Не блытаць з бергамотам — гібрыдным відам раслін сямейства Рутавых. У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Сапегі.
Сапяжанка, або Бергамот польскі — летні сорт грушы, папулярны ў Рэчы Паспалітай у XVIII ст.[1], а цяпер у Беларусі і Літве. Разам з Берэ слуцкай і Вінёўкай лічыцца мясцовым беларускім сортам.
Бергамотамі(руск.) бел. называюць групу сартоў грушы з пладамі пляскатай формы, падобнай да пладоў бергамоту — гібрыднага віду раслін сямейства Рутавых. Слова bergamotta італьянскага паходжання — ад горада Бергама, у ваколіцах якога вывелі і пачалі вырошчваць бергамот. Таксама ёсць версія турэцкага паходжання ад слова bеgarmudu (турэцк.: bеg — князь; турэцк.: аrmud — груша)[2] або beyarmudu (турэцк.: bey — пан).
Назва Сапяжанка звязана з магнацкім родам Сапегаў, які прычыніўся развядзенню сорту ў Вялікім Княстве Літоўскім, на тэрыторыях якога яшчэ на пачатку XX ст. захаваліся дрэвы, пасаджаныя ў XVIII ст.[3].
Адам Грабніцкі-Дактаровіч адзначаў, што месцамі ў Курляндыі Сапяжанку называлі Курляндскім Бергамотам (Kurländische Bergamotte)[3]. У Віленскай губерні і ў Пецярбургу была вядома таксама пад назвай Жыдоўкі або Жыдоўскай грушы, напэўна, бо прадавалі яе на рынках яўрэі. У Мінску лепшую яе разнавіднасць, адметную вялікімі смачнымі пладамі, называлі Галавянкай[3].
З’яўленне сорту ў Рэчы Паспалітай звязваюць з імем найуплывовейшага вялікалітоўскага магната свайго часу — Казіміра Яна Сапегі (1637—1720). Паводле адной версіі, месцам адкуль Сапяжанкі распаўсюдзіліся па Рэчы Паспалітай быў сад пры палацы Сапегаў у Мінску, дзе высадзілі флянсы вывезеныя з Францыі дочкамі Казіміра Яна Сапегі, кашталяна менскага. Паводле другой, паведамленай Паўлам Шпілеўскім, грушы прывёз з Венгрыі сам Казімір Ян Сапега і пачаў разводзіць у сваёй рэзідэнцыі ў Беразіне. Паводле трэцяй, прывезеныя з замежжа флянсы высадзілі ў Быхаўскім замку[2].
Не ўсё ў версіях адпавядае фактам, генеалогам вядома толькі адна дачка Казіміра Яна — Кацярына-Схаластыка, не быў ён і менскім кашталянам, ёсць пытанні да перыяду валодання ім Беразіном і Быхавам. Трэба аднак разумець асаблівыя заканамернасці развіцця паданняў, часцей яны захоўваюць ключовую інфармацыю змяняючы пры гэтым дэталі.
![]() | ||||||||||
![]() | ||||||||||
Э. Янкоўскі(польск.) бел. лічыў Сапяжанку ідэнтычнай французскаму сорту Bergamote ronde d’été або Runde Sommer-Bergamotte[4], але А. Грабніцкі лічыў[3], што гэта розныя сарты і дапускаў, што хутчэй, Сапяжанка — уласна літоўскі сорт, бо апісанні і выявы, пададзеныя Флотавым і Леруа, на яго думку, не адпавядаюць Сапяжанцы[3]. З’яўленне сорту прыпадае на канец XVI — пачатак XVII ст., напэўна, Сапега ўвёз яго неўзабаве пасля з’яўлення. Аднак Bergamote ronde d’été хоць і тоесны з Сапяжанкай, і мае такі самы моцны рост, але дрэвы не дасягаюць велізарных памераў, а маладыя парасткі нават у Германіі цярпяць ад маразоў, тады як Сапяжанка была дастаткова вынослівай у літоўскіх і польскіх губернях. Яшчэ меней падстаў каб лічыць Сапяжанку сортам, які паходзіць ад Bergamotte rouge, дае іх адрозная форма, смак мякаці і час паспяванне пладоў[3].
У садзе дрэва дасягае буйных памераў і глыбокай старасці[3]. Рост дрэва троху мацнейшы за Бессямянку(руск.) бел.[3].
Крона сярэдняй гушчыні, шырокапірамідальная, з разлапістымі, крывымі галінамі. Маладыя парасткі тонкія, светла-бурыя, з рэдкімі чачавічкамі. Двухгадовыя галіны шэра-бурыя, з круглымі чачавічкамі[3]. Парасткі простыя, злёгку каленчатыя, сярэдняй таўшчыні. Міжвузеллі значнай даўжыні, бо пупышкі сядзяць рэдка[3]. Кара на парастках даволі светла-аліўкава-бураватая, гладкая, паўматавая. Чачавічкі вельмі дробныя, пераважна доўгія, востра скончаныя, малалікія, вохрыстага колеру[3].
Пладовыя галіны сярэдняй даўжыні і кароткія, слаба разгалінаваныя, не тоўстыя[3]. Пладовыя маткі кароткія (10-12 мм), голыя, арэхава-зеленаватага колеру, шурпатыя ад густых скапленняў дробных чачавічак, ссечана-канічнай формы, сярэдняй таўшчыні, з 2-3 пупышкамі, нясуць ва ўраджайны год па 1-3 плады кожная[3].
Ліставыя пупышкі дробныя, шырока канічныя, слаба аттапыраныя ад парастка, з кончыкам, нахіленым да парастка, гладкія, чорнабурыя ці нават зусім чорныя, сядзяць на нямоцных падушачках з вузкім серпападобным рубцом[3].
Лісце невялікае, авальнае, завостранае[3], цёмна-зялёнага колеру, з моцным бляскам з верхняга боку і матавае ярка-зялёнае знізу, зусім голае з абодвух бакоў[3]. Ліставыя жылкі далікатныя, сеткавыя, больш светла-зялёныя за саму паверхню, моцна выдаюцца[3]. Край ліста даволі слаба зазубраны ля лістоў на роставых парастках і цэльна-крайні, часам злёгку пухнаты па краі[3].
Чарашок ліста вельмі доўгі, якра светла-белавата-зялёны, тонкі, голы, амаль просты, злучаны з пласцінкай пад тупым вуглом. Прылісткі шылападобныя, хутка ападаюць[3].
Пупышкі пладовыя таксама голыя, цёмнакарычнева-бурыя, сярэдняй велічыні, яйкападобнай формы[3].
Вялічыня ніжэйшая за сярэднюю ці сярэдняя, вышыня 55-60, шырыня 62-70[1]. Вага пладоў каля 60 г[1].
Форма ў верхняй частцы плоская, з шырокай тупой верхавінкай, да ножкі круглява-канічная, са слабым канічным завастрэннем, якое бывае больш сільным толькі ў нетыповых пладоў, якія маюць востра-канічнае аснаванне. Ніжняя частка звычайна нераўнабокая. Паверхня роўная, без рабрыстых выступаў і барознаў[3].
Чашачка не развітая, адкрытая, з малымі, кароткімі чорнымі чашалісцікамі. Паглыбленне чашачкі (верхняя ямка) шырокае, даволі паглыбленае, правільнае, з дробнымі баразёнкамі ці без іх[3].
Ножка крыху выгнутая, доўгая, роўная ўсёй вышыне плода, ці ад 1⁄2 да 3⁄4 яе. Ніжняя ямка дробная, полая, з невялікім аднабаковым мясістым вырастам (часта колцападобным), што некалькі адхіляе ножку ўбок[3].
Скура тоўстая, плотная, гладкая ці некалькі шурпатая ад іржавых кропах, слаба глянцавая ці тусклая, у паўспелых пладоў зелянява-жоўтая, у спелых светла-жоўтая, часам васкова-белая, на сонечным баку ці на большай частцы плода з разлітым мутным малінавым румянцам, які часам вельмі прыгожы ў спелых пладоў[1]. Падскурныя кропкі дробныя, частыя, шэрыя ці бурыя, акружаныя ружовым абадком, ад чаго яны здаюцца ружовымі, пры гэтым яны рэзка вылучаюцца на светла-жоўтай афарбоўцы. Ад ніжняй часткі ямкі часта ідуць прамяні і пятны тонкага, шэра-жоўтага, іржавага налёту, які рассеяны па ўсяму плоду і прыдаюць яму ў спеласці шэраваты колер[3].
Водар фенхельны[3].
Насеннае гняздо невялікае, з вузкім восевым каналам, акружана мякаццю рыхлай грануляцыі, больш камяністай ля чашачкі[3].
Падчашачкавая трубка варонкападобная ці канічная. Насенне тоўстае, кароткае, чорнабурае, падобна на яблычнае[3].
Мякаць белая, дробназярністая, каля гнёздаў мала камяністая і рыхлая, спачатку плотная і цяжкая, потым мягкая, паўталая, дастаткова сакавітая, саладкаватая, у паўспелага плода некалькі кіславатая, з даўкім смакам, без астраты[1]. У параўнанні з Бессямянкай(руск.) бел., мякаць грубаватая, менш сакавітая і не далікатная, але больш сладкаватая. На думку В. Пашкевіча Сапяжанка далікатней і высакародней за Бессямянку, апошнюю ён лічыць грубейшай[5].
Масляністай мякаці, уласцівай сапраўдным бергамотам(руск.) бел., Сапяжанка не мае, нават у рэгіёнах, дзе дасягае высокіх якасцяў[3].
Сорт культывуюць, галоўным чынам, у Беларусі і Літве, сустракаецца таксама ў заходніх абласцях Украіны, у Варонежскай, Курскай, Арлоўскай абласцях Расіі[6].
![]() | ||||||||||
Дрэвы Сапяжанкі (Бергамота польскага) моцнарослыя, вызначаюцца адноснай вынослівасцю да ўмоў росту, але ў суровыя зімы падмярзаюць.
Дрэва любіць добрую, пажыўную глебу, і на дрэнных глебах плады яго застаюцца мала смачнымі і дробнымі[3].
Плоданашэнне пачынаецца позна, ва ўзросце 7—9 гадоў. Плады размешчаны на 3-4-, радзей і на 5-гадовай драўніне, так што яны сабраны больш на верхняй частцы сукоў, нанізаўшыся на іх даволі густа, як бы гронкамі, ад чаго яны слаба звешваюцца дугападобна ўніз[3]. Трымаюцца плады на дрэве дастаткова крэпка, так што асаблівай аховы ад ветру не патрабуюць.
Завязваюцца плады шматліка, пераважна на верхняй палове і на самай верхавіне кроны[3]. Ураджайнасць добрая.
Паводле паспявання пладоў Сапяжанку хутчэй можна лічыць познім летнім, чым асеннім сортам. Плады яе паспяваюць у Літве і Беларусі да 15-20 жніўня і могуць захоўвацца да сярэдзіны верасня[3]. Пасля чаго яны мучнеюць і мякчэюць унутры. Толькі пры добрых умовах захоўвання могуць заставацца ў добрым стане да канца верасня, калі сарваны былі няспелымі[6]. У «Атласе пладоў» прыводзяцца звесткі пра тое, што ў Тамбоўскай губерні Сапяжанка паспявае ў пачатку верасня і нібыта можа захоўвацца ў падвале два месяцы, але сам А. Грабніцкі лічыць іх сумнеўнымі[3].
Плады блага пераносяць перавозку, таму сорт мае толькі мясцовае значэнне.
Паўсюль плады лічацца дэсертнымі і цэняцца вышэй іншых груш сярэдняй паласы Расіі[3].
У сырое і прахалоднае лета плады пакутуюць ад паражэння грыбком вентурыя грушавая (Venturia pyrina), робяцца калянымі і нясмачнымі[3].
Сорт выключаны са стандарту Рэспублікі Беларусь з-за моцнай паражальнасці дрэваў і пладоў паршой[ru]. Плады схільныя да паршы ў вялікай ступені, так што часта на ўсім дрэве грушы дробныя, плямістыя, нераўнабокія і пакрытыя чорнымі расколінамі[3]. Аднак, багатае ўгнаенне падглебы і правільнае апрыскванне бардоскай вадкасцю(руск.) бел. дапамагаюць перамагчы хваробу[6]. Пры такім доглядзе груша плоданасіць вялікай колькасцю пладоў выдатнага выгляду, дасканала гладкіх, сакавітых, даволі салодкіх, хоць яны і не бываюць дасканала масляністымі, а толькі паўмасляністымі, з дастаткова крохкай, крыху даўкай мякаццю[3].
Сорт практычна самобесплодны. Лепшы апыляльнік — Бессямянка[7].
Іван Мічурын удала прышчапіў гэты сорт у Казлове Тамбоўскай губерні[8][9].
З удзелам Сапяжанкі створаны сорт груш ‘Кудзесніца’: (Сапяжанка х Дружба) х Лагодная[10]. Гэты сорт уключаны ў Дзяржаўны рэестр сартоў і дрэўна-кустовых парод Рэспублікі Беларусь у 2011 годзе[10].
З гібрыднай сям’і Сапяжанка х Дуля остзейская атрымана груша Бергамотная, а з сям’і Вінёўка х Сапяжанка — Беларуска[11].
У аповесці «Над Нёмнам» Элізы Ажэшкі: «Стагадовая, мабыць, сапяжанка, сваё галлё, ужо бясплоднае, але густа пакрытае лісцем, паклала на вокны і сцены дому, чые пабеленыя аканіцы і нарожнікі весела з-за яе выглядалі». Не раз сапяжанку настальгічна згадваў у сваіх творах нобелеўскі лаўрэат Чэслаў Мілаш. Якуб Колас стварыў аўтабіяграфічнае вершаванае апавяданне «Грушы-сапяжанкі», у якім апісваецца, як хлапчукі, нарваўшы груш, змаглі ўцячы ад гаспадара сада[12]. Сапяжанкам таксама прысвяціў верш Аляксей Зарыцкі[2].