wd wp Пошук:

Новасібірскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы ўніверсітэт

Новасібірскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы ўніверсітэт (руск.: Новосибирский государственный архитектурно-строительный университет (НГАСУ)) — федэральная дзяржаўная бюджэтная адукацыйная ўстанова вышэйшай адукацыі ў Новасібірску.

Гісторыя

Сібірскі будаўнічы інстытут (руск.: Сибирский строительный институт, Сибстрин) быў створаны ў адпаведнасці з загадам ВСНГ СССР № 1381 ад 18 мая 1930 года і пастановай ЦВК і Саўнаркама СССР № 40/237 ад 23 чэрвеня 1930 года. Ён адкрыўся на базе інжынерна-будаўнічага факультэта Сібірскага тэхналагічнага інстытута ў г. Томску. Першым дырэктарам новай навучальнай установы быў прызначаны Іван Мікіціч Арцем’еў. Заняткі пачаліся 1 верасня 1930 года. Інстытут стаў адзінай ад Урала да Далёкага Усходу вышэйшай навучальнай установай, якая рыхтавала спецыялістаў для будаўнічага сектара краіны: архітэктараў, інжынераў па прамысловым і грамадзянскім будаўніцтве, водазабеспячэнні і каналізацыі. Складаўся з сямі кафедраў: вышэйшай матэматыкі, архітэктуры, будаўнічай механікі, інжынерных канструкцый, будаўнічай вытворчасці, будаўнічых матэрыялаў, водазабеспячэння і каналізацыі, меў 15 супрацоўнікаў і 227 студэнтаў.

У 1931 годзе дырэктарам інстытута стаў Афанасій Пракопавіч Страхаў[1], які ўзначальваў яго да красавіка 1936 года.

У 1933 годзе Сібірскі будаўнічы інстытут пераехаў з Томска ў Новасібірск. У інстытуце дзейнічала ўжо 13 кафедраў. Завершана будаўніцтва першай чаргі навучальнага корпуса і прафесарскага карпусоў. Будынкі новых карпусоў былі запраектаваны брыгадай архітэктараў кафедры архітэктуры Сібірскага будаўнічага інстытута пад кіраўніцтвам М. С. Кузьміна[ru]. Кансультаваў праект А. Д. Крачкоў[ru]. Найбольш актыўнымі ўдзельнікамі будаўніцтва будынкаў інстытута былі яго студэнты.

У 1935 годзе інстытут перайменаваны ў Новасібірскі інжынерна-будаўнічы інстытут (НІБІ) імя В. У. Куйбышава (руск.: Новосибирский инженерно-строительный институт им. В. В. Куйбышева, НИСИ). У 1936—1938 гадах інстытут узначальваў Анатоль Георгіевіч Прысцінскі, а з кастрычніка 1937 года Васіль Фёдаравіч Арцем’еў, які кіраваў інстытутам да кастрычніка 1940 года. Выйшаў першы зборнік навуковых прац інстытута і адбылася першая навуковая канферэнцыя. Пабудаваны студэнцкі інтэрнат № 3 на 515 месцаў.

У 1939 годзе на базе інжынерна-геадэзічнага факультэта НІБІ арганізаваны Новасібірскі інстытут інжынераў геадэзіі, аэрафотаздымкі і картаграфіі (цяпер — Сібірская дзяржаўная геадэзічная акадэмія). Заснавана аспірантура.

У 1940 годзе месца дырэктара заняў Лука Алімпіевіч Маслюкоў, які ўзначальваў інстытут да лютага 1944 года. Усяго з НІБІ ў армію было прызвана 400 чалавек: 245 студэнтаў, 36 выкладчыкаў, 3 аспіранты, 116 іншых супрацоўнікаў і рабочых. Усе яны гераічна абаранялі Радзіму, а 106 з іх загінулі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, памерлі ад раненняў у шпіталях. Навукоўцы інстытута зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё будаўнічай галіны ва ўмовах ваеннага часу. Створаны будаўніча-тэхналагічны факультэт. У 1944 годзе дырэктарам НІБІ прызначаны Рыгор Барысавіч Прончанка, які ўзначальваў яго да красавіка 1949 года.

У 1949 годзе НІБІ ўзначаліў Данііл Азаравіч Куляшоў, які стаяў на чале інстытута амаль 30 гадоў, ператварыўшы яго цэнтр падрыхтоўкі будаўнічых кадраў Сібіры. У 1955—1956 гадах арганізаваны факультэты вячэрняга і завочнага навучання (аб’яднаны ў 1991 годзе). У 1957 годзе здадзены ў эксплуатацыю інтэрнат № 2 на 450 месцаў.

У 1969—1970 гадах арганізаваны факультэт павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў і адкрыта падрыхтоўчае аддзяленне для абітурыентаў. У інтэрнаце № 2 адкрыты прафілакторый для студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў.

9 мая 1975 года, у дзень 30-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне адкрыты помнік, на які пералічаны імёны 39 студэнтаў і выкладчыкаў, якія загінулі ў гады ВАВ. Адкрыты музей баявой і працоўнай славы НІБІ. У 1978 годзе распачата падрыхтоўка спецыялістаў для замежных краін. Інстытут узначаліў Ілья Ільіч Кошын.

У 1980 годзе за заслугі ў падрыхтоўцы кваліфікаваных спецыялістаў для народнай гаспадаркі і поспехі ў развіцці навуковых даследаванняў інстытут быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У 1981 годзе арганізаваны факультэт па працы з замежнымі студэнтамі (цяпер ФПЗС). У 1987—1989 гадах на базе архітэктурнага факультэта НІБІ быў заснаваны Новасібірскі архітэктурны інстытут (цяпер Новасібірская дзяржаўная архітэктурна-мастацкая акадэмія). У НІБІ пачала працу кафедра архітэктуры і горадабудаўніцтва, арганізаваная для архітэктурнай падрыхтоўкі студэнтаў інжынерна-тэхнічных спецыяльнасцей. Пабудавана 9-павярховы інтэрнат № 5 на 537 месцаў. У 1989 годзе інстытут узначаліў Аркадзь Пятровіч Яненка, які заставаўся на гэтай пасадзе да 2007 года.

У 1990 годзе арганізаваны факультэт даўніверсітэцкай падрыхтоўкі, які аб’яднаў падрыхтоўчае аддзяленне і падрыхтоўчыя курсы (цяпер Цэнтр даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафарыентацыйнай працы), і агульнатэхнічны будаўнічы факультэт. У 1993 годзе загадам камітэта па вышэйшай школе Міннавукі Расіі ад 21 чэрвеня Новасібірскі інжынерна-будаўнічы інстытут перайменаваны ў Новасібірскую дзяржаўную акадэмію будаўніцтва (НДАБ) (руск.: Новосибирскую государственную академию строительства, НГАС).

У 1994 годзе створаны Вылічальны цэнтр. НДАБ стала асацыяваным членам РААБН і з тых часоў увесь час аказвае аддзяленню акадэміі арганізацыйную, кадравую і фінансавую падтрымку.

У 1998 годзе загадам Міністэрства агульнай і прафесійнай адукацыі РФ ад 22 студзеня НДАБ перайменавана ў Новасібірскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы ўніверсітэт (НДАБУ).

У 2002 годзе ўніверсітэт акрэдытаваны Міжнародным інстытутам будаўнікоў (ICE, г. Лондан) па кірунку «будаўніцтва». Створана ўпраўленне па арганізацыі пазавучэбнай і выхаваўчай працы (цяпер ЦПВР). У 2003 годзе НДАБУ атрымаў новую афіцыйную назву «Новасібірскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы ўніверсітэт (Сібірскі будаўнічы інстытут)». На базе аддзела практыкі арганізавана Упраўленне працаўладкавання, занятасці і вытворчых практык. Адкрыты цалкам рэканструяваны мемарыяльны Манумент у гонар загінулых на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

У 2004 годзе ўніверсітэт адзначаны Амерыканскім залатым сертыфікатам міжнароднага прэстыжу і залатым медалём Асацыяцыі садзейнічання прамысловасці (Францыя) за поспехі ў вобласці падрыхтоўкі спецыялістаў і развіцці сацыяльнай сферы. У 2005 гоазе ганараваны залатым медалём «Гран-пры еўрапейскай якасці» (Швейцарыя).

У сакавіку 2007 года ўніверсітэт узначаліў Станіслаў Віктаравіч Ліноўскі. З сакавіка 2012 года і па цяперашні час універсітэт узначальвае член-карэспандэнт РААБН Юрый Леанідавіч Скалубовіч. Створаны архітэктурна-горадабудаўнічы факультэт. Будаўніча-тэхналагічны факультэт перайменаваны ў факультэт інжынерных і інфармацыйных тэхналогій (ФІІТ). У выніку аб’яднання факультэта гуманітарнай адукацыі і факультэта эканомікі і менеджменту з’явіўся факультэт эканомікі, менеджменту і гуманітарнай адукацыі (ФЭМГА).

У 2014 годзе была прынята «Праграма стратэгічнага развіцця ўніверсітэта», якая прадугледжвае стварэнне Сібірскага цэнтра навукі і адукацыі ў вобласці архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, які закліканы аб’яднаць вытворчыя прадпрыемствы, ВНУ, навукоўцаў не толькі з Расіі, але і з замежжа.

15 кастрычніка 2015 года ў складзе НДАБУ (Сібірскі будаўнічы інстытут) створана міжнародная кафедра ЮНЕСКА «Экалагічна бяспечныя тэхналогіі прыродаўладкавання і водакарыстання».

Універсітэт сёння

Універсітэт уключае 7 факультэтаў, 30 кафедраў і вядзе шматузроўневае навучанне па 10 кірунках і 16 профілях падрыхтоўкі вышэйшай прафесійнай адукацыі — будаўнічых, архітэктурных і гуманітарных.

Ва ўніверсітэце ў наш час навучаецца прыкладна 6000 студэнтаў. Агульная колькасць прафесарска-выкладчыцкага складу складае каля 460 чалавек. Больш за палову з іх маюць навуковыя ступені прафесараў і дактароў навук, дацэнтаў і кандыдатаў навук.

У НДАБУ (Сібірскі будаўнічы інстытут) маюцца дактарантура і аспірантура па 13 навуковых спецыяльнасцях. Ва ўніверсітэце функцыянуе 1 дысертацыйны савет.

НДАБУ (Сібірскі будаўнічы інстытут) уяўляе сабой кампактна размешчаны ў цэнтры Новасібірска развіты ўніверсітэцкі комплекс агульнай плошчай 66,5 тыс. м2. Навучальна-лабараторная база ўключае 4 карпусы, якія забяспечваюць правядзенне ўсіх відаў навучальных заняткаў. Адзіная інфармацыйна-вылічальная сетка ўніверсітэта аб’ядноўвае звыш тысячы камп’ютараў, маецца 28 сучасных камп’ютарных класаў, падключэнне да сеткі Інтэрнэт з хуткасцю да 33 Мбіт/сек, зоны Wi-Fi са свабодным доступам.

Спартыўна-аздараўленчая база ўніверсітэта ўключае з адзін з найлепшых у горадзе спартыўна-аздараўленчых комплексаў плошчай 6,3 тыс. м2, стадыён, лыжную базу, цір, санаторый-прафілакторый, пункт аховы здароўя, базу адпачынку «Сасноўка». Працуюць секцыі па 17 відах спорту.

На тэрыторыі ўніверсітэцкага комплексу размяшчаецца 4 студэнцкія інтэрнаты.

Зноскі

  1. Сталинские списки: Каменец-Подольская область (нявызн.) (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 13 красавіка 2015. Праверана 17 снежня 2017.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Універсітэты паводле алфавіта
Катэгорыя·Навучальныя ўстановы, заснаваныя ў 1930 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Арганізацыі, узнагароджаныя ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга
Катэгорыя·Універсітэты Новасібірска
Катэгорыя·Архітэктурна-будаўнічыя ВНУ Расіі
Катэгорыя·Новасібірскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы ўніверсітэт