Плоскаступнёвасць — дэфармацыя ступні з устойлівым памяншэннем вышыні яе зводаў да іх амаль поўнага знікнення. Бывае падоўжаная і папярочная (мажліва спалучэнне абедзвюх). Набытую падзяляюць на статычную (ад перагрузкі ў час росту арганізму), рахітычную, траўматычную (пасля пералому шчыкалатак і касцей ступні) і паралітычную (пасля поліяміэліту). Прыроджаная сустракаецца рэдка. Прыкметы: хуткая стамляльнасць ног, боль у ступнях і ацёк ступні[2]. На 2011 г. у Беларусі ад хваробы пакутавала пятая частка дзяцей школьнага ўзросту.
Хваробу прадухіляе нашэнне абутку з гнуткай (натуральнай) скуры на малым абцасе, хаджэнне басанож дома і на рыхлай зямлі (пясок) і мяккай траве, як і выкананне практыкаванняў для ступняў. Падэшва абутку мае быць з натуральнага каўчуку. Нос чаравіка — мяккім і гнуткім. Вусцілка і падкладка — роўнымі і гладкімі. Хатні абутак варта насіць з убудаваным супінатарам калодкі і зашпількамі-сцяжкамі. Таксама карысна ўплываюць масаж ступняў і плаванне.
Немачы спрыяе абутак з адкрытай пяткай (сандалі), высокім і касым абцасам, тоўстай і цвёрдай падэшвай. Шкодзіць хаджэнне без абутку па камяністай глебе і асфальце, працяглае стаянне на месцы без рухаў з цяжкімі сумкамі ў руках і нашэнне дома пантофляў з тканіны[3].