wd wp Пошук:

Польска-чэхаславацкая вайна

По́льска-чэхаслава́цкая вайна́ (польск.: Wojna polsko-czechosłowacka), у чэшскай гістарыяграфіі Сямідзё́нная вайна́ (чэшск.: Sedmidenní válka) — пагранічны канфлікт у 19191920 між Польшчай і Чэхаславакіяй. Разгарэўся з-за спрэчкі датычна прыналежнасці Цешынскай Сілезіі, Оравы і Спіша. У выніку інтэрвенцыі чэхаславацкіх войскаў рэгіён быў уключаны ў склад Чэхаславакіі і з той пары пачаў называцца Заволззем.

Прычыны канфлікту

Па Першай сусветнай вайне як Польшча, так і Чэхія са Славакіяй пачалі працэсы ўсталявання сваёй дзяржаўнасці. У 1918 годзе супольным рашэннем тэрыторыя Цешынскай Сілезіі была часова падзеленая паводле этнічнага крытэру з умовай наступнай ратыфікацыі гэтага рашэння ўрадамі абодвух дзяржаў.

Чэшскі бок не пагадзіўся з такім рашэннем, матывуючы гэта тым, што спрэчная тэрыторыя з 1339 года з’яўлялася часткай Багеміі. Акрамя таго, праз гэтыя землі праходзіла стратэгічна важная для Чэхаславакіі чыгунка Багумін — Кошыцы, якая з’яўлялася адзіным чыгуначным шляхам між Чэхіяй і Славакіяй, над якой намагалася ўсталяваць кантроль наваствораная Венгерская Савецкая Рэспубліка. Акрамя таго, спрэчная вобласць мела багатыя заляжы каменнага вуглю і развітую цяжкую прамысловасць.

Чэхаславацкі ўрад не прызнаў рашэння Пілсудскага пра прызначэнне выбараў у Заканадаўчы Сойм, якія меліся адбыцца ў тым ліку і на тэрыторыі, часова прызнанай належнай да Польшчы. Урад Рэчы Паспалітай не пайшоў на саступкі, і Чэхаславакія распачала ў раёне Цешына[1] канцэнтрацыю войскаў, складзеных з ветэранаў I сусветнай вайны.

Баявыя дзеянні

Чэхаславацкія легіянеры з Францыі на Цешыне (1919)

У сярэдзіне студзеня 1919 чэшскія войскі перайшлі мяжу і занялі Спіш і Ораву, узяўшы верх над слабейшымі польскімі падраздзяленнямі. Далей, скарыстаўшыся занятасцю Польшчы ў вайне з Заходне-Украінскай Народнай Рэспублікай, 23 студзеня войскі колькасцю 16 тысяч салдат з бронецягніком і артылерыяй увайшлі ў Цешынскую Сілезію[2]. Ім супрацьстаялі паляўнічыя аддзелы, складзеныя з мясцовых шахцёраў і польскай моладзі, а таксама нешматлікія аддзелы польскай самаабароны колькасцю каля 1500 чалавек. Ужо ў першы дзень чэхі занялі Багумін і прымусілі абаронцаў адступаць у бок Віслы.

На наступны дзень былі заняты Карвіна, Суха і Ябланкаў, а 26 студзеня пасля сутычкі палякі былі выбіты з Стонавы. У адказ чэхі занялі Цешын, Галешаў, Германіцы, Устрань і Нерадзім.

У канцы студзеня Антанта змусіла Чэхаславакію спыніць агрэсію, і 3 лютага 1919 у Парыжы бакі падпісалі польска-чэшскі ўклад пра ўсталяванне дэмаркацыйнай лініі ўздоўж кошыцка-багумінскай чыгункі. Такім чынам, да чэшскага боку перайшла частка тэрыторыі з Цешынам і Фрыштатам[3]. Аднак канчаткова чэшскія войскі пакінулі польскую тэрыторыю толькі 24 лютага пасля неаднаразовых пагрозаў заходніх дзяржаў.

Аднак у сакавіку 1920 года канфлікт разгарэўся з новай сілай. Масавыя выступы палякаў у Цешынскай вобласці змусілі ўрад Чэхаславакіі ўвесці на гэтай тэрыторыі ваеннае становішча тэрмінам на 1 месяц. У сярэдзіне мая ў сувязі з новымі хваляваннямі ваеннае становішча было ўведзенае зноў. Скарыстаўшыся цяжкім становішчам Польшчы, якая ў той час удзельнічала ў вайне з бальшавікамі, чэхаславацкі міністр замежных спраў Эдвард Бенеш фарсіраваў на канферэнцыі ў Спа ўлетку 1920 падзел Цешынскай Сілезіі без правядзення плебісцыту. Польшча, пераляканая перспектывай вайны на два фронты, пайшла на саступкі. 28 ліпеня да Чэхіі адышла частка дэмілітарызаванай зоны, тэрыторыя Цешынскай Сілезіі з гарадамі Тржынец, Карвіна, Ябланкаў і паўднёвай часткай Цешына, а таксама большасць спрэчнай тэрыторыі Спіша і Оравы.

Вынікі

Магіла польскіх салдат, загінуўшых пад Стонавай 26 студзеня 1919 года

Большая частка спрэчных земляў плошчаю 1280 км² і насельніцтвам 295,2 тыс. чалавек (139 тыс. палякаў, 113 тыс. чэхаў, 34 тыс. немцаў), у тым ліку тэрыторыі пад адміністрацыяй польскай Нацыянальнай рады Цешынскага княства з 179 тысячамі чалавек (123 тыс. палякаў, 32 тыс. чэхаў, 22 тыс. немцаў) апынулася ў межах Чэхаславакіі. Усходняя частка Цешынскай Сілезіі — 44 % тэрыторыі плошчаю 1002 км² з 139,6 тыс. чалавек — засталася Польшчы.

У выніку чэхізацыі ўжо ў 1921 годзе па выніках перапісу насельніцтва палякаў на чэшскай частцы Цешынскай Сілезіі налічвалася 69 тысяч[4]. На частцы чэшскай тэрыторыі з пераважна польскім насельніцтвам паўстала гэтак званае Заволззе — частка Фрыдэцкага, Фрыштацкага і Цешынскага паветаў разам з паловай Цешына, які атрымаў назву Чэскі-Цешын.

У выніку канфлікту пагоршыліся стасункі паміж абодзвюма дзяржавамі. У 1938 годзе Польшча анексавала Заволззе, калі Чэхаславакія апынулася ў падобнай безвыходнай сітуацыі, атакаваная нацысцкай Германіяй.

Зноскі

  1. Andrzej Leszek Szcześniak. Historia 1918—1939, Innowacja, Warszawa 1993.
  2. Tomasz Janowicz. Czesi. Studium historyczno-polityczne. Wojna o Śląsk Cieszyński, Wydawnictwo ANTYK, 2010, ISBN 978-83-89920-56-5.
  3. Grzegorz Gąsior. «Zaolzie. Polsko-czeski spór o Śląsk Cieszyński 1918—2008», Ośrodek KARTA 2008, ISBN 978-83-612-8311-9.
  4. Historia Śląska, red. Marek Czapliński, Wrocław 2002, s. 351.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Канфлікты 1919 года
Катэгорыя·Польска-чэшскія адносіны
Катэгорыя·Канфлікты 1920 года
Катэгорыя·Студзень 1919 года
Катэгорыя·Распад Аўстра-Венгрыі
Катэгорыя·Войны Чэхаславакіі
Катэгорыя·Войны Польшчы
Катэгорыя·Польская Рэспубліка (1918—1939)
Катэгорыя·Гісторыя Цешынскай Сілезіі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Войны XX стагоддзя