Прутас, Пру́ці, Прута (літ.: Prūtas) — возера ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі і Ігналінскім раёне Літвы ў басейне ракі Дрысвята, за 36 км у напрамку на паўднёвы захад ад Браслава.
Плошча паверхні возера 4,5 км². Даўжыня 4,5 км, найбольшая шырыня 1,5 км. Плошча вадазбору 36,5 км². Катлавіна возера выцягнутая ў напрамку з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Берагавая лінія звілістая. Ручаямі і пратокамі возера Прутас злучанае з азёрамі Вайнікішкі, Прудунелі (Браслаўскі раён), Апіварда (Апвардай), Ружас і Гілутас (Літва).
У возеры водзяцца лешч, шчупак звычайны, гусцяра, плотка, краснапёрка, акунь рачны, джгір, мянтуз і іншыя віды рыб.