wd wp Пошук:

Навазыбкаў

Навазыбкаў (руск.: Новозыбков) — горад (з 1809 года) у Расіі, адміністрацыйны цэнтр Навазыбкаўскай гарадской акругі Бранскай вобласці. Насельніцтва 42,7 тыс. чалавек (2005), трэці па велічыні ў вобласці пасля Бранска і Клінцоў.

Заснаваны ў 1701 годзе. Асноўную частку першапасяленцаў склалі стараверы, уцекачы з цэнтральных абласцей Расіі. Цягам гісторыі горада стараверы адыгрывалі значную ролю ў жыцці і развіцці Навазыбкава і складалі значную частку яго насельніцтва. Зараз у Навазыбкаве знаходзіцца адзін з духоўна-адміністрацыйных цэнтраў Рускай дрэўлеправаслаўнай царквы.

Геаграфія

Размешчаны на паўночным захадзе Бранскай вобласці недалёка ад мяжы з Гомельскай вобласцю (Беларусь) на рацэ Карна, у межах украінскай і беларускай этнічных тэрыторый.

Навазыбкаў раз­віваўся паводле пла­на рэгу­ляр­най за­будовы (зацверджаны ў 1826 годзе, скарэктаваны ў 1840 годзе). Рэгуляр­ная пла­ніроўка ў не­като­рых раёнах раз­біва­лася згібамі рэк Зыб­кая і Кар­на.

Гісторыя

У 1686 і 1688 гадах ва ўрочышчы Зыбкае пасяліліся браты Карпавы, з 1695 года тут сталі сяліцца сем’і старавераў. У 1701 годзе быў атрыманы аблогавы ліст на заснаванне на землях Старадубскага палка слабодкі Зыбкая. У 1704—1716 гадах яна знаходзілася ва ўладанні палкоўніка Міклашэўскага і яго ўдавы, а ў 1716 годзе слабада перададзена ва ўпраўленне Раскольніцкай канторы. У 1720-х гадах каля слабады ўзніклі стараабрадніцкія манастыры. У 1739—1758 гадах тут служыў святар Патрыкій, прызнаны кіраўніком старадубска-веткаўскіх старавераў. Буйны цэнтр мылаварэння, вытворчасці канаплянага масла. З 1782 года пасад Зыбкоў Ноўгарад-Северскага намесніцтва (да 1796), Маларасійскай губерні (1796—1802), Чарнігаўскай губерні (1802—1809). З 1809 года павятовы горад Чарнігаўскай губерні (да 1919 года). У XIX стагоддзі ў горадзе развіваліся парусінавая, гарбарная, свячная і салатапенная вытворчасць. Навазыбкаў быў цэнтрам гандлю (хлеб, пянька, буйную рагатая жывёла, сала, масла, свечкі), тут праходзілі 4 штогадовыя кірмашы. У 2-й палове ХІХ стагоддзя атрымалі развіццё спіртавая і запалкавая вытворчасць (Навазыбкаўскі павет з пачатку 1900-х гадоў стаў найбуйнейшым вытворцам запалак у Расійскай імперыі). У 1887 годзе адкрыты пастаянны рух па чыгуначнай лініі Гомель — Бранск.

У сакавіку 1917 года ў горадзе створаны Навазыбкаўскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які ўзялі пад кантроль эсэры і меншавікі[1]. У маі 1917 года прайшла 14-дзённая забастоўка рабочых. 8 ліпеня прайшоў 1-ы павятовы з’езд Саветаў сялянскіх дэпутатаў, а 15 жніўня — 2-і з’езд Саветаў сялянскіх дэпутатаў. У верасні ў горадзе былі ўведзены абмежаванні на продаж хлеба. 30 кастрычніка пры дапамозе бальшавіцкіх абвестак гаражане даведаліся пра Кастрычніцкі пераварот і звяржэнне Часовага ўрада. У канцы лістапада на запалкавай фабрыцы «Хваля Рэвалюцыі» прайшоў агульнагарадскі сход насельніцтва, на якім быў абраны Савет сялянскіх, рабочых і салдацкіх дэпутатаў на чале з бальшавіком Захарыем Георгіевічам Сторажавым[2].

Горад быў акупаваны германскімі войскамі з сакавіка/красавіка 1918 года, 23 снежня 1918 за­няты Чырвонай Арміяй. 1 студзеня 1919 года пастановай І з’езда КП(б) Беларусі разам з часткай Чарнігаўскай губерні Навазыбкаўскі павет уключаўся ў Беларускую ССР[3], але I Усебеларускі з’езд Саветаў, які прайшоў 2-3 лютага, не ўхваліў гэта рашэнне. Навазыбкаў у 1919 годзе ўвайшоў у склад Гомельскай губерні РСФСР.

Павятовы го­рад Го­мель­скай губерні (1919—1926), Бран­скай губерні (1926—1929), раённы цэнтр За­ходняй вобласці (1929—1937), Арлоўскай вобласці (1937—1944).

Акупаваны германскімі вой­ска­мі 16 жніўня 1941, савецкія войскі вызвалілі Навазыбкаў 25 верасня 1943 года.

З 1944 года раённы цэнтр Бранскай вобласці.

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. Очерки истории Брянской организации КПСС / [Отв. ред. В. А. Смирнов]. — Тула: Приок. книжное издательство, 1968. — 435 с.: ил. — С. 55.
  2. Приходько, С. А. Деятельность Новозыбковской организации РСДРП(б) в 1917 году (по воспоминаниям П. Ф. Вашукевича) / С. А. Приходько // Гістарычны лёс беларускай савецкай дзяржаўнасці: (да 100-годдзя абвяшчэння Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі): зборнік артыкулаў / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут гісторыі; [рэдкалегія: А. А. Каваленя (старшыня) і інш.]. — Мінск: Беларуская навука, 2021. — 373, [1] с.: табл. — С. 25—26. — ISBN 978-985-08-2784-5.
  3. 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Саверчанка, З. Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Гарады Бранскай вобласці
Катэгорыя·Населеныя пункты Навазыбкаўскай гарадской акругі
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Навазыбкаў