wd wp Пошук:

Мікалай Марцінчык

Мікалай Марцінчык (3 (16) снежня 1901, в. Кубельнікі Гродзенскага павета — 23 мая 1980, Гродна) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч у Заходняй Беларусі, урач, публіцыст, мемуарыст.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У Масалянскай царкоўна-прыхадской школе атрымаў пачатковую адукацыю. Разам з бацькамі, Міхасём Рыгоравічам і Фёклай Васільеўнай, быў у бежанстве ў Расіі ў часы Першай сусветнай вайны. Там скончыў пяць класаў гімназіі ў Чыстопалі Казанскай губерні. Пасля вяртання вучыўся ў Гродзенскай руска-польскай гімназіі і беларускай гімназіі. Адрозніваўся адукаванасцю, літаратурнымі здольнасцямі і беларускай самаідэнтыфікацыяй.

Паступіў на медыцынскі факультэт у Вільню. Падчас вучобы ва ўніверсітэце стаў кіраўніком Беларускага студэнцкага саюза, рэдагаваў «Студэнцкую думку», супрацоўнічаў з газетамі «Голас беларуса» і «Сялянская праўда», займаўся дабрачыннай дзейнасцю ў Беларускім таварыстве дапамогі пацярпелым ад вайны.

З 1921 па 1938 год сябра Прэзідыума Віленскага нацыянальнага камітэта. Стаяў ля вытокаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады. У 1925 годзе ўдзельнічаў у Гданьску ва ўстаноўчым з’ездзе БСРГ. Працаваў у розных рэдакцыях газет Грамады.

Галоўная ўправа ТБШ (злева направа) у першым радзе: Міхаіл Пяткевіч, Фелікс Стацкевіч, Сяргей Паўловіч, Мітрафан Кепель; у другі радзе: Рыгор Шырма, Піліп Кізевіч, Мікалай Марцінчык.

З 1925 года сакратар, а з 1934 года намеснік старшыні Галоўнай управы Таварыства беларускай школы. Прычыніўся да стварэння 12 акруговых упраў ТБШ, спрыяў стварэнню гурткоў ТБШ, беларускіх клубаў і бібліятэк у вёсках. Выязджаў на месцы, каб адстойваць патрабаванні беларусаў да польскіх уладаў аб адкрыцці беларускіх школ. У беларускім друку таксама бараніў правы беларусаў на свае школы на беларускай мове.

Пасля заканчэння ў 1927 годзе Віленскага ўніверсітэта быў пакінуты ардынатарам у педыятрычнай клініцы, меў прыватную практыку, адначасова быў інспектарам ад ТБШ у Віленскай беларускай гімназіі, дзе выкладаў анатомію і гігіену, хімію і біялогію. Абараняў гімназію ад прэтэнзій польскай адміністрацыі і паліцыі.

З’яўляўся асабістым урачом Міхася Забэйды-Суміцкага.

Падчас выбараў у Сейм 1927−1928 гадоў у кватэры Марцінчыка знаходзіўся выбарчы штаб. З Ігнатам Дварчанінам рэдагаваў газеты «Наша праца», «Думка працы». У Сейм было абрана 5 беларускіх паслоў. Двойчы сам быў кандыдатам у паслы Сейма (1927, 1930), паліцыя двойчы яго арыштоўвала і ён сядзеў некалькі месяцаў у Лукішскай турме, што перашкодзіла яму ў 1930 годзе завяршыць выбарчую кампанію ў Сейм.

У лістападзе 1931 года правёў чарговы з’езд у апошняй акруговай арганізацыі ТБШ.

У 1932 (па іншых звестках — 1931) годзе польскія ўлады выслалі Марцінчыка з Вільні як «недобранадзейнага» без права вяртання. У Ялоўцы Ваўкавыскага павета (па іншых звестках — Нараўцы Гайнаўскага павета) дасведчаны ўрач і грамадскі дзеяч таксама стаў аўтарытэтнай асобай ды працягваў супрацоўнічаць з ТБШ.

У адной з рэзалюцый 1934 года камуністы называлі Р. Шырму, М. Марцінчыка, Ф. Стацкевіча і іншых кіраўнікоў ТБШ «агентамі польскай паліцыі», быццам яны хочуць звесці ТБШ са «шляху нацыянальна-вызваленчай барацьбы» і падпарадкаваць таварыства «беларускаму нацыянал-фашызму».

У красавіку 1934 года Марцінчык узначаліў сельскі шпіталь у Нараўцы, што каля Гайнаўкі. Нават пад наглядам паліцыі ён наведваў па справах ТБШ Вільню і Варшаву. У 1934 годзе зноў быў абраны сябрам Галоўнай управы. Асветніцтвам у ТБШ займаўся да 2 снежня 1936 года — да закрыцця ТБШ уладамі.

Другую сусветную вайну і прыход савецкіх войскаў у 1939 годзе сустрэў у Нараўцы, дзе працягваў працаваць лекарам.

У 1941 годзе апекаваўся савецкімі параненымі. Перакваліфікаваўся ў вайсковага хірурга. Быў арыштаваны немцамі быццам бы за дапамогу былым параненым жаўнерам, якія пакінулі шпіталь і сышлі да партызанаў. Доказаў не знайшлося, таму яго выпусцілі з-пад варты, дазволілі пераехаць у Белавежу і адкрыць там амбулаторыю.

Меў добрыя адносіны з камандзірам савецкага партызанскага атрада імя Кастуся Каліноўскага Аляксеем Карпюком, які паходзіў з Беласточчыны. У 1944 годзе, пасля блакады і баёў, партызанскаму атраду імя Каліноўскага былі патрэбны лекі і бінты, чым урач і дапамагаў, рызыкуючы жыццём.

З 1944 года з жонкай пераехаў у Гродна. Працаваў у дзіцячым шпіталі і адначасна выкладчыкам фармакалогіі ў фармацэўтычнай школе ў гарадскім аддзеле аховы здароўя. З 1944 года галоўны ўрач інфекцыйнага шпіталя, па сумяшчальніцтву быў педыятрам у абласной клініцы і ўрачом у санітарнай авіяцыі.

Арыштаваны органамі МДБ у 1948 годзе. Пастановай Асобнай нарады пры НКУС[удакладніць] 12 сакавіка 1949 года асуджаны на 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Сасланы ў Варкуту. Там працаваў доктарам у лагерным шпіталі. Быў датэрмінова вызвалены 31 кастрычніка 1955 года.

Змог уладкавацца ўрачом-педыятрам у Гродзенскі Дом дзіцяці. Толькі 26 снежня 1956 года атрымаў рашэнне ваеннага трыбунала на сваю карысць. Прозвішча даносчыка не стала вядома. Пасля рэабілітацыі яго прызначылі загадчыкам аддзялення абласнога клінічнага шпіталя, адкуль ён у 1965 годзе сышоў на пенсію.

Пахаваны ў Алекшыцах.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (20):
Катэгорыя·Члены Беларускага студэнцкага саюза
Катэгорыя·Памерлі ў 1980 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў Гродне
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1901 годзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Члены Таварыства беларускай школы
Катэгорыя·Артыкулы, у якіх трэба ўдакладніць крыніцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Бераставіцкім раёне
Катэгорыя·Грамадскія дзеячы Польшчы
Катэгорыя·Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Пахаваныя ў Ваўкавыскім раёне
Катэгорыя·Выкладчыкі Віленскай беларускай гімназіі
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя савецкай уладай
Катэгорыя·Медыкі Беларусі
Катэгорыя·Члены БСРГ
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя ў Польскай Рэспубліцы (1918—1939)
Катэгорыя·Памерлі 23 мая
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Гродзенскім павеце (Расійская імперыя)
Катэгорыя·Нарадзіліся 16 снежня