wd wp Пошук:

Платон Мікалаевіч Жуковіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Жуковіч.

Плато́н Мікала́евіч Жуко́віч (26 верасня 1857, Пружаны, Расійская імперыя — 12 снежня 1919, Петраград, РСФСР) — расійскі гісторык Беларусі, Польшчы і Украіны XVII—XVIII стст. Прафесар Пецярбургскай духоўнай акадэміі, член-карэспандэнт Расійскай Акадэміі навук (1918).

Найбуйнейшы з дарэвалюцыйных даследчыкаў міжканфесыйных адносін у Рэчы Паспалітай, даследаваў палітыку Расіі на тэрыторыі Беларусі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. Стаяў на пазіцыях афіцыйнай гістарыяграфіі Расійскай імперыі. Пісаў свае даследаванні ў «заходнерускім духу»[1], сцвярджаючы, што праваслаўнае насельніцтва ВКЛ заўжды імкнулася пад уладу расійскага цара.

Паходжанне

Бацька, Мікалай Міхайлавіч Жуковіч (28.12.1826 (10.1.1827) — 29.7.1908), праваслаўны святар. Нарадзіўся ў мястэчку Дзівін Кобрынскага павета (цяпер у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці). Скончыў Літоўскую духоўную семінарыю ў 1849 годзе, рукапакладзены ў сан дыякана. 28 лістапада 1849 года хіратанізаваны ў сан іерэя царквы Нараджэння Хрыстовага ў Пружанах. Неўзабаве пасля пабудовы сабора Аляксандра Неўскага ў сане мітрафорнага протаіерэя стаў яго настаяцелем. Пахаваны ў капліцы на праваслаўных могілках.

Біяграфія

Платон Жуковіч нарадзіўся 26 верасня 1857 у горадзе Пружаны Гродзенскай губерні. У 1867 годзе паступіў у Кобрынскае духоўнае вучылішча, скончыўшы яго ў 1871 годзе адным з трох лепшых вучняў. Пасля паступіў у Літоўскую семінарыю. Па яе сканчэнні ў 1877 годзе працягнуў навучанне ў Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі на царкоўна-гістарычным аддзяленні, якое ўзначальваў Міхаіл Каяловіч, выхадзец з Беларусі і адзін са стваральнікаў ідэалогіі заходнерусізму[2]. Платон Жуковіч з’яўляўся адным з лепшых студэнтаў, пра што сведчаць не толькі адзнакі, але і ўспаміны сяброў і выкладчыкаў. На трэцім курсе ён пачаў курсавую працу на тэму «Кардынал Гозі і Польская царква яго часу», якая пасля перарасла ў кандыдацкую дысяртацыю, абароненую ў 1881 годзе. Платон Жуковіч скончыў акадэмію са ступеняй кандыдата багаслоўя па царкоўна-гістарычным аддзяленні.

Пасля сканчэння вучобы быў размеркаваны на абавязковае выкладанне (паўтара гады за кожны рок навучання) ў Полацкае духоўнае вучылішча. Выкладаў геаграфію і арыфметыку, адначасна працягваючы навуковыя даследаванні. Ён істотна дапрацаваў сваю дысяртацыю і 16 студзеня 1883 паспяхова абараніў яе, атрымаўшы ступень магістра багаслоўя.

Пасля гэтага ён атрымаў прапанову заняць кафедру царкоўнай гісторыі ў Кіеўскай духоўнай акадэміі, аднак адмовіўся дзеля старога месца работы. У лістападзе 1883 года на загад Свяшчэннага Сінода ён быў пераведзены на пасаду даглядчыка Віленскага духоўнага вучылішча, а ў 1884 годзе стаў выкладчыкам царкоўнай гісторыі ў Літоўскай духоўнай семінарыі.

Жывучы ў Вільні, Жуковіч займаўся даследаваннямі каталіцкай духоўнай адукацыі і яе ўплыву на духоўнае жыццё Літвы і Беларусі. Ён меў досяг да рэдкіх дакументаў, у выніку чаго яго працы мелі надзвычайную вартасць. Працяглы час займаючыся вывучэннем каталіцкай адукацыі, Жуковіч прыйшоў да высновы, што адукацыя ў Віленскай навучальнай акрузе павінна быць адабранай з-пад апекі каталікоў, бо ў гэтым прыхаваная сур’ёзная пагроза для целаснасці расійскай дзяржавы.

У жніўні 1891, па смерці Міхаіла Каяловіча, Платон Жуковіч абраны на пасаду загадчыка кафедры грамадзянскай гісторыі ў Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі. З 1891 — дацэнт, з 1894 — экстраардынарны, з 1901 — ардынарны прафесар акадэміі. У 1901 ён атрымаў доктарскую ступень, абараніўшы дысяртацыю на тэму «Соймавая барацьба праваслаўнага заходнерускага дваранства з царкоўнай уніяй да 1609 р.». У 1910 выйшаў па-за штат, а ў 1912 абраны ганаровым членам Духоўнай акадэміі.

З’яўляўся членам Рускага гістарычнага таварыства з 1914 года. Акрамя таго, з’яўляўся ганаровым членам Імператарскага Археалагічнага інстытута ў Санкт-Пецярбургу і Палтаўскай царкоўнай гісторыка-археалагічнай камісіі, пажыццёвым членам Уладзімірскай губернскай вучонай архіўнай камісіі, дзейным членам Камісіі для разбору і парадкавання архіву Свяшчэннага Сінода, Імператарскага рускага гістарычнага таварыства, Імператарскага маскоўскага археалагічнага інстытута імя імператара Мікалая II і Рускага бібліялагічнага таварыства.

З 1914 займаўся даследаваннем становішча насельніцтва, школьнай справы, адміністрацыйнага кіраўніцтва і суду на тэрыторыі Беларусі пасля падзелу Рэчы Паспалітай; працаваў над гісторыяй інвентароў і пачатку сялянскай рэформы на Беларусі XIX ст.

У 1917 годзе браў удзел у працы Усерасійскага царкоўнага сабору[3]. Пасля закрыцця Пецярбургскай духоўнай акадэміі (1918) працаваў навуковым супрацоўнікам у Дзяржаўнай публічнай бібліятэцы імя Салтыкова-Шчадрына. На прадстаўленне акадэміка Івана Пальмава быў абраны членам-карэспандэнтам Расійскай акадэміі навук па аддзяленні рускай мовы і славеснасці. Уваходзіў у Беларускае вольнаэканамічнае таварыства ў Петраградзе, складаў бібліяграфію па гісторыі Беларусі.

Памёр у 1919 годзе, пахаваны 30 лістапада. Ягоную бібліятэку ў 1921 годзе набыла Дзяржаўная бібліятэка БССР. Па тэматыцы і тыпах выдання гэта навуковыя манаграфіі па гісторыі «Заходняй Русі», артыкулы з перыядычных выданняў, матэрыялы да біяграфіяў асобных дзеячаў царкоўнай гісторыі і асветы, навучальных духоўных устаноў Беларусі, апісанне манастыроў, рукапісаў і нявыдадзеных кніг, рэцэнзіі, водгукі, інструкцыя па збору помнікаў народнай творчасці і іншае. Сярод аўтараў выяўленых кніг — Павел Баброўскі, Антон Будзіловіч, Аляксандр Ельскі, сам Платон Жуковіч, Іван Лапа, Аляксандр Мілавідаў, Стэфан Рункевіч, Іларыён Чыстовіч і іншыя[4].

Сачыненні

Зноскі

  1. Марозава С.В. Заходнеруская гістарыяграфічная школа аб царкоўным новатворы 1596 года // Брэсцкая царкоўная унія 1596 г. у беларускай гістарыяграфіі. — Гродна: ГрДУ, 2002. — С. 32—33. — ISBN 985-417-271-6.
  2. 26 верасня 2017 г. — 160 гадоў з дня нараджэння Платона Мікалаевіча Жуковіча (1857—1919), гісторыка, прафесара, члена-карэспандэнта Расійскай акадэміі навук // Краязнаўства Берасцейшчыны
  3. Алфавитный список Членов Собора Православной Российской Церкви 1917—1918 года.
  4. Сільнова Л.Д. Бібліятэка прафесара Платона Жуковіча ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі // Здабыткі: дакументальныя помнікі на Беларусі: [зборнік]. — Мн.: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2004. — В. 6.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (25):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1857 годзе
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Памерлі ў 1919 годзе
Катэгорыя·Члены-карэспандэнты Санкт-Пецярбургскай акадэміі навук
Катэгорыя·Выкладчыкі Віленскай духоўнай семінарыі
Катэгорыя·Гісторыкі Расіі
Катэгорыя·Нарадзіліся 8 кастрычніка
Катэгорыя·Гісторыкі праваслаўнай царквы Беларусі
Катэгорыя·Памерлі 12 снежня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без подпісу
Катэгорыя·Гісторыкі Беларусі
Катэгорыя·Заходнерусізм
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Пружанах
Катэгорыя·Выпускнікі Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі
Катэгорыя·Нарадзіліся 26 верасня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Памерлі 13 снежня
Катэгорыя·Выкладчыкі Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Памерлі ў Санкт-Пецярбургу
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара