Се́цен, Се́цін, Засе́цен — возера ў Гомельскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі, за 2 км на паўночны ўсход ад горада Гомель, у аграгарадку Пакалюбічы, у басейне ракі Сож.
Плошча паверхні 0,22 (0,18[2]) км². Даўжыня 0,8 (0,85[2]) км, найбольшая шырыня 0,3 км. Найбольшая глыбіня 5,8 м, сярэдняя — 3,42 м. Даўжыня берагавой лініі 2,09 км. Аб’ём вады ў возеры 0,75 млн м³. Катлавіна возера выцягнутая ў напрамку з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Схілы катлавіны вышынёй 3—5 м, пад агародамі і пабудовамі. Берагі вышынёй 0,2 м, пясчаныя. Возера бяссцёкавае.
У возеры водзяцца шчупак звычайны, акунь, плотка, карась, краснапёрка, лінь, джгір звычайны.
У напрамку на ўсход ад возера знаходзіцца археалагічны помнік — гарадзішча[3].