wd wp Пошук:

Міхал Апанасавіч Вітушка

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Вітушка. Міха́л Віту́шка (Псеўданімы: Чорны Кот; 5 лістапада 1907, Нясвіж — 27 красавіка 2006, Германія) — беларускі палітычны дзеяч, кіраўнік арганізацыі беларускага антысавецкага супраціву «Чорны кот».

Біяграфія

Атрымліваў адукацыю ў Клецкай і Віленскай беларускіх гімназіях, апошнюю скончыў у 1930 г. Вучыўся ў Пражскім універсітэце і Варшаўскім політэхнічным інстытуце, уваходзіў у кіраўніцтва Аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый і Асветнага таварыства беларусаў у Варшаве.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР выконваў абавязкі начальніка міліцыі ў Нясвіжы. Быў арыштаваны органамі НКУС і праз нядоўгі час выпушчаны на волю. У 1941 г. арганізаваў Палескую беларускую самаабарону, якая супрацоўнічала з украінскай Сеччу і байцы якой вялі партызанскія дзеянні супраць адступаючых савецкіх войск.

У ліпені 1941 г. прыязджае з Нясвіжа ў Мінск, дзе бургамістр горада Вітаўт Тумаш прызначае яго намеснікам Дзмітрыя Касмовіча, каменданта гарадской паліцыі і начальніка аправізацыйнага аддзела гарадской управы.[1] Адзін з стваральнікаў беларускай паліцыі ў Мінску. У жніўні 1941 г. Міхал Вітушка камандзір аднаго з аддзелаў Беларускай самааховы на Заходнім Палессі, дзе Беларуская самаахова праводзіла сумесную з Палескай сеччу УПА антысавецкую аперацыю. Увосень 1941 г. пасля ўсталявання цывільнай нямецкай улады з’язджае ва ўсходнюю ваенную зону Беларусі. У канцы кастрычніка 1941 г. разам з Радаславам Астроўскім і Дзмітрыем Касмовічам арганізуе мясцовую адміністрацыю ў Бранску, сярод іншага займаецца зборам цёплых рэчаў у насельніцтва для Вермахта.[2] Вясной 1942 г. займаецца арганізацыяй нямецкай службы парадку ў Бранскай акрузе. 20 красавіка 1942 г. накіраваны ў Смаленск, дзе таксама разам з Р. Астроўскім і Дз. Касмовічам арганізуе мясцовую адміністрацыю і службу парадку. Міхал Вітушка ўваходзіў у Цэнтральны камітэт Беларускай незалежніцкай партыі, ад якога атрымаў чын генерала. Загадам галоўнага ўпраўлення Імперскай Бяспекі ў Берліне аб прызначэнні (зацвярджэньні) «туземных камандзіраў» аперацыі «Любімая Котка» на тэрыторыі генеральнага камісарыяту Беларусь ад 27 лістапада 1943 г. прызначаны кіраўніком арганізацыі «Чорны кот»[3]. У чэрвені 1944 г. удзельнічаў у II Усебеларускім кангрэсе. Адзін з арганізатараў планаванага антынямецкага выступу ў Мінску, мэтай якога было абвяшчэнне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. З лета 1944 г. — афіцэр дэсантнага батальёна «Дальвіц», маёр Беларускай краёвай абароны.

Паводле адных звестак, 17 лістапада 1944 г. дэсантаваны на Віленшчыну на чале атраду парашутыстаў і 7 студзеня 1945 г. быў забіты ў баі.[4] Паводле іншых звестак, пад яго імем дэсантаваны іншы чалавек, а Вітушка з’явіўся ў Беларусі пазней, быў дэсантаваны ў ноч з 30 лістапада на 1 снежня[5]. Паводле гэтых звестак, дзейнасць у Беларусі Вітушка пачаў у 1946 г., рэарганізаваўшы антысавецкі партызанскі рух Цэнтральнай і Заходняй Беларусі ў Беларускую вызваленчую армію. Кіраваў Беларускай незалежніцкай партыяй, рэдагаваў часопіс «За волю». Спыніў партызанскую дзейнасць, узначальваў падполле. У пачатку 1950-х вывеў ацалелыя партызанскія атрады праз Польшчу і Латвію на Захад; сам ён заставаўся ў Польшчы, адкуль кіраваў антысавецкім падполлем, а ў 1960-х перабраўся на Захад.[6]. Яго справа ў КДБ дасюль не закрытая[Крыніца?]. Паводле звестак, атрыманых ад яго сына, Міхал Вітушка памёр 27 красавіка 2006 г.[6].

Зноскі

  1. Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сяньня. – Менск: Навука і тэхніка, 1993. – 416 с. ISBN 5-343-01458-5. С.261
  2. Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сяньня. – Менск: Навука і тэхніка, 1993. – 416 с. ISBN 5-343-01458-5. С.304
  3. Сяргей Ёрш. Беларускі Рэзыстанс N2(7)/2009
  4. Сямашка Я. Армія Краёва на Беларусі. Mн., 1994. С. 416.
  5. Ёрш С., Горбік С. Беларускі супраціў. Львоў, 2006. С. 148—155.
  6. 1 2 Ёрш С. Міхал Вітушка памёр двойчы // Наша Ніва, 29.06.2006(недаступная спасылка)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (23):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Артыкулы са сцвярджэннямі без крыніц
Катэгорыя·Члены Паветрана-дэсантнага спецыяльнага батальёна «Дальвіц»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Памерлі 27 красавіка
Катэгорыя·Памерлі ў 2006 годзе
Катэгорыя·Члены Беларускай краёвай абароны
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Палітыкі Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Нясвіжы
Катэгорыя·Члены Беларускай незалежніцкай партыі
Катэгорыя·Выпускнікі Варшаўскай палітэхнікі
Катэгорыя·Навучэнцы Віленскай беларускай гімназіі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1907 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі
Катэгорыя·Выпускнікі Карлава ўніверсітэта
Катэгорыя·Удзельнікі Другога Усебеларускага кангрэса
Катэгорыя·Памерлі ў Германіі
Катэгорыя·Члены арганізацыі «Чорны Кот»
Катэгорыя·Беларусы ў Германіі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся 5 лістапада