wd wp Пошук:

Ніна Ляўковіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Ляўковіч.

Ні́на Абра́мчык (дзявочае Ляўковіч; літаратурны псеўданім Ніна Раса; 20 сакавіка 1916 — 27 студзеня 2003[1]) — беларуская грамадcка-палітычная дзеячка, пісьменніца. Жонка Міколы Абрамчыка.[2]

Біяграфія

Магіла Ніны Ляўковічі на могілках Пер-Лашэз у Парыжы

Скончыла Віленскую беларускую гімназію, вучылася ў Віленскім універсітэце, член Беларускага студэнцкага саюзу. З восені 1939 году настаўнічала на Пружаншчыне. Ад 1941 году жыла ў Берліне, дзе пабралася шлюбам з Міколам Абрамчыкам. Працавала ў газэце «Раніца» і Беларускім камітэце самапомачы. У 1943 г. разам з мужам пераехала ў Парыж (Абрамчык быў высланы з Берліна пад нагляд гестапа). Пісала апавяданні пад псеўданімам Ніна Раса. У 1947 г. выдала адзіны нумар перыёдыка Беларускага жаночага аб’яднання ў Францыі «Беларуска». У 1955 г. нарадзіла сына Альгерда. Пасля смерці мужа адмовілася аддаць беларускай грамадзе архіў Рады БНР і амаль абарвала кантакты з беларусамі. Працавала ў Musée de l’Homme ў Парыжы. Публікавала ў французскіх навуковых часопісах свае тэксты, прысвечаныя беларускай традыцыйнай культуры. Жыла ў прыгарадзе Парыжу Вілепэнт.

Памерла 27 студзеня 2003 г. Пахаваная ў Парыжы на могілках Пер-Лашэз каля свайго мужа.[2]. У некаторых крыніцах памылкова падаецца дата смерці як 2004 год, аднак на помніку ўказаны 2003 год.[1]

Выдавецкая дзейнасць

Беларускі камітэт самапомачы ў Берліне ў другой палове 1942 году пачаў спарадычна выпускаць кнігі і брашуры, што было заслугай Міколы Абрамчыка і ягонай жонкі. Улетку 1942 году Абрамчыкамі былі выдадзеныя «Сымон-музыка» Якуба Коласа, «Ад родных ніў» Ларысы Геніюш. Першая з іх была перадрукам даваеннага віленскага выдання, а другую падрыхтаваў да друку Вітаўт Тумаш, карыстаючыся тэкстамі, апублікаванымі ў «Раніцы» і атрыманымі ад аўтаркі з Прагі. Абедзве кнігі былі адначасова надрукаваныя ў праскай друкарні «Палітыка» і ў верасні 1942 году рэклямаваліся на старонках «Раніцы».

Ніна Абрамчык таксама апрацавала і выдала ў 19421943 гадах некалькі кнігаў.

Даследніцкая дзейнасць, творчасць

Ніна Абрамчык апрача выдавецкай дзейнасці пісала вершы, апавяданні. І дасюль малавядомай застаецца даследніцкая дзейнасць дыяспарнай дзяячкі па-французску. Яна працавала ў Музеі чалавека ў Парыжы. У канцы 1990-х гадоў у французскіх навуковых часопісах («Eurasie», «Ethnozootechnie») з’яўляюцца артыкулы фалькларысткі і этнолага Ніны Абрамчык (une ethnologue Nina Abramtchik)[3]. На ейныя даследаванні жаночай традыцыйнай культуры спасылаюцца квебекскія даследніцы (Pauline Greenhill I Diane Tye, 1997 год)[4].

У часопісе «Eurasie» Ніна Абрамчык надрукавала грунтоўныя артыкулы, прысвечаныя розным аспектам традыцыйнай культуры беларусаў. У нумары за 1995 год супрацоўніца Музея чалавека апублікавала даследаванне «Le lin chez les Biélorussiens, un exemple de sacralité locale» (Лён у беларускай культуры, прыклад мясцовай сакральнасці)[3]. У 1999 годзе Ніна Абрамчык апублікавала падобныя фальклорныя апісанні і аналіз, што датычыць месца і значэння каня ў традыцыйнай культуры беларусаў: «Le cheval en Biélorussie. Contes et emblèmes» (Конь у беларускай культуры. Казкі і cымбалі). Артыкул з’явіўся ў калектыўным зборніку, што быў прысвечаны вобразу і месцу каня ў еўрапейскай культуры[5]. У 2000 годзе даследніца напісала артыкул пра гісторыю і значэнні колераў у беларускай культуры «Couleurs de Biélorussie (Belarus)» (Колеры Беларусі)[3].

Зноскі

  1. 1 2 Як знайсці магілу Міколы і Ніны Абрамчык
  2. 1 2 Ушанаваньне памяць М. Абрамчыка(нявызн.). Палітыка. Беларуска-Эўрапейскае задзіночаньне (21 жніўня 2008). Праверана 27 чэрвеня 2009.
  3. 1 2 3 У. Гарбацкі, Невядомая спадчына: этналагіня Ніна Абрамчык, Новы Час, 17-05-2018
  4. Undisciplined Women: Tradition and Culture in Canada. Pauline Greenhill and Diane Tye, eds. Montreal and Kingston: McGill-Queen’s University Press, 1997.
  5. Abramtchik (Nina) 1996,"Le cheval en Biélorussie. Contes et emblèmes", in Le cheval en Eurasie. Pratiques quotidiennes et déploiements mythologiques, Paris, L’Harmattan, p. 165—171.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (18):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Імігравалі ў Францыю з Беларусі
Нарадзіліся ў 1916 годзе
Пісьменнікі паводле алфавіта
Асобы
Нарадзіліся 20 сакавіка
Памерлі ў 2004 годзе
Імігравалі ў Германію з Беларусі
Нарадзіліся ў Пружанскім павеце (Расійская імперыя)
Навучэнцы Віленскай беларускай гімназіі
Вікіпедыя:Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Нарадзіліся ў Пружанскім раёне
Пахаваныя на могілках Пер-Лашэз
Памерлі ў Францыі
Члены Беларускага студэнцкага саюза
Беларускамоўныя пісьменнікі
Памерлі 27 студзеня