wd wp Пошук:

Мараціевыя

Мараціевыя (Marattiaceae) — сямейства папарацепадобных.

Апісанне

Адрозніваюцца прымітыўнасцю арганізацыі, налічваюць 7 родаў шматгадовых раслін, прыстасаваных да вільготных трапічных лясоў. Яны іншы раз утвараюць густыя зараснікі з клубнепадобнымі сцёбламі вышынёй да 2-4 м і вялікімі, да 4-5 м, рассечанымі лістамі на доўгіх трывалых чаранках. Лісты ў аснове акружаны двума буйнымі прылісткамі (афлебіямі) з запасам крухмалу. На прылістках узнікаюць прыдатачныя пупышкі, з якіх могуць развівацца новыя расліны. Акрамя клубнепадобных у некаторых відаў маюцца сцелістыя і прамастаячыя парасткі.

Карані мараціевых вельмі тоўстыя, прыдаткавыя, узнікаюць на сцяблах. Сцябло ў маладым стане пратастэлічнае, дарослае сцябло мае складаную поліцыклічную аснову дыктыястэлу. У каранях, сцяблах і чаранках лістоў характэрна наяўнасць схізагенных слізевых хадоў. Гэтым мараціевыя падобны на сагаўнікавых з аддзела голанасенныя. Акрамя клубнепадобных сцёблаў, у некаторых відаў маюцца сцелістыя і прамастаячыя сцёблы.

Асаблівасці біялогіі

Раўнаспоравыя старажытныя эўспарангіятныя папараці. На ніжніх баках зялёных лістоў размяшчаюцца спарангіі, аб’яднаныя ў сорусы, часцей у сінангіі розных форм. Тыповага індузія няма; яго функцыю выконваюць валаскі ці лускі. Спарангіі маюць мнагаслойную сценку з вусцейкамі. Кальцо адсутнічае. Са споры пры прарастанні ўтвараецца пласціністы мнагаслойны гаметафіт памерам 1-3 см. Жыве 2-3 гады. Знешне ён нагадвае талом пячоначнікаў. Падобныя гаметафіты лічацца старажытнымі.

Мараціевыя паходзяць, верагодна, ад выкапнёвых старажытных першапапарацей (Zygopteridopsida), спарангіі якіх мелі мнагаслойную сценку.

Класіфікацыя

Найбольш разнастайнымі і шматлікімі па колькасці відаў у мараціевых з’яўляюцца шырока распаўсюджаныя віды родаў ангіяптэрыс (Angiopteris) — больш за 100 відаў і марація (Marattia) — больш 60 відаў. Іншыя роды — архангіяптэрыс (Archangiopteris), макраглосум (Macroglossum), хрыстэнзэнія (Christensenia) і данэя (Danaea) маюць меншае распаўсюджанне.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Артыкулы пра расліны без GRIN
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Расліны паводле алфавіта
Катэгорыя·Артыкулы з перасягнутай глыбінёй разгортвання
Катэгорыя·Папарацепадобныя