкі ў Старой Данголе. 45 гадоў археалагічнага супрацоўніцтва з Суданам[8], сукуратарам якой быў доктар Якабельскі. На выставе былі паказаны экспанаты з музея ў Хартуме, выяўленыя падчас шматлікіх экспедыцый Якабельскага[9].
З 1972 па 1974 год па запрашэнні Таварыства даследаванняў Егіпта (Egypt Exploration Society)[10] ён у якасці археолага-эпіграфіста ўдзельнічаў у англа-амерыкана-польскай археалагічнай экспедыцыі ў Каср Ібрыме[11].
У перыяд 1974—2002 Якабельскі займаў пасаду кіраўніка Лабараторыі нубіялогіі ў Цэнтры міжземнаморскай археалогіі Варшаўскага ўніверсітэта, адначасова узначальваў Майстэрню архітэктурна-археалагічнай дакументацыі. З 1974 па 1989 год выкладаў у Акадэміі каталіцкай тэалогіі ў Варшаве. У 2006—2009 гадах чытаў лекцыі па археалогіі ў Вышэйшай тэалагічнай і гуманітарнай школе ў Падкове-Лесьнай. Якабельскі з’яўляецца супрацоўнікам Інстытута міжземнаморскіх і ўсходніх культур Польскай акадэміі навук, аўтарам шматлікіх публікацый, шматгадовым рэдактарам серыі навучальных дапаможнікаў, у тым ліку Nubia, Études et Travaux, Nubica et Aethiopica і Bibliotheca nubica. З 2005 года ён — сурэдактар часопісу «Gdańsk Archaeological Museum African Reports»[10].
Якабельскі — адзін з ініцыятараў заснаванага ў 1972 Міжнароднага нубіялагічнага таварыства, у перыяд 1978—1986 займаў пасаду члена праўлення. З 1980 года — член-карэспандэнт Нямецкага археалагічнага інстытута. Належыць да Міжнароднай асацыяцыі егіптолагаў (англ. International Association of Egyptologists)[10].
У 2002 годзе Якабельскі атрымаў найвышэйшую ўзнагароду Судана, якая прысуджаецца іншаземцам: Ордэн Двух Нілаў з Зоркай. Узнагароджаны Ордэнам Адраджэння Польшчы. Разам з Багданам Жураўскім (польск. Bogdan Żurawski) атрымаў з рук дырэктара суданскай Службы Старажытнасцяў медаль за заслугі ў захаванні культурнай спадчыны. Абодва таксама былі ўзнагароджаны меджлісам правінцыі Дангола (мясцовая ўлада) дыпломамі за заслугі ў даследаванні мясцовай культурнай спадчыны[12].