Пухірнік ягадны[3][4] (Silene baccifera) — кветкавая расліна сямейства Гваздзіковыя (Caryophyllaceae).
Шматгадовая травяністая расліна з моцна галінастым, узыходным або ляжачым апушаным сцяблом даўжынёй 60—150 см (0,5—2[5] м). Лісце суцэльнае, яйкападобна-ланцэтнае, супраціўнае. Кветкі з 5 зеленавата-белымі двухлопасцевымі пялёсткамі і 5 зрослымі чашалісцікамі, якія застаюцца пры пладах. Плод — чорная шарападобная ягада з бліскучым ныркападобным насеннем, не характэрным для сямейства гваздзіковых.
Прэбарэальны рэліктавы від з дэз’юнктыўным еўразійскім арэалам. Пашырэнне: Цэнтральныя і паўднёвыя раёны Еўропы, Каўказ, Заходняя Сібір, Сярэдняя Азія, Далёкі Усход. У Беларусі адзначаны ў асобных раёнах. Месцы росту: хмызнякі па ярах і абрывістых берагах рэк. Расце адзіночнымі экземплярамі і невялікімі групамі, але на абмежаваных плошчах.
Цвіце ў чэрвені-жніўні, пладаносіць у жніўні. Размнажэнне насеннем. Зацвітае на другі год.
Дэкаратыўная, лекавая расліна[4]. Маладое лісце ўжываецца ў ежу[4].