Настолле — гістарычная мясцовасць Хойнікаў, размешчаная ў заходняй частцы места.
У рэвізіі Мазырскага староства 1560 года, выкананай каралеўскімі камісарамі панамі Рыгорам Валовічам і Мікалаем Нарушэвічам, тэкст якой вядомы з актавай кнігі 1777 года, паведамляецца, што мяжа сёлаў Загалле і Клівы ад рэчкі Рабца даходзіла да селішча Настолля, а шырыня таго грунту ад Рабца да Настолля ўздоўж на паўтрэці мілі, упоперак да Каменкі і да Просічы на мілю[upper-alpha 2] — «Wiabec», «do sieliszcza Stali» «do sieliszcza na Stali». Але ў копіях рэвізіі, што захоўвалі ў сябе трымальнікі Загальскага староства, паселішча названае Настоллем, хоць рэчка — усё яшчэ Вябцом. У больш падрабязным люстрацыйным інвентары ад 27 верасня 1789 г., у якім Загальскае староства размяжоўвалася з Хойніцкімі добрамі паноў Прозараў, з Барысаўшчынай і Старчам паноў Аскеркаў, і рэчка выступае пад сваёй сапраўднай назвай Рабец, і староства названае Настольскім[1][2].
Напярэдадні падпісання акта Люблінскай уніі ўказам караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 года Кіеўскае ваяводства было далучана да Кароны Польскай[3]. Настолле ў складзе Мазырскага павета засталося ў Вялікім Княстве Літоўскім, але стала часткай ужо Менскага ваяводства.
Надалей «sieło i dwór Na(s)tole» згаданыя ў размежаваньні Кіеўскай зямлі Кароны і Мазырскага павета ВКЛ у снежні 1621 — студзені 1622 года, калі былі ў трыманні пана Іскарастынскага; пацверджаныя панамі камісарамі прыналежнымі да Мазырскага павета[4].
Ад пачатку XVIII ст. Настолле названа нягродавым староствам, але выступала асобным уладаннем і раней. У яго складзе — аднаіменныя двор і невялічкая вёска[5]. Сярод яўрэяў мястэчка Хойнікі, якія не мелі дамоў і падатак плацілі толькі з камор, у рэвізіі 1716 года названы Ёсь Настольскі[6]. Ці не першым у гэты час вядомым з імя старостам настольскім быў Ян Славінскі, падчашы добжынскі. 27 мая 1720 года кароль Аўгуст ІІ перадаў староства пану Барталамею Мараўскаму. У 1766 годзе Павел Колб выплачваў з Настолля 100 злотых і 3 грошы кварты, 15 зл. гіберны[7]. 8 лютага 1776 года Антоні, сын Барталамея, Мараўскі выдаў квітанцыю Стэфану Славінскаму, у якой запісаў, што калісьці яго бацька, быўшы не ў стане кіраваць староствам, саступіў яго Стэфану, сыну Яна Славінскага, папярэдняга старосты настольскага[8]. Паводле запісу ў метрычнай кнізе Юравіцкага касцёла ад 27 верасня 1783 года, у той дзень быў ахрышчаны Маўрыцый Мацей, сын Станіслава і Людвікі з Казлоўскіх Бялавецкіх, пасэсараў настольскіх; кумамі выступілі Фларэнцый Аскерка, харунжыч мазырскі, і Антаніна Стоцкая, жонка суддзі мазырскага. Яшчэ villa Nastole ў той жа кнізе згаданая ў кастрычніку 1785 года, калі ахрышчаныя былі Ёанна, дачка сужэнства Бялавецкіх, і Мацей Маўрыцый, сын Юзафа і Розы з Казлоўскіх Кучынскіх[9].
У сувязі з чаканым перапісам яўрэйскага насельніцтва, у 1784 годзе 25 чалавек (głów) з суседніх Хойнікаў [Оўруцкага](/Оўруч "Оўруч") павета Кароны, каб не плаціць пагалоўшчыну да скарбу, былі схаваныя (і прынятыя) ў Настоллі Мазырскага павета ВКЛ[[10]](/Настолле#cite_note-12).Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Настолле — у межах Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе адноўленага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[11]. Паводле расійскай рэвізіі 1795 года, «сяльцо» Настолле мела 6 двароў з 20 душамі мужчынскага і 18 жаночага пола прыгонных сялян[12], належала пажыццёва старосце настольскаму Паўлу Колбу, ротмістру Пінскага павета, але знаходзілася ў пасэсіі ў адстаўнога ротмістра Юзафа, сына Франца, Скакоўскага[13]. У 1811 годзе фальварак і вёску Настолле з 20 душамі мужчынскага пола (разам — староства) трымаў, згодна з кантрактам на арэнду, Рыгор Завітневіч, каморнік Рэчыцкага павета[14].
У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 23 жыхары абодвух полаў з вёскі Настолле былі прыхаджанамі Хойніцкай Свята-Пакроўскай царквы, а 14 жыхароў — парафіянамі Астраглядаўскага касцёла Унебаўзяцця найсвяцейшай Панны Марыі[15]. На пачатак 1870 году ў Настольлі налічвалася 9 гаспадароў з былых дзяржаўных сялян, прыпісаных да Небытаўскага сельскага таварыства, 12 аднадворцаў, прыпісаных да Хойніцкай воласці[16].
У 1909 годзе ў вёсцы Настолле 33 двары, 181 жыхар[17].
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Берасцейскага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана была часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Настолле і Хойнікі, аднак, апынуліся ў складзе часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. Ад 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[18]. 1 студзеня 1919 года, паводле пастановы І з’езда КП(б) Беларусі, Хойнікі ўвайшлі ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня Масква адабрала іх разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. Згодна з дакументам «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 снежня 1920 і на 15 красавіка 1921 года ў Настольскай школе першай ступені (г. зн. пачатковай) было адпаведна 12 і 18 вучняў[19]. 8 снежня 1926 года Настолле з Хойнікамі вярнулі БССР. На 1929 год 63 % жыхароў Настолля складалі каталіцкія або «польскія» сем’і (26)[20].
У 1989 годзе, пасля далучэння вёскі да Хойнікаў, у месце з’явілася вуліца Настольская, але аўтобусны прыпынак захаваў назву Настолле.