wd wp Пошук:

Свідэрская культура

Свідэрская культура — археалагічная культура, прыкметная і значная з’ява ў фінальным палеаліце (IX—VIII тыс. да н.э.) Усходняй Еўропы, традыцыі якой праходзяць праз мясцовы мезаліт і праглядваюцца ў неаліце. Свідэрскія помнікі знойдзены на тэрыторыі Польшчы, Літвы, Беларусі, Украіны аж да Крыма[1]. Яе элементы прасочваюцца на сумежных тэрыторыях Расіі (Пскоўская вобласць[2]). Названа па стаянцы Свідры Вельке (польск.: Świdry Wielkie) каля Варшавы. Прадстаўлена стаянкамі тундравых паляўнічых на паўночнага аленя, якія выкарыстоўвалі стрэлы з крэмневымі наканечнікамі.

На захадзе была звязана з Лінгбі[3]. На аснове свідэрскай культуры сфарміравалася бутаўская[4], кундская[5] і нёманская культуры. Знікненне свідэрскай культуры звязана з кліматычнымі зменамі пачатку галацэну. Лічыцца, што носьбіты свідэрскай культуры мелі гаплагрупу I[3] і складалі т.зв. дагерманскі субстрат.

Першыя свідэрскія помнікі былі выяўлены натэрыторыі Польшчы яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. Паступовае назапашванне матэрыялу паказала, што для калекцый крамянёвых прылад свідэрскіх стаянак характэрна ўстойлівае спалучэнне пэўных адзнак як у іх форме, так і ў тэхнічных прыёмах апрацоўкі. Падобнасць тыпалагічных даных інвентару прывяла польскіх археолагаў да думкі аб аб’яднанні гэтых помнікаў у адну роднасную групу.

На Беларусі вялікая колькасць помнікаў каменнага веку са свідэрскімі рысамі ў інвентары знаходзіцца ў рэгіёне Заходняга Палесся і Панямоння.

Стаянкі свідэрскай культуры размяшчаліся, як правіла, на ўчастках першай, другой надпоймавых тэрас або карэнных берагоў (там, дзе няма больш нізкіх геамарфалагічных узроўняў) на пясчаных узвышэннях, на схілах марэнных бугроў. Стратыграфія іх не з’яўляецца дастаткова вызначальнай. Культурныя напластаванні звычайна залягаюць у пясчаных адкладах, што перашкаджала іх захаванню і з’явілася прычынай змешвання рознаўзроставых і рознакультурных матэрыялаў. На большасці помнікаў культурныя пласты ўвогуле адсутнічаюць, свідэрскія матэрыялы збіраліся на паверхні.

Асноўны занятак насельніцтва — паляванне на паўночнага аленя. Насельніцтва пакінула кароткачасовыя стаянкі адкрытага тыпу. Жытлы круглаватыя, будана- і трапецападобныя, паглыбненыя ў зямлю, з вогнішчам пасярэдзіне. Некаторыя жытлы мелі ўваходны калідор.

Наканечнік стралы чаранковага тыпу
Лазалісты наканечнік стралы

Для інвентару свідэрскіх помнікаў характэрныя наступныя рысы. Вядучым тыпам нуклеуса з’яўляецца двухпляцовачны аднабаковы з сустрэчным зняццем нарыхтовак, са скошанымі ўдарнымі пляцоўкамі і папярочнай падчэскай тыльнага боку. Для свідэрскай індустрыі тыпова развітая пласціначная тэхніка. Нарыхтоўкай для большасці прылад часцей была пласцінка. У калекцыях са свідэрскіх помнікаў, як правіла, пераважаюць разцы, якія істотна перавышаюць колькасць скрабкоў. У больш ранніх комплексах сярод разцоў дамінуюць сярэдзінныя, у позніх — бакавыя і на зломе нарыхтоўкі. Вядучай формай скрабкоў з’яўляецца канцавы з дугападобным або прамым рабочым краем. Свідэрскія наканечнікі стрэл зроблены з пласцін, яны двухтыпаў — лазалістыя і чаранковыя. Для іх характэрная апрацоўка насадкі стромкай або паўстромкай рэтушшу па краях і плоскай з брушка. На шэрагу наканечнікаў плоская рэтуш прысутнічае на брушку вастрыя. Сякеры на свідэрскіх стаянках у асноўным двух тыпаў — з перахопам на масіўных адшчэпах і авальнай формы з грубай двухплоскаснай апрацоўкай з плітак або кавалкаў. Характэрны кампанент свідэрскіх комплексаў — свердлы-праколкі, пласціны са скошаным рэтушшу канцом, пласціны і адшчэпы з рэтушшу па краях, скоблі.

Зноскі

  1. Мезаліт у Крыме (агульная характарыстыка) Архівавана 20 жніўня 2008. (недаступная спасылка — гісторыякопія)
  2. Пра старажытныя культуры на пскоўскай зямлі Архівавана 4 сакавіка 2016.
  3. 1 2 Автохтонные культуры в Европе и на Русской равнине в эпоху мезолита и неолита (12 — 3 тыс. до н.э.)
  4. Посвящения и эпиграммы А. Н. Сорокина. В честь Л. В. Кольцова Архівавана 10 мая 2009.
  5. Мезалітычныя культуры Сярэдняга Паволжа Архівавана 4 сакавіка 2016.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Расіі
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Літвы
Катэгорыя·Палеаліт Еўропы
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Польшчы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з аўтарам
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Украіны
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак