wd wp Пошук:

Радашковіцкі замак

Радашковіцкі замак — драўляны замак, які існаваў у XVI стагоддзі ў горадзе Радашковічы, цяпер у Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці. Цяпер замчышча часткова разбурана і занята сучаснай забудовай.

Упершыню згадваецца ў гарадскім інвентары за 1549 год, калі вялікі князь літоўскі і кароль Польшчы Жыгімонт II Аўгуст правёў «списанье и выведанье замков, дворов и волостей», у т. л. «замку Радашковского».

Апісанне

Замак размяшчаўся паміж двума ставамі, на зробленым на рацэ Гуйка і Вязынка «капцы сыпаным» і меў форму няправільнага чатырохкутніка.

Вежа-брама

Вада абкружала замак з усіх бакоў і праход да замкавай вежы-брамы рэгуляваўся мостам. Вежа мела памеры 8,52×21,3 м і была рубленая з вялікага бруса вышынёй у 4 паверхі: першы яе паверх складалі вароты, другі — святліца з паліванай печчу і дзвюма сталамі, на трэцім размяшчалася гармата — «дельцо железное семи пядей, куля якобы гусиное яйцо, в ложы чорной на козлох деревяных»[1]. На 2-і паверх вёў «усход», праз які траплялі ў прыстасаваныя для абароны «сени». Дах вежы быў абіты белым жалезам[2].

Другая вежа

Леваруч ад вежы-брамы, на адлегласці 20 сажняў, стаяла другая, 3-павярховая вежа. Першы яе паверх займаў свіран, другі — капліца, трэці — «дело железное полдевяти пяди, куля большая, нижни кулак, в ложы чорном железом окованом, на кожле деревяном»[1]. Вежа мела форму квадрата, мела памеры 10,65×10,65 м і злучалася з вежай-брамай сцяной з дванаццаці гародняў[1] (даўжыня адной гародні — 3,55 м)[2].

Трэцяя вежа

На адлегласці 40 сажняў ад 2-й вежы ў куце замка стаяла рубленая з бярвёнаў 3-я вежа, звязаная 19 гароднямі з 2-й вежай і 11 гароднямі з 4-й круглай вежай[1].

Чацвёртая вежа

Апошняя вежа замка злучалася 28-сажнёвай сцяной (13 гародняў) з уваходнай вежай-брамай[1].

Іншыя пабудовы

Сярод іншага ў замку была яшчэ адна вежа, не злучаная з замкавымі сценамі, якая размяшчалася асобна на падворку і мела 4 паверхі, 3 з якіх выкарыстоўваліся для гаспадарчых, а 4-ы — для абарончых патрэб.

Баявыя завяршэнні гародняў і «всих хором» замка мелі наверсе «бланки» — баявыя пляцоўкі, пярэднія сценкі якіх былі з бярвён. Звернутыя ў бок става гэтыя сценкі былі «дошками переные» (загароджаны дошкамі).

Перад замкам былі размешчаны арсенал, 2 млыны, сядзібны дом, лазня, бровар і інш. гаспадарчыя пабудовы. У час «Попісу» замак быў яшчэ «добрага будованья, не гнилого».

Арсенал

Сярод узбраення замка ў інвентары згадваюцца «на тых обланках дельце железное пол 8 пяди в нем, куля с курачое яйцо, на деревяном козле, ложе железом окованое, смолою облито, нижли ложе попсовалосе», «гаковниц великих 3 по 9 пядей, с формами и со всими приправами, коротшых (гакаўніц) 5 по 5 пядей… кули большие зо всими приправами… ку обороне, кий старосвецкий, ручниц 7 зо всими приправами, а 10 гаркабузов…». Былі такса-ма запасы свінцу («2 камени»), пораху («бочечка одна малая, у другой дежечце ручничного пороху 20 фунтов. особливе теж у лукне 50 фунтов…») і інш.

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 Міхась Ткачоў. Радашковіцкі замак // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. С. 50—51
  2. 1 2 Ткачоў М. Радашковіцкі замак // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 485. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (10):
Замкі Беларусі
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Артыкулы пра славутасці без ілюстрацый на Вікісховішчы
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Артыкулы з праблемамі ў параметрах шаблонаў
Радашковічы
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Замкі Вялікага Княства Літоўскага
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула