wd wp Пошук:

Равеснік

Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танца «Равеснік» Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў — музычны калектыў, заснаваны ў 1958 пры Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў народнай артысткай БССР Марынай Мікалаеўнай Бяльзацкай, якая доўгі час была кіраўніком калектыву. З 1998 года мастацкім кіраўніком ансамбля з’яўляецца Таццяна Паўлаўна Семчанка[1].

За гады свайго існавання да мастацтва танца ансамбль далучыў больш за 7 тысяч чалавек[1]. На 2012 год у калектыве займаецца каля 600 дзяцей ва ўзросце ад 4-х да 18-ці гадоў[2]. Гастролі ансамблю праходзілі ў шматлікіх краінах свету, у тым ліку ў Расіі, Украіне, Эстоніі, Латвіі, Польшчы, Румыніі, Балгарыі, Італіі, Турцыі, Андоры, Францыі, Германіі, Партугаліі, Нарвегіі і іншых[1].

Гісторыя

Пачынаючы працу ў якасці кіраўніка «Равесніка», Марына Мікалаеўна стала займацца з дзецьмі, не праводзячы ніякага конкурснага адбору. «Яшчэ ў маладыя гады ў мяне склалася перакананне, — казала яна, — што дзеці, якія ідуць у самадзейнасць, не павінны адбірацца па конкурсе. Ім не павінна быць адмоўлена. Бо выхоўваць пачуццё прыгожага трэба не толькі ў тых, хто мае асаблівыя прыродныя дадзеныя. Кожнае дзіця па-свойму таленавітае»[3].

Толькі два разы ў сваёй гісторыі пад ціскам адміністрацыі быў праведзены конкурс, але ўсё роўна ўсе яго ўдзельнікі былі залічаны ў ансамбль. У цяперашні час жадаючыя танцаваць павінны вытрымаць адбор, бо колькасць прэтэндэнтаў значна перавышае колькасць свабодных месцаў[3].

Упершыню дзеці чатырох-пяці гадоў з’явіліся менавіта ў яе ў калектыве. Адбылося гэта таму, што бацькам, чые дзеці займаліся ў ансамблі Бяльзацкай, не было з кім пакінуць малодшых сваіх дзяцей і яны прыводзілі іх са старэйшымі. Каб іх чымсьці заняць, Марына Мікалаеўна прыдумляла нумары адпаведна з іх узростам.

У 1964 году калектыў першым з дзіцячых самадзейных калектываў атрымаў званне Народны.

Удзельнікі калектыву вывучаюць асновы класічнага танца, народна-сцэнічнай харэаграфіі, элементы сучаснай пластыкі, знаёмяцца з танцамі іншых народаў свету, але асаблівае месца ў працы і жыцця калектыву адводзіцца нацыянальнай беларускай культуры[1].

Удзельнікі калектыву выступалі на лепшых пляцоўках СССР: у калоннай зале Дома Саюзаў(руск.) бел., Вялікім Акадэмічным тэатры балета СССР. Ансамбль удзельнічаў у правядзенні дзён культуры БССР у Маскве, саюзных рэспублік, міжнародных фестывалях і юбілеях Артэка (1969-72-75-77-79-85-90-91), культурнай праграме Алімпійскіх гульняў у Маскве, ХХІІ Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў, прадстаўляў Савецкі Саюз на міжнародным фестывалі «Радасць Еўропы(англ.) бел.»[3].

Рэпертуар

«Беларускую польку» у выкананні «Равеснік» знакаміты харэограф Ігар Майсееў(руск.) бел. назваў класічным, узорным варыянтам беларускага народнага танца. У рэпертуар ансамбля ўвайшлі танцы розных народаў свету: эстонскі, малдаўскі, польскі, чэшскі, кубінскі. «Равеснік» выконваў пастаноўкі на музыку П. Чайкоўскага, С. Рахманінава, М. Глінкі, С. Пракоф’ева[3].

Узнагароды

У 1964 годзе ансамбль стаў лаўрэатам фестывалю Усесаюзнага піянерскага лагера «Артэк». У гэтым жа годзе яму прысвоілі званне народнага калектыву[3]. У 1980 годзе «Равеснік» за вялікую працу па эстэтычнаму выхаванню падрастаючага пакалення стаў лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола(руск.) бел.. Ансамбль танца «Равеснік» з’яўляецца Лаўрэатам рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў. У 2004 годзе ансамбль атрымаў званне заслужанага калектыву[2]. У 2005 годзе калектыву прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь[1].

Кінематограф

Удзельнікі ансамблю танцавалі ў фільме «Рыжы, чэсны, закаханы(руск.) бел.», харэаграфію там ставіла дачка Бяльзацкай, Лёда Адамаўна Міхайлідзі.

Вядомыя выпускнікі

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 Ансамбль танца «Ровесник» Архівавана 25 чэрвеня 2012. (руск.)
  2. 1 2 РОВЕСНИКИ, РОВЕСНИЦЫ, МАЛЬЧИШКИ И ДЕВЧОНКИ…(недаступная спасылка) (руск.)
  3. 1 2 3 4 5 «Ровесник» Марины Бельзацкой Архівавана 3 сакавіка 2018. (руск.)
Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Музычныя калектывы паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Музычныя калектывы Беларусі
Катэгорыя·Танцы Беларусі
Катэгорыя·Ансамблі Беларусі
Катэгорыя·Артыкулы пра музычныя калектывы без ілюстрацый
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі