Свіслацкае гарадзішча — археалагічны аб’ект каля в. Свіслач Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці Беларусі. Знаходзіцца на правым беразе р. Бярэзіны пры ўпадзенні ў яе р. Свіслач.
Гарадзішча мысавае. Мае высокія стромкія схілы вышынёй 10-12 м з поўдня, захаду і ўсходу. Пляцоўка гарадзішча падтрохкутная, яе памеры 70×70 м. Умацаванні прасочваюцца з напольнага боку, на поўначы, з боку вёскі, прадстаўлены ровам глыбінёй каля 2 м, шырынёй да 13-17 м, а таксама валам вышынёй каля 2,2-2,5 м, шырынёй каля падэшвы 8-9 м. Уезд на гарадзішча размешчаны ў разрыве вала з напольнага боку[1].
Гарадзішча пачало функцыянаваць яшчэ ў раннім жалезным веку. У ніжнім культурным гарызонце падчас археалагічных раскопак вынайдзены рэчы адпаведнага часу (6 ст. да н.э. — 1 ст. н.э.) — жалезная шпілька з 5-падобным завітком, нож, шлакі, каменная зерняцёрка, фрагменты штрыхаванай керамікі[2]. На гарадзішчы прадстаўлены матэрыялы і трэцяй чвэрці І тыс. н.э., што ў прынцыпе характэрна для аналагічных помнікаў на р. Бярэзіна і яе прытоках. У ХІ ст. працягваецца інтэнсіўнае асваенне рэгіёну, які складваецца ў дрыгавіцкім асяроддзі, аб чым сведчыць комплекс знаходак з могільнікаў. У той жа час (ХІ-ХІІ стст.) адбываецца паўторнае засяленне гарадзішча Свіслач і звязваецца яно з дзейнасцю менскага князя Глеба Усяславіча. Гарадзішча Свіслач адраджаецца ў якасці умацаванага памежнага пункта. На карысць гэтага меркавання сведчыць наяўнасць у наваколлі адпаведных межавых тапонімаў, а таксама адсутнасць (або нявыяўленасць) сінхроннага селішча (узнікненне яго датуецца не раней канца ХІV-ХV стст.)[3]. Па сацыяльна-гістарычнай тыпалогіі гарадзішча Свіслач адносяць да класічнай феадальнай сядзібы-замка старажытнарускага часу[4] на падставе комплексу элітарных матэрыялаў, імпарту, зброі і рыштунку конніка, тыповых для побыту феадалаў, а таксама грунтуючыся на такіх момантах, як наяўнасць моцных ўмацаванняў, невялікая плошча пляцоўкі, аднабаковае развіццё рамяства (кастарэзнае ў дадзеным выпадку), адсутнасць рамеснага ўмацаванага пасаду, астэалагічны матэрыял, у якім пераважаюць косткі дзікіх жывёл.
Першыя археалагічныя даследаванні у Свіслацкім рэгіёне правёў у 1892 годзе У. З. Завітневіч. Даследуючы басейн р. Бярэзіны, ён апісаў і пэўны ўчастак р. Свіслачы. Аднак працы У. З. Завітневіча тычацца выключна курганоў, і пра гарадзішчы ён толькі коратка згадвае, не даючы іх апісання і не спрабуючы рабіць раскопкі. Яго доследы змешчаны ў справаздачы Археалагічнай камісіі за 1892 год, С.-Пецярбург.
У 1920-я гады на тэрыторыі Асіповіцкага раёна праводзіў археалагічныя доследы А. Немцаў — старшыня Асіповіцкага раённага таварыства краязнаўства, які апублікаваў некалькі артыкулаў у часопісе «Наш край» і ў зборніку «Асіпавіцкі раён». У 1926 г. з 30 чэрвеня па 8 ліпеня ў Асіповіцкім і Свіслацкім раёнах Бабруйскай акругі праводзіліся археалагічныя разведкі на чале з С. С. Шутавым і М. М. Улашчыкам — супрацоўнікамі Інстытута гісторыі Беларускай Акадэміі навук. Падчас доследаў яны карысталіся дапамогай двух мясцовых краязнаўцаў — А. Немцава з Асіповічаў і Р. Бахты з мястэчка Свіслач. Сродкі на разведку былі дадзены Выканаўчым Бюро Пралетстуду Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, як сябрам Краязнаўчага Таварыства БДУ, ад імя якога і была праведзена ўся праца. Усе помнікі, якія ім трапіліся, яны падзялілі на 3 віды: 1) гарадзішчы (3 з іх апісаны і зняты на план, яшчэ на двух, апісаных Немцавым, сабраная кераміка); 2) 3 селішчы; 3) 15 групаў курганоў з агульнай колькасцю 198. Ужо на той час гэтыя курганы па большай частцы разараныя і раскапаныя насельніцтвам або даследчыкамі. У дадзеным рэгіёне яны вылучаюць наступныя культуры: неаліт (ці магчыма бронзавая эпоха); культура даславянскіх гарадзішчаў; славянская культура.
У тыя часы гарадзішча, ці па мясцоваму «Замчышча», мела выгляд высокай (да 12 метраў) і крутой гары. Яго пляцоўка была крыху нахілена ў паўднёва-заходнім кірунку. А з паўночнага захаду праз роў яшчэ існаваў струхлелы драўляны мост. Уся паверхня гарадзішча была раскапана ямамі, а па краях польскімі акопамі 1919—1920 гг. Раней на гарадзішчы знаходзіўся панскі двор, і таму ўся плошча была вельмі забруджана адкідамі апошніх дзесяцігоддзяў. З гарадзішча была сабрана кераміка — лепленая, па вызначэнні даследчыкаў «тыпу даславянскіх гарадзішчаў», і ганчарная[5].
Іншага рэчыўнага матэрыялу з гарадзішча прадстаўлена не было. Па аб’ектыўных прычынах даследаванні ў рэгіёне і ў прыватнасці на гарадзішчы былі спынены. Толькі ў 1960-я гады археалагічныя шуканні ў рэгіёне былі адноўленыя. Разведкі былі праведзеныя ў чэрвені 1962 г. археалагічнай экспедыцыяй Інстытута гісторыі АН БССР пад кіраўніцтвам Э. М. Загарульскага, які ў далейшым на працягу некалькіх год даследаваў гарадзішча Свіслач (1969, 1970, 1971). Мэта экспедыцыі — даследаванне і раскопкі раннефеадальных помнікаў на тэрыторыі былога Менскага княства. У 2000-я гг. аднаўляецца вывучэнне археалагічнага помніка пад кіраўніцтвам супрацоўніка Інстытута гісторыі АН РБ В. І. Кошмана.
Галіцка-Валынскі летапіс упершыню пад 1256 годам згадвае свіслацкага князя Ізяслава ў рэчышчы падзей, звязаных з паходам князя Данілы Галіцкага на ятвягаў[6]. Нявыяўленасць «іншай Свіслачы» на Панямонні ці ў вярхоўях р. Свіслач дазваляе атаясамліваць летапіснае ўладанне князя Ізяслава з дадзеным гарадзішчам.
Археалагічна фіксуецца факт разбурэння сядзібы манголамі (рэчыўны матэрыял з мангольскай атрыбутыкай, слой пажарышча ў стратыграфіі гарадзішча) ў сярэдзіне ХІІІ ст. Старонкі летапісу таксама занатавалі гэты момант, даючы варыятыўнасць у інтэрпрэтацыі і датыроўцы. Шэраг даследчыкаў звязваюць разбурэнне Свіслачы з паходам Бурундая (1258) на Літву, пад час якога, магчыма, пацярпелі і многія гарадзішчы Панямоння. Не зусім зразумелая прысутнасць Бурундая на Сярэдняй Бярэзіне, таму іншыя навукоўцы схіляюцца да 1239 г. — часу мангольскага паходу на Чарнігаўскую зямлю. Да гэтай падзеі адносяць і разбурэнне Гомеля і Магілёва (хаця гэта таксама гіпатэтычна). Верагодным выглядае і той факт, што Свіслацкая сядзіба-замак магла пацярпець у выніку невядомага летапісам нападу[7].
З’яўленне абарончых збудаванняў — рова і вала — на гарадзішчы Свіслач Э. М. Загарульскі адносіць да канца ХІ — пачатку ХІІ стст. Вал, як было выяўлена раскопкамі, складаўся з жоўтага рассыпчатага пяску, дадаткова ўзмацняўся ўнутрывальнымі субструкцыямі ў выглядзе зрубаў або пакладзеных бярвенняў, якія, напэўна, былі знішчаны пад час пашырэння пляцоўкі гарадзішча. З усходняга боку гарадзішча слядоў вала не знойдзена (раскопкі 1969, Э. М. Загарульскі). Таму застаецца пытанне пра наяўнасць вала з усходняга боку, бо тут ён мог быць знішчаны ў ходзе наступных перабудоў[8].
Шырока прадстаўлены металічныя вырабы (жалеза і бронза), у тым ліку шлакі, шкло, вырабы з косткі, як гатовыя, так і нарыхтоўкі (іх значная колькасць дазваляе казаць пра аднабаковае развіццё кастарэзнага рамяства, што ёсць прыкметай феадальных сядзіб), кераміка, вялікую долю складаюць шыферныя праселкі і тачыльныя брускі. Функцыянальны падзел рэчыўнага комплексу выглядае наступным чынам: прылады працы, прадметы хатняга ўжытку, прадметы культу, гліняны і шкляны посуд, упрыгожванні (з металу, шкла — пацеркі і бранзалеты), зброя. Комплекс знаходак тыповы для тагачаснай феадальнай сядзібы. Гаспадары Свіслацкага замка мелі тыповыя эканамічныя сувязі як з іншымі гарадамі і рэгіёнамі Старажытнай Русі (асабліва Кіеў), так і з замежжам (Візантыя, Прычарнамор’е).