wd wp Пошук:

Пунскія

Пунскія — род татарскіх царэвічаў у Вялікім Княстве Літоўскім. Паходзілі ад царэвіча Енбек-салтана, сына Халек-салтана — пляменніка Шэйх-Ахмеда, апошняга хана Вялікай (Заволжскай) Арды, які ў пачатку XVI ст. ў якасці ганаровага палоннага знаходзіўся ў ВКЛ.

Енбек-салтан упамінаецца ў попісе войска ВКЛ 1528 г. У 1542 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт I Стары на просьбу «царэвіча Пунскага» аб маёнтку загадаў выдаваць яму штогод замест ранейшых 50 ужо 100 коп грошаў. У гэты час Енбек-салтан з сям’ёй атрымаў землі ў Пунскай воласці каля Аліты і маёнтак Калдычэва ў Новагародскім ваяводстве. Меў сыноў Іслама, Цімура і Селіма, якія выкарыстоўвалі і княжацкі тытул. У 15711585 яны прадалі Калдычэва канцлеру ВКЛ А. Валовічу. У 1576 г. Іслам Енбекавіч за заслугі ў баявых дзеяннях супраць расійскіх і шведскіх войск у Інфлянтах атрымаў ад вялікага князя Жыгімонта II Аўгуста прывілей на с. Янушкава ў Пунскай воласці, пасля — новыя наданні ад Генрыка Валезы і Стэфана Баторыя. Паводле попісу 1567 г., Пунскія выстаўлялі ў войска 3 коннікаў. Як і царэвічы Астрынскія, Пунскія не ўваходзілі ў склад татарскіх харугваў, а мелі права (як князі і паны) з’яўляцца са сваім атрадам непасрэдна да гетмана. Унукі Енбек-салтана захавалі княжацкі тытул, а тытул царэвічаў Пунскіх ператварыўся ў прозвішча. Яны прадалі землі пад Пунямі і Паложына ў Менскім ваяводстве, дзе яшчэ ў канцы XVII ст. валодалі часткай маёнтка Руднікі. У XVIII ст. гэты род, відаць, згас.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Вялікалітоўскія шляхецкія роды татарскага паходжання