wd wp Пошук:

Рахінджа

Рахінджа (саманазва: رُاَينڠَ) — індаарыйскі народ у Паўднёва-Усходняй Азіі. Яго радзімай з’яўляецца ўсходняе ўзбярэжжа М’янмы. Аднак у выніку крызісу 20162017 гг. большасць рахінджа былі вымушаны пакінуць гэту краіну. Асноўныя краіны міграцыі — Бангладэш і Саудаўская Аравія. Агульная колькасць (2022 г.) — 2 048 300 чалавек[1].

Гісторыя

Вобласць Аракан на захадзе сучаснай М’янмы знаходзілася пад уплывам індыйскай культуры з IV ст. З VIII ст. яе наведвалі мусульманскія арабскія гандляры. Сярод сучасных рахінджа папулярны міф пра паходжанне ад арабаў, чые судны цярпелі крушэнне каля араканскіх берагоў. Аднак перасяленне буйных груп з усходу Паўднёвай Азіі, відавочна, адбывалася ў XVXVIII стст., калі паміж Араканам і Бенгаліяй былі ўсталяваны шчыльныя зносіны, якія часам суправаджаліся войнамі і прыгонам палонных. Выхадцы з Бенгаліі служылі ў араканскім войску.

У 1784 г. Аракан быў заваяваны бірманцамі. Пры гэтым значная частка мясцовага насельніцтва была прымусова выгнана ў цэнтральную М’янму або збегла ў валоданні Брытанскай Ост-Індскай кампаніі. Пасля далучэння М’янмы да брытанскіх калоній у 1826 г. мясцовая адміністрацыя прыцягвала перасяленцаў з Індыі для заняцця пустак. Само слова «рахінджа» таксама ўпершыню з’явілася ў брытанскіх дакументах. Яно паходзіла ад скажонай мясцовай назвы Аракана. Рахінджа разглядаліся як карэннае насельніцтва, таму ў адрозненні ад пазнейшых індыйскіх перасяленцаў атрымалі права выбіраць прадстаўнікоў у каланіяльныя органы ўлады.

Падчас II Сусветнай вайны паўднёвы Аракан апынуўся пад японскай акупацыяй, паўночны працягваў кантралявацца брытанцамі. У 1942 г. паміж араканскімі будыстамі і мусульманамі-рахінджа ўспыхнуў канфлікт. Ён суправаджаўся бегствам мусульман у Бенгалію і паўночны Аракан і ўзброенымі вылазкамі мусульманскіх атрадаў, ад чаго болей цярпелі паселішчы простых араканцаў. Брытанцы сфарміравалі з ліку бежанцаў дабраахвотныя ваенныя часткі, што ўдзельнічалі ў вызваленні М’янмы ад японцаў.

У 1948 г., калі М’янма набыла незалежнасць, араканскі палітык-мусульманін Махамед Абдул Гафар спрыяў замацаванню назвы рахінджа як афіцыйнай. Аднак яго спроба вылучыць паўночны Аракан у асобную правінцыю не мела поспеху. Часткова гэта тлумачыцца страхам бірманскіх палітыкаў страціць дадзены рэгіён, пакольки сярод рахінджа была папулярна ідэя далучэння да Усходняга Пакістана. У 1978 г. ваенны ўрад правёў «чыстку» памежных зямель Аракана ад «іншаземцаў». У выніку, каля 200 тысяч бежанцаў-мусульман апынулася на тэрыторыі Бангладэш. У выніку перагавораў паміж урадамі дзвюх дзяржаў праз 16 месяцаў большасць бежанцаў вярнулася. Тым не меней, у 1982 г. рахінджа былі выключаны са спісу карэнных народаў М’янмы і ў выпадку адмовы рэгістравацца ў якасці прадстаўнікоў іншых народаў пазбаўляліся грамадзянства. У бірманскіх сродках масавай інфармацыі іх называлі бенгальскімі мігрантамі або нават выкарыстоўвалі абразлівую мянушку калар.

У 19881997 гг. спачатку сярод эмігрантаў, а потым сярод мусульман Аракана сфарміраваўся палітычны рух, які падтрымаў супрацоўніцтва з дэмакратычнымі партыямі М’янмы, папулярызаваў назву рахінджа. Дзеячы руху сцвярджалі, што рахінджа — карэнныя насельнікі Аракана і быццам бы Аракан значны перыяд з’яўляўся мусульманскай дзяржавай. Аднак такая пазіцыя не знайшла падтымкі сярод араканцаў, якія выступілі супраць скажэння сваёй гісторыі. Іх палітыкі апасаліся, што з-за раўнавання правоў будыстаў і мусульман араканцы ператворацца ў этнічную меншасць на радзіме. У 2012 г. у Аракане адбыліся грамадзянскія сутычкі паміж араканцамі і рахінджа.

9 кастрычніка 2016 г. група паўстанцаў-рахінджа атакавала ваенныя пасты на мяжы М’янмы з Бангладэш, што стала прычынай масавых рэпрэсій з боку ваенных і пераследу з боку араканцаў-будыстаў. Згодна ААН, да лютага 2017 г. было забіта болей за 1000 рахінджа[2]. У жніўні — верасні 2017 г. крызіс абвастрыўся, пераслед набыў масавы характар. Аун Сан Су Чжы фактычна абвінаваціла ў гэтым паўстанцаў-рахінджа, хаця асноўнымі пацярпелымі з’яўляліся прадстаўнікі саміх рахінджа[3]. У выніку каля 500 000 — 700 000 бежанцаў былі вымушаны пакінуць М’янму.

Мова

Родная мова рахінджа адносіцца да індаарыйскай групы індаеўрапейскай моўнай сям’і, блізкая да бенгальскай і асамскай моў. Першыя пісьмовыя запісы рабіліся з дапамогай лацінкі. У нашы дні часцей карыстаюцца пісьмом на аснове арабскага алфавіта1975 г.) і індыйскага пісьма брахмі (пісьмо ханіфі, распрацаванае ў Бангладэш у 1980-х гг.).

Рэлігія

Большасць вернікаў з’яўляюцца мусульманамі-сунітамі, таксама распаўсюджаны суфізм. Падчас бегства рахінджа ў 20162017 гг. у Бангладэш[4] сярод бежанцаў апуныліся каля 500 індуістаў.

Зноскі

  1. Rohingya
  2. More than 1,000 Rohingya feared killed in Myanmar crackdown, say UN officials
  3. Aung San Suu Kyi breaks silence on Rohingya, sparks storm of criticism
  4. Rohingya Hindu women share horror tales

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Індаеўрапейскія народы
Катэгорыя·Народы М’янмы
Катэгорыя·Народы Азіі