Пё́тр Дзмі́трыевіч Клю́еў (нар. 28 мая 1989, Гродна, БССР, СССР) — беларускі спявак, музыкант, аўтар, выканаўца[1] і кампазітар. З восені 2017 года з’яўляецца ўдзельнікам гурта ЛСП[2][3].
Пётр Клюеў нарадзіўся ў Гродне, аднак большую частку свайго дзяцінства да 1994 года пражываў у Польшчы[4] са сваёй маці з прычыны яе навучання ў медыцынскім універсітэце. Польская мова для Пятра была першай роднай мовай нароўні з беларускай. У дзяцінстве Пётр прафесійна займаўся шахматамi і вялікім тэнісам, мае разрады ў абодвух відах спорту. У 1995 годзе паступіў у польскую школу ў Гродне і скончыў яе ў 2006 годзе. У 10 класе пачаў займацца гульнёй на піяніна, займаючыся за ім па 7-8 гадзін у дзень. Выкладчыкамі былі вядомыя музыкі, у іх ліку Дзядовіч Яўгенiя Вікенцьеўна і Райт Уладзімір Канстанцінавіч, які з’яўляецца вучнем Якава Мільштэйна.
Пасля заканчэння школы Пётр Клюеў пераехаў у Аўстрыю і паступіў ва ўніверсітэт, дзе вывучаў філасофію. Тут ён стварыў свой першы музычны гурт. На вакацыях, калі прыязджаў у Беларусь, граў канцэрты з гродзенскай джазавай камандай пад назвай «Stop Time». У 2007 годзе Пётр з’язджае вучыцца ў Рым на факультэт сацыяльных навук і вучыцца там да 2010 года. Паралельна з універсітэцкiм жыццём Пётр займаецца музыкай, гастралюе з гуртом «Stop Time» па Рыме і Неапалi і падзарабляе піяністам у італьянскіх клубах. За час знаходжання ў Італіі Пётр выпусціў два альбома - дэбютны англамоўны альбом, які атрымаў назву «For All»[5], у 2008 годзе і беларускі альбом ў 2010 годзе.
Актыўная кар’ера Пятра Клюева пачынаецца з 2011 года, калі ён канчаткова вяртаецца ў Беларусь[6]. Ужо ў 2005 годзе ў Пятра адбыўся першы ў жыцці канцэрт як у класічнага піяніста праз год заняткаў на раялі ў абласной філармоніі горада Гродна. Там ён граў творы Шапэна, Бетховена і Моцарта. Затым Пётр пачаў пісаць першыя песні на ангельскай, польскай і беларускай мовах і даваць невялікія канцэрты ў Гродне на вакацыях. Пётр натхняўся класічнай музыкай і шматлiкiмi заходнімі выканаўцамі, такімі як Джордж Майкл, Філ Колінз, Пітэр Гебриэль, Стынг, Стыві Ўандэр, «Tower of Power» ды шмат іншымі[7].
З 2012 па 2016 год актыўна ўдзельнічаў у Iнфармацыйна асветнiцкай установе «Арт Сядзiба» і з’яўляўся яе сузаснавальнiкам.
Праз некаторы час Пётр ужо выступае ў Мінску, затым у 2013 пачаў гастраляваць у Італіі, Літве, Латвіі, Украіне і Эстоніі. 21 снежня 2011 года адбыўся канцэрт у Палацы Рэспублікі ў Мінску. Таксама Пётр прымаў удзел у шматлікіх фестывалях у Беларусі і за яе межамі, у тым ліку выступаў у фінале нацыянальнага адбору «Новая Хваля» ў Юрмале, і супрацоўнічаў са спеваком Аляксандрам Патлісам з гурта «Новы Іерусалім», з якім даваў сумесны канцэрт у 2010 годзе. У 2011 годзе Пётр Клюеў выпускае сінгл на польскай мове, у 2015 - на італьянскай. У гэтым жа годзе выйшаў максі-сынгл «Асцярожна Лістапад»[8] на беларускай мове, які прынёс Пятру першую шырокую вядомасць у Беларусі. Пасля гэтага Пётр Клюеў становіцца запатрабаваным музыкам у начных клубах Мінска.
У 2015 годзе Пётр Клюеў прыняў удзел у шоў «X-Фактар» ва Украіне[9][10] і прайшоў у чвэрць-фінал. У гэтым жа годзе Пётр праходзіў стажыроўку ў вядомага польскага рэжысёра Кшыштафа Занусі. У 2015 і 2016 гадах удзельнічаў у нацыянальных адборах на Еўрабачанне[11] ад Беларусі. У гэты ж прамежак часу Пётр Клюеў з’яўляўся фронтмэнам гурта «Амплiтуда Смеласцi», якая ўяўляла з сябе збор музыкаў з розных гуртоў у тым лiку з гурту «Ляпіс Трубяцкi», і выкладаў польскую мову, сацыялогію i музыку ў падпольным каледжы імя Якуба Коласа ў Мінску.
У 2016 годзе Пётр здымаецца ў камедыі Андрэя Курэйчыка «PARTY-ZAN фільм», у якім таксама выкарыстоўвалася яго музыка. У 2017 годзе на адзін з выступаў Пятра Клюева прыходзіць Алег ЛСП ў суправаджэнні рэпера Вожыка, пасля чаго Пётр прымае ўдзел у стварэнні акустычнай версіі песні ЛСП - «Манетка»[12]. З верасня 2017 года Пётр пачынае актыўную дзейнасць у гурце ЛСП, выступаючы на канцэртах у ролі бэк-вакаліста і клавішніка. Таксама Пётр на канцэртах ЛСП выконвае некаторыя куплеты ў такіх песнях, як «Bullet»[13], «Порназорка»[14] (замест PHARAOH) і «Халасцяк»[15] (замест Ягора Крыда). У канцы 2017 гады ў ЛСП выходзіць сінгл «Маленькі прынц»[16], аўтарам музыкi якога з’яўляецца Пётр Клюеў.
Вясной 2018 года Пётр Клюеў сумесна са спявачкай-блогеркай Лерай Яскевіч выпускае кавер на беларускай мове на песню Дэвіда Боўі - «Space Oddity»[17][18][19] (аўтар перакладу - Андрэй Хадановіч). Паралельна з працай у ЛСП, у Пятра пачынаецца актыўная рускамоўная сольная дзейнасць. Напярэдадні свайго сольнага альбому Пётр Клюеў выпускае кліп на песню «Мона Ліза»[20].
Пётр Клюеў ажаніўся ў 2011 годзе, у 2012 годзе стаў бацькам - нарадзілася дачка Клюева Вераніка-Ганна Пятроўна. У 2015 годзе шлюб распаўся з прычыны актыўнай музычнай дзейнасці Пятра, аднак гэта не перашкодзіла яму захаваць добрыя адносіны з жонкай і прымаць актыўны ўдзел у выхаванні дачкі[21].